Асуджаны па артыкуле 17.1 КаАП, які даўно ўжо выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Прычым у яго выпадку пракуратура нечакана прызнала, што сапраўднай прычынай была зусім не лаянка.
«Новы Час» папрасіў вядомых блогераў пракаментаваць гэты прэцэдэнт.
Бо Руслан Мірзоеў пацярпеў менавіта ў якасці блогера, атрымаўшы за сваё асабістае меркаванне і бачанне рэчаіснасці тыднёвую «пуцёўку» на Акрэсціна.
Севярын Квяткоўскі, літаратар і журналіст, мэнэджэр культурных праектаў:
«Камерцыйная ініцыятыва з віруснымі ролікамі спатыкнулася аб уласную фармулёўку Руслана, які сказаў у адным з інтэрв'ю, што «трэба зняць гэтыя ружовыя акуляры, якія нам
дэманструюць на дзяржаўных каналах, і паказаць сапраўднае жыццё ў спальных раёнах». Каб не апазіцыя да афіцыйнай пазіцыі, афіцыйныя б не замітусіліся, на мой погляд».
Андрэй Стрыжак, лідар моладзевай сеткі прафсаюза РЭП:
«У апошні час улада ўсё больш спрабуе кантраляваць тое, што адбываецца ў інтэрнэце. Асабліва ў тых выпадках, калі гаворка непасрэдна заходзіць аб захаванні "гонару
мундзіра" ці дзяржаўнага вобразу ўлады. Штраф за абразу работніка міліцыі, які атрымаў Андрэй Карэлін і адміністрацыйны арышт Мірзоева, гэта сігнал для ўсіх інтэрнэт-каментатараў —
сачыце за сваімі словамі і дзеяннямі не толькі ў рэальным жыцці, але і ў віртуальным.
Нічога дрэннага ў гэтым няма, але вось толькі шкада, што самі "кантралёры" і іх падапечныя не заўсёды выконваюць свае "запаведзі". Можна ўспомніць хаця б выпадак
судовага разбору брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая (пакуль безвынікова) спрабуе прыцягнуць да адказнасці каментатара, які яе абразіў — супрацоўніка
дзяржгазеты».
Віктар Марціновіч, намеснік галоўнага рэдактара «Белгазеты», пісьменнік:
«Ну, мне здаецца, што асуджэнне Руслана — глабальнае глупства. Я не буду зараз чапаць юрыдычны аспект, усі гэтыя гранічна дзіўныя фармулёўкі пра "а насамрэч не за
гэта", а таксама таго, ці можна ў прынцыпе чалавека караць за мат у інтэрнэце, дзе мацюкаюцца ўсё. Па факце мы маем адміністрацыйны арышт на 7 сутак для чалавека, які імкліва становіцца
інтэрнэт-зоркай.
Ці зменшыць гэта яму папулярнасць? Відавочна, не! Ці стане ён яшчэ больш вядомым? Відавочна, так! Ужо стаў! Адпаведна, цікава назіраць, як з звычайнага хлопца рукамі суддзяў і міліцыі кляпаюць
Навальнага. Прычым хацеў бы адзначыць, што рэпартажы Руслана з Автаза зрабілі больш, чым уся апазіцыйная актыўнасць апошняга года — а менавіта раскрылі вочы мас (менавіта мас) на тое, што
адбываецца за сценамі стабільнасці».
Яўген Ліпковіч, грамадскі актывіст і «медыяскандаліст»:
«Прэцэдэнтная справа, дарэчы. Судзілі аўтара мастацкага твора за яго змест. У нас ужо абвясцілі экстрэмісцкімі дакументальныя фатаграфіі, цяпер вось гэта. Пастановачныя ролікі, якія
змяшчаюць абсцэнную лексіку. А калі б дзяржаўная мова была толькі адна, беларуская, гэтай справы наогул бы не было».
Віктар Малішэўскі, журналіст:
«Звычайная справа — дзяржава самаабараняецца, цяпер і ў інтэрнэце. Самаабараняецца яна як умее, а наша дзяржава ўмее вось так — з дапамогай Артыкула 17.1 Кодэкса аб
адміністрацыйных правапарушэннях — нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Даўно ўжо пісаў, што праваабаронцам і Еўропе трэба змагацца не за абстрактную дэмакратыю ў нашай краіне, а канкрэтна
супраць гэтага вось Артыкула 17.1.
Калі б у Кодэксе не было такога Артыкула, на судзе пракурору давялося б даказваць незразумела што. Магчыма, даказваць факт дыскрэдытацыі Курасоўшчыны, што гучыць неяк... дзёрзка. Я не думаю, што
гэта новы трэнд або новы кейс. Проста ад абывацеля дзяржава абараняецца з дапамогай дробнага хуліганства (артыкул 17.1). Ад палітыка — з дапамогай Крымінальнага кодэску. Кожнаму апаненту
свой узровень».
Пётр Кузняцоў, палітык:
«Можна ўспомніць падобную сітуацыю. У 2011 годзе, у разгар «маўклівых акцый», у Гомелі здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Малады чалавек, Руслан Усціменка, нічым
асабліва не вылучаўся і ніколі раней (і пазней таксама) у палітычнай актыўнасці не замяшаны, атрымаў два разы запар па 15 сутак, правёўшы ў выніку за кратамі цэлы месяц. І да яго, і пасля яго, гэтак
«ганараваўся» толькі Павел Севярынец. Але фігуры па маштабе яўна непараўнальныя.
У беларускіх спецслужбаў ёсць у арсенале такі прыём: дэманстратыўна ўжываць да каго-небудзь меры ўздзеяння, неадэкватныя здейсненым учынкам. «Каб іншым непанадна было». Калі б
улада прапусціла выпадак з Мірзоевым, гэта азначала б, што любы працоўны можа на тэлефон здымаць выварат беларускай «прамысловасці».
Між тым, на любым беларускім заводзе, можа, за выключэннем Белкалія, сітуацыя катастрафічная і з вытворчым фондам, і з якасцю чалавечага рэсурсу, і з узаемаадносінамі ў працоўным калектыве. Я
быў ўнутры некаторых гомельскіх заводаў, там сітуацыя — як пасля ядзернай вайны. Калі такія карцінкі стануць масава з'яўляцца ў інтэрнэце, то наступяць кранты не толькі міфу пра
беларускі эканамічны цуд, наступяць кранты у тым ліку і міфу аб тым, што ў гэтай краіне яшчэ ёсць што прыватызаваць. А гэта ўжо куды горш, таму што будзе дэманстраваць поўнае банкруцтва.
Думаю, па тэлебачанні Мірзоева паказалі дзеля таго, каб гісторыя атрымала як мага большы рэзананс. З аднаго боку, так, у кароткатэрміновай перспектыве гэта можа пашкодзіць іміджу уладаў (хаця
куды больш?). з другога боку яны, упэўнены, менавіта гэтага і дамагаюцца: каб усе паглядзелі, падумалі: «А ці хачу я на суткі?» і пахавалі свае мабільныя тэлефоны...»
Анатоль Матвеенка, Аргамітэт Свабоднага Міжпрафесійнага Аб'яднання Працоўных:
«Выдатны хлопец, творчы і неабыякавы, за такімі будучыня. Шкада толькі, што ён, я думаю, з'едзе з Беларусі. Руслана асудзілі за яго грамадзянскую пазіцыю, а гэта
абсурд».
Павел Вінаградаў, лідар моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — «Змена»:
«Я думаю, што фармальна там было за што судзіць. Матам на вуліцы лаяўся? Лаяўся. Вось толькі ці
варта было — не зразумела. Я ўжо бачу як гэта было: які-небудзь высокі
чыноўнік-ідэолаг ўбачыў "Хронікі раёна" і неверагодна абурыўся. Выказаў сваё абурэнне начальству ГУУС. На якой-небудзь планёрцы гэта абмяркоўвалі і прызначылі адказнага.
Адказны спусціў ўказанні да начальніка РУУС. Той у сваю чаргу перадаў гэта адказнаму за грамадскі парадак. Далей падначаленыя гэтага чалавека паехалі шукаць Мірзоева. Потым канваіравалі яго ў суд.
У судзе з ім працавалі суддзя з сакратаром, ды яшчэ і здымачная група дзяржаўнага тэлеканала. Потым яго канваіравалі ў ІЧУ і там яго тыдзень будуць ахоўваць людзі. Усе гэтыя дзеянні ЗА нашы грошы.
Я — супраць. Да таго ж "Хронікі раёна" мне спадабаліся».
Дзмітры Ісаёнак, палітолаг, адзін з стваральнікаў часопіса сацыяльнай крытыкі «Прасвет»:
«Мне здаецца, што гэтая праблема не столькі палітычная, колькі культуралагічная, калі не сказаць
фармацыйная. Такі мілы, дрымучы патрыярхат — «кожны цвыркун хай ведае свой прыпек» і «не спяшяйся паперад бацькі ў пекла». Вось ёсць
у нас «дзеячы культуры» — яны здымаюць ролікі, а рабочыя ў нас
працуюць і ціха ядуць, а тыя, хто хоча выскачыць за межы схемы — хуліганы, іх
караюць.
Хлопец не рабіў палітычных выказванняў і ні выкрываў нічога, аб чым бы ўсе не ведалі. Ён, як гэта цяпер модна казаць, «рабіў з цытрыны ліманад» — канвертаваў смяротную нуду на працоўным месцы ў сеткавую папулярнасць. І ў яго, у нейкай ступені,
атрымалася. Ну і ўключыліся ўсе гэтыя правінцыйныя фобіі -—а што ж гэта будзе, калі кожны? ...
Наогул жа нічога не было б. У савецкі час пры буйных прадпрыемствах, напрыклад, існавалі адмысловыя клубы, якія папулярызавалі аматарскія кіназдымкі сярод працоўных, вучылі, падавалі матэрыялы і
г.д. Даволі масавае было захапленне ў 60-70-я. І неба на зямлю не падала. Цяпер гэта хуліганства?.. Здзічэлі-с».
Дар'я Каткоўская, юрыст:
У рамках сваей прафесійнай юрыдычнай дзейнасці як эксперт цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend” я ўважліва манітору ўсе працэсы, звязаныя са свабодай і адказнасцю ў
беларускім сеціве, і магу сказаць, што ў 2013 г. сітуацыя стала мяняцца — праваахоўныя
органы сталі часьцей высочваць і прыцягваць да адказнасьці менавіта за он-лайнавую дзейнасьць.
Так, напрыклад, калі па артыкуле 22.16 за парушэнне Указа №60 па афіцыйных дадзеных у 2012 годзе было складзена ўсяго некалькі пратаколаў і ў дачыненьні да правайдэраў, то ўжо ў 2013 годзе можна
было назіраць тэндэнцыю па прыцягненьні да адказнасьці, напрыклад, па арт. 22.34 за ўдзел у масавым мерапрыемстве на падставе здымкаў у сацыяльных сетках, так былі прыцягнуты да адказнасьці актывісты
Малашонак, Парчынскі, Хільмановіч і Юргель.
Таксама з прававога боку цікавы нядаўні кейс па абразе прадстаўнікоў улады ў каментарах на сайце tut.by з прысуджаным штрафам па двух адміністрацыйных справах у памеры аж 10 мільёнаў
рублеў. Пры гэтым, калі юрыст гэтага ж парталу звяртаўся пару месяцаў таму з заяўленнем аб прыцягненні каментатара да адказнасці за распальванне нацыянальнай нянавісці па факце змяшчэння
шматлікіх абразлівых і антысеміцкіх выказванняў на сайце, ува ўзбуджэнні адміністрацыйнай справы было адмоўлена. Прымячальна, што каментатарам быў супрацоўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце
РБ.
Калі раней на актывістаў аказваліся “неправавыя” метады ўціску — як выкраданьне пароляў, блакіроўка груп, то ў дадзеным выпадку паказальным з’яўляецца і той
факт, што хлопца не прыпугнулі такім чынам, а менавіта прыцягнулі да адказнасці, прычым па яскрава палітычным артыкуле КаАП — дробнае хуліганства.
І выбар “ахвяры” мне падаецца таксама невыпадковым, бо збольшага актывісты, апазіцыйныя ці сеціўныя, часта лічацца маргіналамі, а вось суб’ект, які з’яўляецца
з непалітычнага полю, і мэтай якога з’яўляецца паказаць менавіта правалы дзяржаўнай палітыкі на самым базавым сацыяльным, побытавым узроўні, прычым той мовай і тымі сучаснымі папулярнымі
сярод моладзі метадамі як вясёлы вірусны ролік — вось менавіта тут дзяржаўная машына
абсалютна заканамерна пачынае адчуваць небяспеку. І такія захады — фактычны сігнал
блогерам, што нават улязанне ў сацыяльную, побытавую тэму можа быць небяспечным і ёсць механізмамі кантроля і запалохваньня надта актыўных.
Заўважальна, што таксама ў прапагандысцкіх мэтах быў негатыўна выкарыстаны вобраз хлопца Руслана Мірзоева: у рэпартажы АНТ яскрава і ў непрыемнай манеры падкрэсліваўся антысацыяльны
характар яго дзейнасці — ранейшая судзімасць, сувязь з мясцовымі
“нізамі”, уцягнутасць і дасведчанасць у праблемах наркаманіі, алкагалізма.
Дарэчы, мяркую, што заяўленне Мірзоева ў судзе аб тым, што здымкі былі пастановачнымі і ўдзельнікі несапраўднымі — метад прававой абароны, які ў дадзеным выпадку не дапамог пазбегнуць адказнасці. Такім жа чынам
удзельнікі масавых мерапрыемстваў часта ў судзе заяўляюць аб тым, што ў акцыях не ўдзельнічалі, а проста “ішлі побач і трапіліся выпадкова”. Насамрэч, такія рэчы ў беларускіх судах
не працуюць, і потым ствараюць цяжкасці для абскарджвання судовых рашэнняў, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Я думаю, што калі чалавек асэнсавана рэалізуе сваё права, гарантаванае артыкулам 34
Канстытуцыі, на збор і распаўсюд інфармацыі, то варта трымацца свайго права да канца.
Шчыра спадзяюся, што гэтыя меры не паўплываюць на далейшыя планы Руслана, бо стварэнне кароткіх і змястоўных урбаністычных ролікаў на злобадзённую тэматыку, накіраваных на аўдыторыю фактычна
шырэйшую, чым звычайныя “палітычныя” кластэры ў сацыяльных сетках, гэта безумоўна новы цікавы трэнд і пакуль што незанятая ніша беларускага сеціва. Магчыма, варта
“запіківаць” ненарматыўную лексіку, калі яна з’яўляецца ў відэа, каб пазбегнуць фармальных падстаў для прыцягнення да адказнасці.
Што тычыцца салідарнасьці з хлопцам, я думаю, што харошая ідэя гэта сустрэць яго з сутак, а таксама даць зразумець, што тое, што ён ствараў было цікава і запатрабавана ў сеціве, бо
любога чалавека матывуе, калі ягоная дзейнасьць лічыцца не марнатраўнай, важнай, чаканай».
Вольф
Паранаідальны сфагнум
Дзмітры Галко
viktor
Дзмітры Галко
Andrei