Рыгор Кастусёў. Лінія фронту: Чаму ў нас «что-то не так»?

Апошнія месяцы мінулага, 2013 года і пачатак 2014-га былі насычаны шматлікімі нарадамі, працоўнымі паездкамі, разнастайнымі паседжаннямі беларускага чынавенства па “разрульванню”
праблемаў у розных галінах эканомікі краіны. 



Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах–2010.


За гэты час кіраўнік дзяржавы разам са сваімі бліжэйшымі саратнікамі паспрабаваў разабрацца з праблемамі на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі, у будаўнічым комплексе, а таксама ў ЖКГ і сельскай гаспадарцы. 
 

Вынікі некаторых “разрульванняў” вызывалі вялікі рэзананс у разнастайных сродках масавай інфармацыі і зацікаўленасць у грамадстве.
 

Найбольш рэзананснай па выніках прымаемых мераў з боку кіраўніка краіны аказалася працоўная паездка А.Лукашэнкі на ААТ “Барысаўдрэў” у лістападзе 2013 года. За неналежнае выкананне даручэнняў па мадэрнізацыі вытворчасці дадзенага прадпрыемства былі вызвалены ад пасады старшыня Мінскага аблвыканкама Б.Батура, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі А.Тур, старшыня канцэрна “Беллеспаперпрам” А.Пераслаўцаў, генеральны дырэктар ААТ “Будаўнічы трэст № 21” і дырэктар КУП Інстытут “Барысаўпраект”. Шэраг чыноўнікаў атрымалі разнастайныя дысцыплінарныя пакаранні. Як, напрыклад, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта А.Кабякоў і старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю А.Якабсон — па строгай вымове. 
 

Тут жа прэм`ер-міністру Беларусі Міхаілу Мясніковічу было даручана падрыхтаваць да 10 снежня даклад аб ходзе выканання ўсіх рашэнняў кіраўніка дзяржавы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці, а Адміністрацыі прэзідэнта — па выніках гэтага даклада ўнесці прапановы аб адпаведнасці пасадзе першага віцэ-прэм`ера Уладзіміра Сямашкі. Старшыня КДК Якабсон атрымаў даручэнне стварыць працоўнаю групу дзеля праверкі праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны і да 1 снежня 2013 г. прадаставіць справаздачу аб выніках работы групы. 
 

Персанальная адказнасць за далейшае якаснае і своечасовае выкананне мерапрыемстваў праграмы мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны ўскладзена на старшыняў аблвыканкамаў, кіраўніцтва “Беллеспаперпрам”, кіраўнікоў прадпрыемстваў, будаўнічых і праектных арганізацый. 
 

4 лютага 2014 года старшыня КДК Якабсон, згодна распараджэння кіраўніка краіны, атрымаў яшчэ адно даручэнне. Ён узначаліў чарговую працоўную групу па вывучэнню праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы і выпрацоўцы рашэнняў, накіраваных на паляпшэнне спраў у дадзенай галіне. Камісія па ЖКГ створана па прынцыпу ўжо дзеючай на той час Рэспубліканскай камісіі па вывучэнню сітуацыі ў будаўнічым комплексе пад началам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. 
 

У склад працоўнай групы па ЖКГ увайшлі кіраўнікі шэрагу рэспубліканскіх ворганаў дзяржкіравання, мясцовых выканкамаў, кіраўнікі асобных навуковых і праектных арганізацый. 
 

Працоўная група павінна выпрацаваць і рэалізаваць прапановы па павышэнню эфектыўнасці дзейнасці ЖКГ, упарадкаванню фармавання сабекошту жыллёва-камунальных паслуг і т.д. Свае напрацоўкі група па ЖКГ павінна прадаставіць да 31 мая 2014 года. 
 

У гэты ж дзень, 4 лютага, кіраўнік краіны стварыў і працоўную групу пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра М.Мясніковіча для вырашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе. У склад групы ўвайшлі 26 чалавек, у тым ліку старшыня прэзідыуму НАН, намеснік упраўляючага справамі прэзідэнта, старшыні Белстату, Дзяржмаёмасці, Мінскага аблвыканкама; міністр сельскай гаспадаркі разам са сваім намеснікам, намеснікі міністраў эканомікі, фінансаў, МУС, па падатках; генеральныя дырэктары аграрных навукова-практычных цэнтраў, прадстаўнікі банкаў, вядомыя кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў… 
 

Перад групай па АПК пастаўлена задача да 10 сакавіка 2014 года прадставіць комплексны даклад аб развіцці АПК і выпрацаваць прапановы па павышэнні прыбытковасці, эфектыўнасці працы і рэнтабельнасці арганізацый сельскай гаспадаркі. 
 

Чытаючы інфармацыю аб складзе створаных камісій, хочацца спадзявацца, што “слугі” беларускага народу адказна справяцца з пастаўленымі перад імі задачамі і зробяць усё неабходнае для выпраўлення выяўленых хібаў у розных галінах эканомікі. Прымуць меры па вяртанню разрабаваных фінансавых сродкаў, выдзеленых на мадэрнізацыю прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, будаўніцтва жылля, іншых аб’ектаў, і скарыстаюць іх эфектыўна на неабходныя мэты. Распрацуюць прапановы па павышэнню эфектыўнасці працы сельгаспрадпрыемстваў і прадпрыемстваў ЖКГ, што прывядзе да зніжэння коштаў паслуг ЖКГ і прадуктаў харчавання. 
 

Ідзе час. А як жа працуюць створаныя камісіі? Ці выконваюць яны распараджэнні кіраўніка краіны? 

Найбольш эфектна, загадкава і нечакана завяршылася “разрульванне” праблемаў у пытаннях мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Крыху больш чым праз месяц пасля наведвання Барысава кіраўніком краіны, на ААТ “Барысаўдрэў” у ноч з 17 на 18 снежня 2013 года адбыўся пажар. А пажар прыпыніў і ўсялякія размовы на гэтую тэму. 
 

Нягледзечы на заканчэнне адведзенага тэрміну для прадстаўлення комплекснага дакладу аб развіцці галіны і выпрацоўцы прапаноў, пакуль не відаць пазітыўных зрухаў і ад групы па АПК. Наадварот, за гэты час адбылося значнае падвышэнне коштаў на малако і малочныя прадукты. 
 

Па інфармаціі ў СМІ, актыўна працуе толькі група па ЖКГ пад кіраўніцтвам Якабсона. З боку Міністэрства ЖКГ на разгляд камісіі ўжо ўнесены шэраг прапановаў па значнаму змяншэнню сабекошту вады для насельніцтва краіны, прапановы па змене схемы фінансавання прадпрыемстваў ЖКГ з мэтай дасягнення раўнамернасці і рытмічнасці пакрыцця іх расходаў, узняты іншыя праблемныя пытанні. У тым ліку і пытанні, закладзеныя ў адносінах прадпрыемстваў ЖКГ з мясцовымі выканаўчымі органамі, для вырашэння іх на дзяржаўным узроўні. 
 

У той жа час камісіяй ускрыты некаторыя факты, па якіх КДК у рамках сферы сваіх абавязкаў павінен быў даўно прыняць неабходныя меры, а не чакаць вынікаў працы камісіі. Так, пры атрыманні прадпрыемствамі ЖКГ цеплавой энэргіі з ведамасных крыніц, дзе ўладальнікі не зацікаўлены ў паніжэнні сабекошту сваёй прадукцыі, і далейшай пастаўцы яе насельніцтву, розніца паміж тарыфамі нярэдка складае велічыню ў 10-15 разоў. Як, напрыклад, у Рэчыцы, дзе мецізны завод пастаўляў цяпло камунальнікам па 1 млн. 323 тыс. руб. за 1 Гкал, пры тым, што камунальнікі пастаўлялі яго насельніцтву па фіксаваным кошце ў 80 тыс. 570 руб. за 1 Гкал. 
 

На пакрыццё сабекошту камунальных паслугаў, такім чынам, з бюджэту краіны, сфармаванага за кошт падаткаў насельніцтва і прадпрыемстваў, расходуюцца аграмадныя сродкі, а дзяржаўныя чыноўнікі імкнуцца пераканаць насельніцтва ў тым, што грамадзяне аплочваюць толькі 23% ад затрат на іх вытворчасць. 
 

Атрымоўваецца замкнёнае кола. Усе, ад прэзідэнта да чыноўнікаў на месцах, ведаюць аб крызіснай сітуацыі ва ўсіх галінах беларускай эканомікі, аб правале праграм па мадэрнізацыі вытворчасці, усе пра гэта кажуць, але ніхто нічога не прадпрымае канкрэтнага, каб гэтую сітуацыю выправіць да лепшага. 
 

У дадзеным становішчы толькі само грамадства можа кардынальным вобразам змяніць сітуацыю. Гэта, як, да прыкладу, прапануе кандыдат ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад Партыі БНФ Уладзімір Падгол — праз стварэнне БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДСКАГА АНТЫКРЫЗІСНАГА КАМІТЭТУ (у складзе кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў ад дэмакртычных арганізацый). А надалей КАМІТЭТ разам з выбаршчыкамі на месцах фармуе ГРАМАДСКАГА ПРЭЗІДЭНТА. Дадзены ворган прапануецца сфармаваць у час кампаніі мясцовых выбараў 2014 года з тэрмінам дзеяння да наступных выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. 
 

Толькі аб’яднаўшыся грамадзяне краіны змогуць кантраляваць працу чыноўнікаў, прымусіць іх добрасумленна выконваць працоўныя абавязкі, не дапусціць раскрадання імі фінансавых сродкаў. 
 

Беларускаму грамадскаму антыкрызіснаму камітэту прапануецца звярнуцца да грамадзян Беларусі з наступнымі тэзамі: 
 

1. Беларускім чыноўнікам — беларускія аўтамабілі. 
 

Запатрабаваць ад беларускіх чыноўнікаў у службовых і асабістых мэтах скарыстоўваць аўтамабілі толькі беларускай зборкі “Саманда”, “Джылі”. Усе аўтамабілі заходнееўрапескай, амерыканскай, японскай, карэйскай вытворчасці перадаць у карыстанне ветэранам вайны. Ветэраны — пераможцы ў Вялікай Айчыннай Вайне павінны карыстацца аўтамабілямі не горшымі, чым ветэраны пераможанай Германіі, або Японіі. 
 

2. Беларускім чыноўнікам — беларускія кватэры з нарматывамі, прыдуманымі імі; ў 10 м кв. на члена сям’і (для Мінску), або 15 м кв. — для астатніх рэгіёнаў Беларусі. У той час як у Еўропе гэты нарматыў складае ад 40 да 60 м кв. 
 

3. Беларускім чыноўнікам — мэблю беларускай вытворчасці. 
 

Запатрабаваць ад беларускіх чыноўнікаў выкарыстанне як у службовых кабінетах, так і асабістых кватэрах толькі мэблю беларускай вытворчасці. 
 

4. Беларускім чыноўнікам — беларускія тавары. 
 

Запатрабаваць ад беларускіх чыноўнікаў карыстацца вопраткай і абуткам толькі беларускай вытворчасці. 
 

5. Беларускім чыноўнікам — беларускія грошы. 
 

Забараніць беларускім чыноўнікам у паўсядзённым жыцці карыстацца валютай іншых краін (долар, еўра, злоты, расійскі рубель, літ, валюты іншых краін). 
 

6. Беларускім чыноўнікам — беларускія бальніцы. 
 

Ліквідаваць статус спецыяльных медычных ўстановаў для высокапастаўленых асоб. Дадзеныя ўстановы перапрафіляваць для лячэння дзяцей, пацярпелых ад радыактыўных забруджванняў. 
 

Вось калі б мы ўсе разам гэтага дамагліся, то тады беларускія чыноўнікі нарэшце б зразумелі, што сапраўды ў нашай краіне “что-то не так”.
 

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: