Саюз палякаў будзе змагацца за адукацыю на польскай мове
Старшыня не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс атрымала адказ з Міністэрства адукацыі на ліст у абарону школ з польскай мовай навучання ў Гродна і Ваўкавыску.
Ліст, пад якім
падпісаліся блізу шасці тысяч чалавек з усяе Беларусі, быў накіраваны ў
адміністрацыю Лукашэнкі.
Паводле Анжалікі Борыс, галоўнае ў адказе з Міністэрства адукацыі — адсутнасць канкрэтыкі.
«Нам напісалі, што праца над зменамі ў заканадаўства аб адукацыі, паводле якіх ва ўсіх школах Беларусі выпускныя іспыты павінны будуць здаваць на адной з дзяржаўных моваў, дагэтуль не скончаная. Канчатковага рашэння няма. Але магу сказаць, што Саюз палякаў гатовы да найгоршага рашэння і будзе адстойваць адукацыю на польскай мове ў школах Горадні і Ваўкавыску».
Борыс сказала “Радыё Свабода”, што да яе часта звяртаюцца бацькі дзяцей, якія вучацца ў гэтых школах, іншыя сябры Саюзу палякаў:
«Адчуваецца, што людзі насамрэч хвалююцца за тое, што можа знікнуць адукацыя на польскай мове. І ў людзей няма даверу да ўладаў у гэтым пытанні».
Напісаць ліст Аляксандру Лукашэнку прымусілі змены, якія,
як чакаецца, будуць у ліпені ўнесеныя ў Закон аб адукацыі. Паводле гэтых зменаў,
усе вучні Беларусі будуць здаваць выпускныя іспыты абавязкова на адной з
дзяржаўных моваў. Фактычна, як кажуць сябры СПБ, па-руску.
І тады ў гэтых школах губляецца сэнс выкладання асноўных прадметаў — такіх, як матэматыка, фізіка, хімія — на польскай мове.
Анжаліка Борыс у траўні падавала заяўку ў Гродзенскі гарвыканкам на пікет у абарону школаў з польскай мовай навучання. Але ёй адмовілі — маўляў, заяўка не адпавядае нормам закону.
У Беларусі дзейнічаюць дзве школы з польскай мовай навучання: адна ў Гродна і адна ў Ваўкавыску. Апошнімі гадамі бацькі, якія хочуць, каб іхныя дзеці пайшлі ў школу з польскай мовай навучання, вымушаны стаяць у чэргах, каб паспець падаць заяву на прыём дзяцей у першы клас.
Школы з польскай мовай навучання ў Гродна і Ваўкавыску існуюць больш за 20 гадоў.