Ці падтрымаюць улады бел-чырвона-белы сцяг?

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае пра тое, ці атрымае бел-чырвона-белы сцяг афіцыйны статус.

ccd632bd_3d46_43c6_a7e6_230d93c1fe54_mwdynamic_mhdynamic_s_1024x682.jpg

Як вядома, Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала ўладам надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня», а таксама дазволіць іх свабоднае выкарыстанне ў краіне.
Алег Трусаў адзначыў:
— Тое, што такая ініцыятыва ёсць, гэта, безумоўна, добра. Як мне падаецца, для партыі Гайдукевіча тут больш піяру, але, калі ўжо і ў яго з’явілася такое памкненне, то нашы шанцы на поспех павялічваюцца, бо Гайдукевіч заўсёды, што называецца, трымае нос разам з ветрам.
— Ці падтрымаюць улады чарговую прапанову надаць афіцыйны статус нацыянальнай святыні?
— Тут сітуацыя вельмі няпростая. Ужо некалькі гадоў па гэтым пытанні ва ўладзе ідзе вялікае змаганне паміж групоўкай так званых “незалежнікаў” і “пятай калонай Расейскай імперыі”. І гэтая барацьба ідзе з пераменным поспехам. Зараз крыху ізноў пачала перамагаць незалежніцкая плынь. Невыпадкова ж выпускаюць “патрыётаў” з турмаў, спыняюць у адносінах да іх крымінальны пераслед. І Гайдукевіч — тут як тут. Праўда, ніхто не дае гарантыі, што заўтра сітуацыя не зменіцца кардынальным чынам, бо сілы груповак прыкладна аднолькавыя – пяцьдзясят на пяцьдзясят. Нельга нічога спрагназаваць на будучае, тым больш, што хутка ў нашай краіне пройдуць беларуска-расейскія вучэнні. І невядома, чым там усё закончыцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя