Самалётам, цягніком, аўтобусам і нават паромам: вандруем танным транспартам па Еўропе

У першай частцы мы гутарылі пра планаванне паездкі і афармленне візы. А цяпер распавядзём пра танныя віды транспарту і іх асаблівасці.

lowcost.jpg


Ляцім самалётам

Недасведчаны вандроўнік можа сказаць, што пералёт — гэта зусім не танна. Але ў Беларусі даволі добрае геаграфічнае становішча, якое дазваляе карыстацца бюджэтнымі авіялініямі альбо лаўкостамі. Праўда, у аэрапорты Беларусі лаўкосцеры не лятаюць, за выключэннем не такіх ужо танных AirBaltic і ўкраінскай «МАУ». Затое можна скарыстацца аэрапортамі Вільні, Каўнаса, Варшавы, Любліна, а жыхарам Гомельшчыны — і да Кіева не так далёка. Амаль ва ўсе гэтыя гарады лятаюць тры самыя папулярныя лаўкосцеры Усходняй Еўропы: Ryanair, Wizz Air і Norwegian (толькі з Вільні).

Рэйсы гэтых авіякампаній злучаюць амаль усе краіны Еўропы, асабліва яе паўночнай часткі. Нават у далёкую Ісландыю можна даляцець менш чым за 50 еўра. Часам пералёт у скандынаўскія краіны можа абысціся танней за сутачны праязны ў тым жа Стакгольме ці Осла.

У Wizz Air можна набыць картку лаяльнасці. Яна дае, як мінімум, зніжку на 10 еўра (калі квіток даражэй за 19,99 еўра) за кожны пералёт і 5 еўра — на даплату багажу, а таксама доступ да прэміум-прапановаў ад лаўкоста. Стандартнае гадавое сяброўства (2 чалавекі на рэйс) у клубе Wizz Discount каштуе 29,99 еўра, групавое (кампанія да 6 чалавек) — 59,99 еўра. Усё адаб’ецца літаральна за 2–3 пералёты.


Падводныя камяні бюджэтных авіякампаній


Без недахопаў быць не можа, нават калі не браць да ўвагі немагчымасць вылету з беларускіх аэрапортаў. Па-першае, выкупаць квіткі трэба як мага раней. Лепей — за 2–3 месяцы да даты вылету. Бо набыццё квітка за тыдзень да вандроўкі абыдзецца нятанна. У білет па самаму таннаму тарыфу ўваходзіць толькі пералёт і невялікая ручная паклажа. З 1 лістапада 2018 года на борт Ryanair бясплатна можна будзе ўзяць толькі маленькую ручную паклажу (35см x 20см x 20см) вагой да 10 кг. У Wizz Air дазваляецца пакуль пабольш – адну торбу памерам да 55см x 40 x 23 см і таксама да 10 кг, а ў Norwegian — 55см x 40 x 20 см такой жа вагі. Звычайна, нават выбар месца, прыярытэтная пасадка і зручная дата рэгістрацыі — за грошы. Бясплатна ў самалёце не пакормяць.




За дадатковы багаж давядзецца даплаціць — і часам больш, чым каштуе сам квіток. Рэгістравацца на рэйс трэба загадзя, варта таксама самому раздрукаваць квіток, інакш за гэта ў аэрапорце перад вылетам прыйдзецца заплаціць немалыя грошы.

Важна адзначыць, што часта лаўкосты базуюцца не ў асноўных аэрапортах горада. Напрыклад, самалёты Ryanair часцей за ўсё ў Варшаве вылятаюць з аэрапорта Модлін, а не з асноўнага — імя Шапэна. А да самога Парыжа бюджэтна прыляцець не атрымаецца. Даляціце толькі да Бавэ, а там яшчэ каля 80 кіламетраў да французскай сталіцы.


Можа ўсё ж такі Belavia ці хоць з «Мінска-2»?

Адносна танна з мінскага аэрапорта можна даляцець толькі ва Украіну, краіны Балтыі і ў еўрапейскую частку Расіі. Але апошнім часам некалькі разоў на год Belavia пачала ладзіць акцыі з распродажам квіткоў на шматлікія турыстычныя напрамкі. Недзе можа атрымацца танней, чым нават лаўкосты, ды яшчэ з багажом і ежай.


А цягніком куды можна?

Варыянт амаль выключна толькі для ўнутраных рэйсаў Беларусі і Украіны, дзе чыгунка вельмі танная. Ёсць новыя хуткасныя цягнікі з разеткамі і wifi, а на старых можна дазволіць сабе купэ, і там добра паспаць.
а
Не так даўно з’явіўся даволі танны рэйс Мінск – Брэст – Варшава з камфортнымі цягнікамі і цаной каля 17 еўра. Праўда, адпраўляецца ён адзін раз на дзень і перад мытным кантролем нельга патрапіць у крамы бяспошлінных тавараў. Для гродзенцаў таксама неблагі варыянт трапіць у Польшчу цягніком Гродна – Варшава – Кракаў. Да польскай сталіцы квіток будзе каштаваць 15 еўра. З Мінска на цягніку можна даехаць да Берліна і Парыжа, але ў такім выпадку квіток абыдзецца нават даражэй, чым на авіярэйс з «Мінска-2».

На некаторых міжнародных рэйсах БЧ можна лёгка знізіць кошт праезду. Бярыце 2 квіткі на адзін рэйс: першы — ад месца адпраўлення да дзяржаўнай мяжы Беларусі, другі — ад памежнага беларускага мястэчка і да станцыі прыбыцця. Эканомія — каля 8–20%. Працуе на напрамках Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы (цягнік Масква — Калінінград).

Можна зэканоміць яшчэ больш, праўда, давядзецца змарнаваць шмат часу ды сілаў: адправіцца ва Украіну ці заходнюю Расію электрычкамі і рэгіянальнымі дызель-цягнікамі. Напрыклад, так ад Мінску да Львова можна даехаць менш, чым за 10 еўра, замест 22 еўра прамым рэйсам.

У Заходняй Еўропе цягнікі часта даражэй за лаўкосты, і акцый даволі мала. Калі ўсё ж захацелася пракаціцца менавіта на чыгунцы, то варта набыць квіток як мага раней. Таксама можна купіць праязны Global Pass, які дзейнічае ў 30 краінах Еўропы.


630_360_1525516892_8907.jpg


Аўтобус як альтэрнатыва самалёту і цягніку

Добры варыянт для ўсіх аэрафобаў, ды яшчэ даволі бюджэтны, — асабліва для падарожжа па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. З Мінска адпраўляецца шэраг міжнародных аўтобусных перавозчыкаў: Ecolines, Lux Express, а з Вільні яшчэ і Eurolines. Аўтапарк кампаній сучасны: у аўтобусе дакладна будуць wifi, разеткі і зручныя крэслы. У большасці аўтобусаў ёсць планшэты для прагляду фільмаў, біяпрыбіральні, і нават буфет з гарачымі напоямі (часта бясплатнымі) — сэрвіс на ўзроўні. Турбавацца аб асобнай плаце за багаж не трэба: у кошт квітка ўключана як мінімум звычайная валізка вагой да 15 кг (часам і да 30 кг).

Вялізарная перавага аўтобусных кампаній над чыгуначнымі — сезонныя распродажы, карткі лаяльнасці і праязныя квіткі на 15 дзён і месяц. Праўда, часам, акцыі праводзяцца толькі ў афлайн-касах і, бывае, прыходзіцца стаяць чэргі па некалькі гадзін. Затое аўтобусныя квіткі, звычайна, не трэба набываць за 2–3 месяцы. Кошты мяняюцца рэдка. Выключэнне — лаўкост-аўтобусы.


383940509.jpg


Можна набыць квіток менш, чым за 1 еўра і нават бясплатна

Некаторыя перавозчыкі — Flixbis, Polskibus, Megabus, Simple Express, Busfor, Hello і Student Agency — праводзяць акцыі: прадаюць квіткі за сімвалічную цану ад 25 еўрацэнтаў. Кампанія Megabus зусім адзначылася продажам квіткоў за 0 еўра. Але ўсіх гэтых лаўкосцераў, апроч украінскай Busfor, у Беларусі няма. Так што давядзецца ехаць, як мінімум, у Беласток ці Вільню.


Паром — ужо не раскоша

Так, на некаторыя рэйсы па моры квіткі таннейшыя за самалёт і нават аўтобус. Вялізарная перавага паромаў — самыя зручныя ўмовы: камфортныя каюты, вялікая колькасць бараў, рэстарацый і іншых забаваў, крамы бяспошлінных тавараў. Для беларусаў даволі бюджэтна можна адправіцца ў круіз па Балтыйскім моры ад Tallink Silja і Viking Line. Праўда, ад эстонскай сталіцы да фінскай паром ідзе некалькі гадзін і ўсю асалоду ад марскога падарожжа не атрымаць, хіба што хутка.


4787.jpg


Тут працуе галоўнае правіла бюджэтных вандровак: браць квіток за некалькі месяцаў і не ў сезон. Тады, напрыклад, за чатырохпакаёвую каюту рэйса Рыга — Стакгольм — Рыга можна аддаць каля 20–30 еўра, а то і менш. Часта лінейныя рэйсы ў адзін бок могуць каштаваць даражэй, чым круіз у два бакі. Так што лепш праверыць такі варыянт і, калі не трэба вяртацца морам, можна сысці пасля прыбыцця ў порт і зэканоміць.

Можна знайсці акцыі на адносна недарагія шматдзённыя круізы па Міжземным моры (ад 90 еўра) і ў Лацінскую Амерыку (ад 200 еўра). Часта ўсё ўключана, можна пабываць у шэрагу гарадоў і не трэба плаціць за жыллё.

*****
Карысныя спасылкі:

https://t.me/travelhacks — адзін з буйнешых тэлеграм-каналаў пра вандроўкі з гісторыямі і лайфхакамі http://www.eurotrip.by — пошук танных маршрутаў і квіткоў.