12 чэрвеня пачынаецца працэс па справе Андрэя Гайдукова. Больш за 7 месяцаў хлопец знаходзіўся ў турме КДБ. Хлопцу пагражае да 15 гадоў турмы. За гэты час у яго не было ніводнага спаткання з блізкімі. А сябры і паплечнікі адно гадаюць, якая сапраўдная прычына затрымання 23-гадовага навапалачаніна.
Ёсць загадка ў тым, што грамадству дагэтуль не паведамілі ніякай канкрэтыкі, у чым жа віна хлопца. У той жа час суд зрабілі закрытым. Значыцца, журналісты не змогуць прысутнічаць на працэсе. Не пусцяць у залу і сваякоў. А адвакат маўчыць, бо «таямніца следства». І як тады паверыць у абвінавачванні?
На працу хадзіў у строі з «Пагоняй»
Прэса паспела ахрысціць Андрэя «слесарам-шпіёнам». Калі быць дакладным, Гайдукоў працуе аператарам тэхналагічных установак на наваполацкім «Нафтане».
Апроч гэтага, ён студэнт-завочнік 5 курса Полацкага дзяржуніверсітэта, інжынерна-тэхналагічнага факультэта.
«Андрэй рознабаковы. Любіць гістарычную літаратуру, добра разбіраецца ў камп’ютарах. Рыбалкай займаецца — яму ўсё цікава! Прытулку для жывёл дапамагаў», — расказвае маці.
На працу Андрэй прыходзіў у бела-чырвоным гарнітуры з «Пагоняй», кажа сябра БНФ Сяргей Сідараў, які таксама працуе на «Нафтане». Паводле Сідарава, хлопца неаднаразова выклікаў да сябе намеснік дырэктара па ідэалогіі, у прыватнасці, у час «маўклівых акцый».
Наваполацкія актывісты збіралі грошы для сям’і Гайдукова. «Гэта ж нашы хлопцы, «Саюз маладых інтэлектуалаў», — кажа мясцовы актывіст Сяргей Парчынскі. — Яны заўжды нам дапамагалі. І мы першыя пачалі крычаць пра гэтае затрыманне, заступацца, бо сваіх жа кідаць нягожа!»
Што такое «Саюз маладых інтэлектуалаў»?
Андрэй Гайдукоў быў намеснікам старшыні незарэгістраванага «Саюза маладых інтэлектуалаў». Рыхтаваў дакументы да рэгістрацыі суполкі ў якасці міжнароднай арганізацыі. Праводзіў перамовы з расійскімі юрыстамі, выязджаў у Маскву.
«Мы яднаем маладых людзей, якія хочуць удасканальвацца, ствараць сумесныя праекты, удзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Мэта — стварэнне моцнай моладзевай арганізацыі ці партыі, якая прадстаўляе інтарэсы інтэлектуальнай эліты». Так напісана ў суполцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Але ці чуў хто пра рэальную дзейнасць арганізацыі з даволі гучнай назвай?
«Саюз маладых інтэлектуалаў» утварыўся ў 2009, расказаў Яўген Канстанцінаў, яго старшыня. Летам 2011 маладзёны ўдзельнічалі ў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». Там Яўген і пазнаёміўся з Андрэем.
Хлопец падаўся адукаваным, і Яўген зрабіў яго сваім намеснікам. Дзякуючы працы апошняга, незарэгістраваную арганізацыю прынялі ў Нацыянальную платформу «Усходняга партнёрства», Альтэрнатыўную моладзевую платформу.
Абвінавачанні супраць Гайдукова, на думку яго паплечніка, абсурдныя.
Чаму затрымалі намесніка, а не «шэфа»? Яўген лічыць, што гэта звязана з тым, што Андрэй займаўся міжнароднай рэгістрацыяй арганізацыі.
У лістах з турмы КДБ Гайдукоў пісаў, што найлепшым падарункам для яго будзе рэгістрацыя «саюза». Аднак па словах Канстанцінава, пакуль займацца гэтым няма сэнсу:
«Усе ў чаканні прысуда. Ад рашэння суда залежаць і нашыя далейшыя дзеянні».
Зімой Канстанцінава выклікалі на допыт па справе Гайдукова. Аднак цікавіліся не справамі «інтэлектуалаў», а яго датычнасцю да мясцовай гей-суполкі — зімой актывістаў сэкс-меншасцяў «прыціснулі» ўлады за спробу рэгістрацыі сваёй арганізацыі.
Цяпер Яўген працуе адміністратарам у адным з гандлёвых цэнтраў Мінска. На суд яго ў якасці сведкі не выклікалі.
За што судзяць хлопца: версіі
Паводле афіцыйнай версіі, Гайдукоў падазраецца ў супрацы з замежнай выведкай, а менавіта — перадачы палітычнай і эканамічнай інфармацыі пра Беларусь.
Каму і якога кшталту інфармацыя перадавалася — невядома. Нядаўна старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што тыя, хто абараняюць Гайдукова, пасля рашэння суда «акажуцца ў нязручным становішчы». Суд па справе Гайдукова будзе закрытым.
Праваабаронцы звязваюць пераслед актывіста з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзь. Яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў Гайдукоў працаваў у штабе Андрэя Саннікава. Пасля удзельнічаў у парламенцкай кампаніі, назіраў на выбарах. Аднак праваабаронцы не спяшаюцца даваць яму статус палітвязня, бо бракуе інфармацыі. А раптам ён сапраўды адначасова рабіў нешта іншае.
Іншую версію — што Гайдукова затрымалі, калі той перавозіў газету «Хартыя'97» для распаўсюду на Віцебшчыне, — агучыла «Еўрапейская Беларусь».
Яшчэ адна версія заключаецца ў тым, што Гайдукоў нібыта «зліваў» інфармацыю аб аб’ёмах перапрацоўкі на сваім заводзе расійскім спецслужбам, а зусім не ЦРУ. Аднак адкуль у рабочага мог быць доступ да «сакрэтных» дадзеных?
* * *
Даведка НН: як гэта было
У чацвер 8 лістапада 2012 супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Віцебску Андрэя Гайдукова. Сам хлопец з Наваполацка. Пасля затрымання ў яго кватэры адбыўся ператрус. Забралі дыскі і два камп’ютары: ягоны і бацькі.
У той жа дзень затрымалі яшчэ аднаго актывіста — сябра БХД Іллю Багданава, аднагодку Гайдукова. Аднак Багданава неўзабаве вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні. Вядома, што яго вазілі ў КДБ у Мінск, а дома праводзілі ператрус і канфіскавалі камп’ютар.
11 лістапада Гайдукова прывозяць у Мінск у СІЗА КДБ, знакамітую «амерыканку». Спецслужбы заявілі, што «спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Беларусі», які збіраў і перадаваў палітычную і эканамічную інфармацыю замежнікам. Затрыманне нібыта адбылося «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы». Завялі справу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці». А гэта ад 7 да 15 гадоў турмы.
Гайдукова перакідвалі то ў Віцебск, то зноў у Мінск. Бацькі Андрэя застаюцца ў няведанні, што з іх сынам: «Мы так і не можам зразумець, што насамрэч адбываецца вакол сына».
Аксана Рудовіч, nn.by
