Сілавікі масава праводзяць ператрусы ў назіральнікаў на выбарах

Напярэдадні рэферэндуму па змене Канстытуцыі ў Беларусі пачаліся масавыя ператрусы ў людзей, якія былі назіральнікамі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года. Амаль усе ператрусы, пра якія стала вядома Reform.by, адбываліся ў Мінску.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. EPA / TATYANA ZENKOVICH

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. EPA / TATYANA ZENKOVICH

Актыўнічаць сілавікі пачалі з пачатку снежня. На гэты момант журналістам вядома пра каля 30 фактаў візітаў сілавікоў да назіральнікаў. Гэта розныя раёны Мінска. Таксама вядома пра два выпадкі ў райцэнтрах Мінскай і Брэсцкай вобласці. Інфармацыі з рэгіёнаў вельмі мала нават у праваабаронцаў.
Масавыя ператрусы праходзілі ва Уруччы (не менш за дзесяць ператрусаў, некалькі чалавек затрымана), некалькі — у раёне Трактарнага завода, у астатніх выпадках крыніцы не канкрэтызавалі свае раёны. Журналісты таксама змушаныя змяніць імёны і не згадваць шматлікія дэталі, каб не падвяргаць людзей дадатковай рызыцы. Зрэшты, некаторыя з гэтых 30 чалавек ужо з'ехалі з Беларусі, і сілавікі заспелі ў кватэрах толькі іх сваякоў.
Ператрусы праводзіць у асноўным ГУБАЗіК. Сцэнар візітаў сілавікоў да назіральнікаў розны. Часам з аўтаматамі і выбіваннем дзвярэй, часам спакойна; з адабраннем тэлефонаў і кампутараў і без; часам праводзяць ідэалагічныя гутаркі. Зрэдку людзей пасля ператрусу затрымліваюць і адпраўляюць пад адміністрацыйны арышт, ёсць выпадкі ўзбуджэння крымінальных спраў, але ў асноўным абыходзіцца без затрымання. З размоваў з крыніцамі можна зрабіць выснову, што вынік — ці будзе чалавек затрыманы і на колькі — залежыць ад таго, што сілавікам удалося знайсці ў яго доме і тэлефоне: сімволіку, падпіску на пэўныя каналы, фота з пратэстаў і іншае. Разблакаваць тэлефон і даць паролі «госці» патрабуюць у першую чаргу.
«Яны казалі, што збіраюцца хадзіць па ўсіх назіральніках», «запланавана 6 тыс. ператрусаў па базе назіральнікаў ад «Сумленных людзей», «рыхтуецца 5 тыс. ператрусаў», — вось што некаторыя назіральнікі чулі ад сілавікоў падчас ператрусу. Ці сапраўды ў іх такія планы ці гэта хутчэй запалохванне — праверыць немагчыма.
«Сумленныя людзі» — гэта адна з ініцыятываў па каардынацыі назіральнікаў падчас выбараў. Яна была запушчана штабам Віктара Бабарыкі і паспяхова прыцягнула да назірання вялікую колькасць людзей, якія ніколі раней у ім не ўдзельнічалі. Усяго ў ініцыятыве было больш за 6 тысяч назіральнікаў, якія зарэгістраваліся на ўчастках. «Сумленныя людзі» працавалі сумесна з ініцыятывай «Зубр», сайт якой быў платформай для збору і апрацоўкі справаздач па назіранні і паведамленняў аб парушэннях выбарчых камісій. Удзел назіральнікаў у гэтых ініцыятывах вельмі цікавіў сілавікоў падчас ператрусаў. Але толькі ў частцы выпадкаў. У іншых выпадках яны ўвогуле не згадвалі і не пыталіся пра назіранне на выбарах.
«Прыходзіў ГУБАЗіК, далі зразумець, што гэта менавіта з-за назірання праз ініцыятыву «Сумленныя людзі». З іхніх размоваў зразумеў, што ім толькі ў чацвер спусцілі нейкі загад, і ўжо ў пятніцу раніцай яны прыйшлі. Папрасілі аддаць тэхніку. Адразу памянялі паролі ў тэлеграме, паглядзелі, што там, задавалі пытанні, але ў выніку адпусцілі. Тэхніка засталася ў іх, ніякіх дакументаў аб адабранні мне не далі, толькі падпісаў папярэджанне аб недапушчальнасці парушэнняў», — распавёў Руслан (тут і далей імёны зменены).
«Па выгляду — іх усё дастала. Канкрэтна ў мяне пра назіранне не пыталіся. Думаю, што ім проста спусцілі нейкія спісы, правяраюць людзей, хто чым дыхае, задачы ўсіх забіраць няма. Яны доўга глядзелі тэлефоны, гісторыю на ноўтбуку, фота. Далі падпісаць пратакол ператрусу і паперу, што азнаёмлены з Крымінальным кодэксам», — распавёў Алег.
«Я быў назіральнікам, але мяне нават на ўчастак не пусцілі, падаваў тады скаргу, — кажа Віктар. — Прыехалі на ператрус раніцай. Сказалі, што я сведка па крымінальнай справе, але па якой — не адказалі. Паглядзелі Telegram, фатаграфіі, пыталіся, ці ўдзельнічаў у акцыях, на якія тэлеграм-каналы падпісаны. Пыталіся пра мой досвед назіральніка і ці адношуся я да «Сумленных людзей». Тэхніку не забіралі ў выніку. Спрабавалі палохаць: сказалі быць на сувязі і перадаць усім (пратэсна настроеным — заўв. Reform.by), што «прыйдзем за ўсімі», казалі, маўляў, ім трэба, каб усё было мірна і спакойна, каб ніякіх рэвалюцый».
У некаторых выпадках ператрус быў, паводле дакументаў, абгрунтаваны артыкулам 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства). Таксама ў шэрагу выпадкаў людзей забіралі на допыт у будынак ГУБАЗіКа.
«Пыталіся пра «Сумленных людзей», пра «Зубр», пыталіся, ці плануем назіраць на рэферэндуме, задавалі пытанні пра назіранне на выбарах. Запалохваюць канкрэтна адказнасцю за ўдзел у акцыях пратэсту і за назіранне на рэферэндуме. Каб у людзей нават думкі не з'явілася ўдзельнічаць у назіранні. Давалі падпісаць паперу з папярэджаннем, што нідзе не будзеш удзельнічаць і свяціцца. У самім будынку было шмат людзей, якія былі назіральнікамі, а яшчэ тых, хто сядзеў суткі за ўдзел у пратэстах», — распавяла Кацярына.
Да аднаго з назіральнікаў прыйшлі таксама нібыта ў сувязі з крымінальнай справай, пасля яму далі штраф па артыкуле аб распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў з канфіскацыяй асабістай тэхнікі — у якасці сродка здзяйснення правапарушэння. Пра назіранне ў яго не пыталіся.
«Найперш, як я бачу, прыходзяць да тых, хто пісаў скаргі ў ЦВК, пракуратуру і гэтак далей», — адзначае крыніца Reform.by, знаёмая з цэлым шэрагам выпадкаў ператрусаў у назіральнікаў.
У некаторых выпадках сілавікі пасля ператрусу атрымалі выдалены доступ і заходзілі ў акаўнты людзей у Telegram, былі выпадкі, што і рассылалі паведамленні ад іх імя з пагрозамі.
Яшчэ адзін былы назіральнік трапіў у рукі сілавікоў крыху раней за іншых — у канцы лістапада, вяртаючыся з-за мяжы. Паводле яго слоў, у аэрапорце яго сустрэлі супрацоўнікі КДБ, правялі поўны дагляд і допыт.
«Асабліва іх цікавіў мой назіральніцкі досвед, пыталіся, з кім я меў зносіны, ад каго вылучаўся, хто навучаў, хто фінансаваў, каму я высылаў справаздачы і гэтак далей. Вельмі цікавіліся тым, што я планую рабіць у лютым, ці планую назіраць ізноў, папярэджвалі, што гэта можа быць небяспечна. Намякалі на тое, што ў лютым назіральнікам, якіх не пусцяць на ўчасткі — мяркую, абмежаванне на колькасць назіральнікаў захаваецца, — але якія працягваюць сачыць каля ўчасткаў, могуць ставіцца ў віну незаконнае правядзенне сацапытанняў», — распавёў Андрэй.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» Reform.by сказалі, што пра ператрусы ведаюць, але пакуль збіраюць і аналізуюць інфармацыю і не гатовы яе прадметна каментаваць.