Сябры і калегі наведалі магілу Паўла Шарамета
20 ліпеня споўніўся год ад дня забойства ў цэнтры Кіева беларускага, украінскага і расійскага журналіста Паўла Шарамета. У чацвер калегі і сябры Паўла наведалі ягоную магілу на Паўночных могілках непадалёк ад сталіцы, дзе журналіст пахаваны побач з бацькам.
Сваякі Паўла наведалі апошні прытулак блізкага
чалавека яшчэ ўранку, як і прадстаўнікі амбасады Украіны, дзе апошнія гады жыў
і працаваў Павел і дзе скончыў свой жыццёвы шлях. Яны ўсклалі на магілу
жоўта-блакітны вянок. Апоўдні сюды прыехалі калегі Паўла з розных выданняў
(сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў), праваабаронцы, знаёмыя і проста тыя,
хто перасякаўся з гэтым чалавекам па жыцці ці проста ведаў яго імя.
Сябра рады БАЖ Жанна Літвіна сказала, што нельга проста так моўчкі пастаць каля магілы Шарамета ды разысціся. «Мы не павінны дараваць смерць Паўла ні замоўнікам, ні выканаўцам гэтага злачынства», — заявіла прамоўца. Яна нагадала, што не толькі лёс Паўла стаўся сапраўднай трагедыяй для яго блізкіх і сяброў. Яшчэ ёсць імёны сябра і калегі Паўла, тэлеаператара Змітра Завадскага, гвалтоўна выкрадзенага ў 2000 годзе, а таксама жорстка забітай у 2004 годзе журналісткі Веранікі Чаркасавай. Гэтыя справы дагэтуль не расследаваныя. «Ніхто не мае права забіваць, катаваць ці караць журналіста толькі за ягоную прафесію. Мяне цешыць, што існуе хваля салідарнасці сярод міжнароднай журналісцкай супольнасці ў гэтым плане», – сказала былая кіраўніца БАЖ.
Па словах Жанны Літвіной, сёння няма аніякага прагрэсу ў расследванні справы па забойстве Паўла Шарамета, хоць асабіста прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка абяцаў і сваякам журналіста, і ягоным калегам, што зробіць усё магчымае, каб гэтае злачынства было раскрытае. Тым не менш, і праз год няма ні годных версіяў, ні падазраваных, ні матываў. Справа «заглохла».
Павел Шарамет, як нагадала Літвіна, заўжды казаў, што праўда можа перавярнуць свет. «Таму нам патрэбная гэтая праўда, дзеля якой мы мусім працаваць, весці свае расследванні, гэта проста наш абавязак», — падкрэсліла выступоўца.
Цёплыя словы пра Паўла Шарамета казалі прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільнюс, Літва) Таццяна Рэвяка, журналіст тэлеканалу БЕЛСАТ Алесь Залеўскі, слынны беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук ды некаторыя іншыя.