Год без Шарамета: следства не мае адзінай версіі матываў забойства
Інтэрв'ю з Сяўгіль Мусаевай-Баравік — галоўнай рэдактаркай інтэрнэт-выдання «Украінская праўда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет.
Амаль год таму, 20 ліпеня 2016 году, у Кіеве загінуў беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павел Шарамет.
Аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, выбухнуў у часе руху на скрыжаванні цэнтральных вуліц украінскай сталіцы. Прахожыя, якія ў той момант апынуліся побач, спрабавалі выратаваць Паўла, выцягнуўшы яго з пашкоджанага аўтамабіля. Даволі аператыўна на месца выбуху прыбылі «хуткая дапамога» і пажарная служба. Але ўратаваць не змаглі: атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыццём.
Пазней паліцыя паведаміла, што пад аўтамабіль была закладзеная выбухоўка магутнасьцю да 600 грамаў у тратылавым эквіваленце, якая кіравалася дыстанцыйна.
Яшчэ праз шэсць дзён Нацыянальная паліцыя абвясціла ўзнагароду ў памеры 200 тысяч грыўняў за інфармацыю, якая дапаможа знайсці выканаўцаў ды замоўнікаў забойства. Але следства і дагэтуль практычна не прасунулася — няма ні падазраваных, ні абвінавачаных, ні галоўнай версіі матываў злачынства.
Усім здаецца, што Паша проста з'ехаў у доўгую выправу
Як мінуў гэты год без Паўла Шарамета для ягоных калег і аб перспектывах раскрыцця злачынства карэспандэнтка Свабода запытала ў Сяўгіль Мусаевай-Баравік — галоўнай рэдактаркі інтэрнэт-выдання «Украінская праўда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет.
— Гэты год быў вельмі складаным — і для мяне асабіста, і для калектыву, і для «Украінскай праўды», і для журналісцкай супольнасці. Для «Украінскай праўды» Павал меў вельмі вялікае значэнне, і гэта не перабольшанне. Ён заўсёды, калі прыходзіў, падтрымліваў калектыў, мог пасмяяцца і пажартаваць. Вядома, гібель Паўла стала асабістай стратай і асабістай трагедыяй для кожнага сябра рэдакцыі. Нядаўна я сваім супрацоўнікам задала гэтае ж пытанне і мне сумленна прызналіся, што ім усім здаецца, што Паша проста з'ехаў у нейкую доўгую службовую выправу і неўзабаве вернецца. Мы яшчэ не перажылі гэты факт і не ўсвядомілі, што Паўла забілі і што ён ніколі не вернецца. Мы ўсё роўна чакаем, бо сапраўды ён мог з'язджаць надоўга — на месяц, на два, але ён вяртаўся. Таму мы жывём у такім чаканні і ўсведамленьні страты і смерці. Мы яшчэ не прынялі гэты факт.
Афіцыйнае следства пакідае жадаць лепшага
— Зараз адбываюцца два расследванні — афіцыйнае, якое вядуць прадстаўнікі сілавых органаў, і незалежнае, журналісцкае. Якое з іх больш эфектыўнае, на ваш погляд, і бліжэйшае да раскрыцця злачынства?
— Мне здаецца, што журналісцкае, бо, як мы бачым, яны апублікавалі тыя звесткі, якіх у следства няма, не было на той момант. Да таго ж, на мой погляд, у журналістаў у нечым і матывацыя большая. Шчыра кажучы, афіцыйнае следства пакідае жадаць лепшага і наогул для нас як для калег Паўла незразумела, з чым мы маем справу — ці з непрафесіяналізмам, ці з тым, што людзі сапраўды не хочуць гэтае злачынства раскрываць. З гэтага пункту гледжання ў мяне пакуль больш веры ў нашых калег, якія сапраўды зрабілі проста калясальную працу.
— Камітэт абароны журналістаў (CPJ) таксама ў пух і прах разбіў вынікі афіцыйнага расследавання. Ці можа такая ацэнка з боку міжнародных структураў матываваць следчых і падштурхнуць іх да больш актыўнай працы?
— Мы разлічвалі на гэта адразу пасля таго, як выйшаў фільм пра вынікі журналісцкага расследавання. І сапраўды нейкія рэчы пачалі адбывацца — улада хаця б была вымушаная даваць справаздачу, расказваць аб зробленай працы. Пасля прэзэнтацыі фільму ў нас адбылася сустрэча off-records зь Пятром Парашэнкам, на якой былі прысутныя кіраўнікі сілавых ведамстваў Украіны. Я думаю, што такая жорсткая ацэнка з боку міжнароднай супольнасці таксама паўплывае на расследаванне крымінальнай справы і неяк прымусіць іх варушыцца ці хаця б даваць справаздачу пра вынікі. Вельмі добра, што гэта адбываецца і што на баку ўкраінскіх журналістаў, на баку выдання «Украінская праўда» стаіць міжнародная супольнасць, якая падтрымлівае такім чынам.
— Камітэт абароны журналістаў прапанаваў таксама падключыць да нацыянальнай каманды следчых аўтарытэтнага міжнароднага адмыслоўца-крыміналіста. Гаворка ідзе пра канкрэтнага чалавека? Ці вядомае ўжо ягонае імя?
— Наколькі я разумею, пакуль усё на стадыі ўзгадненьня. Ёсць папярэдняя згода з боку ўкраінскіх следчых. Паглядзім, як будзе. Пакуль мне складана сказаць, але я думаю, што гэта будзе вельмі добрым маркерам таго, ці хоча афіцыйнае следства расследаваць гэтае злачынства, што вельмі важна для ўсіх нас і ў міжнародным маштабе таксама. Я не ведаю, ці вядомае імя такога спецыяліста. Мне здаецца, што пакуль агучаная выключна прапанова і пошукі такога аўтарытэтнага следчага вядуцца. Але галоўнае было атрымаць прынцыповую згоду з украінскага боку.
— Да таго ж міжнародная экспэртная група параіла ўкраінскаму следству сканцэнтравацца на пошуках матываў забойства Паўла Шарамета непасрэдна ва Украіне, у той час, як афіцыйнае следства разглядае расійскі след у гэтым злачынстве і нават беларускі...
— Не зусім так. Справа ў тым, што міжнародны Камітэт абароны журналістаў зьвярнуў увагу на тое, што ўкраінская ўлада, і гэта ня дзіўна, спрабавала ўсё зьвесці да расійскага следу, і Авакаў (міністар унутраных спраў Украіны. — РС) агучваў частку фактаў на прэсавай канфэрэнцыі (8 лютага), але журналісты, і непасрэдна Крыстафэр Мілер, аўтар справаздачы, не атрымалі канкрэтных фактаў, якія б сведчылі на карысць гэтай версіі. Гэта не значыць, што яна адкідаецца, але сведчыць пра тое, што ўкраінскія праваахоўныя органы маніпулююць тым, што, хутчэй за ўсё, меў месца расійскі след і ўсё на яго паказвае. Бо калі пачынаеш задаваць канкрэтныя пытанні, то становіцца зразумела, што гэта ўсяго толькі здагадка, неабгрунтаваная нейкім масівам фактаў і звестак.
Беларуская версія найменш праўдападобная
— А беларускі след магчымы?
— Наколькі я разумею, гаворка ідзе пра нейкія старыя канфлікты Паўла ў Беларусі — гэта і справа Завадзкага, і справа аб пазбаўленні грамадзянства, існаванне такога інтэрнэт-рэсурсу, як «Беларускі партызан», які раздражняў уладу... Мяркую, што беларуская версія ёсць найменш праўдападобнай. Пра гэта мне казалі і ў праваахоўных органах, бо тое былі вельмі даўнія падзеі і наўрад ці нейкім чынам яны маглі паўплываць на матывы забойства ці стаць галоўным матывам. Але гэта не азначае, што яго трэба выключыць. Трэба разглядаць усе версіі. Вельмі кепска, што праз год расследавання «справы гонару» гэтых версій па-ранейшаму некалькі і няма галоўнай, следзтва топчацца на месцы.
— 20 ліпеня ў Кіеве адбудуцца мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Шарамета, і ў гэты ж дзень пачнецца візіт кіраўніка Беларусі ва Украіну. Напярэдадні да беларускай ўлады звярнуліся з просьбай пасмяротна аднавіць грамадзянства Беларусі Шарамету. Гэта выпадковае супадзенне? Наколькі імаверна, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на сустрэчы Парашэнкі і Лукашэнкі?
— Не думаю, што тут трэба шукаць нейкую прычыну. Гэта можа быць выпадковым супадзеннем. А пытаньне, напэўна, можа падымацца. Мама Паўла расказвала, што год таму, калі ўсё адбылося, яна прасіла прэзідэнта (Лукашэнку), каб дазволілі пахаваць Паўла на радзіме, у Мінску, і прэзідэнт адказаў згодай. Інакш быць не магло.
— Пасля сустрэч з прадстаўнікамі афіцыйнага следства якія ў вас засталіся адчуваньні наконт раскрыцця забойства? Якая перспектыва справы?
— Я буду верыць да апошняга, што шанцы ёсць. І буду верыць, што забойцы, а таксама заказнікі гэтага злачынства будуць знойдзеныя і пакараныя. Калі не гэтымі праваахоўнымі органамі, калі не гэтым кіраўніком Нацыянальнай паліцыі, калі не гэтым міністрам унутраных спраў, не пры гэтым прэзідэнце Украіны, я хачу верыць і буду верыць у тое, што справядлівасць будзе адноўленая і мы ўсё даведаемся. Да таго часу, пакуль гэтае злачынства будзе нераскрытым, украінскія журналісты не будуць сябе адчуваць спакойна і абароненымі. Мы не разумеем, чаму гэта адбылося, а гэта ўсяляе страх, які ў нас дагэтуль ёсць пасля забойства Паўла.
Паводле svaboda.org