Сярод постсавецкіх краін Беларусь займае перадапошняе месца ў рэйтынгу адкрытасці архіваў
Сёлета адзінаццатая гадавіна, калі дэмакратычная грамадскасць у Беларусі адзначае Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Ведамасныя архівы, якія маглі б праліць святло на гэтую старонку нашай гісторыі, усё яшчэ закрыты.
«Дзяржава ставіць апошнюю кропку ў Курапатах»
У Беларусі да сёй пары няма афіцыйнага дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Запачаткаваць яго паспрабавалі грамадскія актывісты, якія абвясцілі 2007 год Годам памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і звярнуліся ў дзяржінстанцыі з просьбай устанавіць у Беларусі памятны дзень 29 кастрычніка (па аналогіі з Расіяй, дзе яго адзначаюць 30 кастрычніка). Але атрымалі адказ за подпісам старшыні КДБ Сухарэнкі (адметна, што ў дадзенае ведамства актывісты не звярталіся — гэта было б дзіўна), дзе было сказана, што ў Беларусі ўжо ёсць два дні памінання продкаў — Радаўніца і Дзяды, таму ўстанаўліваць яшчэ адзін дзень памяці немэтазгодна.
Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 — 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў зазначае, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме КДБ (так званай «амерыканцы») адбыўся не самы вялікі расстрэл. Нагадаем, у тую ночы былі забітыя 104 чалавекі, у тым ліку — прадстаўнікі інтэлігенцыі. Аднак, як нядаўна стала вядома, у той жа Оршы ў асобныя дні расстрэльвалі і па 150 чалавек.
Ігар Кузняцоў нагадаў, што ў Беларусі агулам рэпрэсавана ад 600 000 (афіцыйная лічба) да 1 600 000 чалавек. У краіне ўстаноўлена больш за 110 месцаў расстрэлаў, фігуруе 38 населеных пунктаў. У Мінску вядомы прынамсі 12 месцаў пахаванняў, дзе колькасць расстраляных складае ад 1000 да дзясяткаў тысяч чалавек. Да іх цягам апошніх двух гадоў дадаліся новыя месцы — раён Баравой, вуліцы Батанічнай, Малінаўка, станцыя Таварная.
«У апошнія гады мы сталі забываць, што парэшткі многіх рэпрэсаваных раскіданы па ўсёй тэрыторыі былога СССР. Але сёння я заклікаю памятаць пра ўсіх: тых, хто загінуў тут, за мяжой, а таксама нашых калег, якія апошнія 20 гадоў займаліся дзейнасцю па даследаванні рэпрэсій — гэта Леанід Маракоў, Анатоль Валахановіч, Васіль Якавенка, Сяргей Ханжанкоў», — зазначыў гісторык.
Ён закрануў і тэму дзяржаўнага мемарыялу ў Курапатах. На думку Ігара Кузняцова, «прынята рашэнне аб тым, што дзяржава ў Курапатах ставіць апошнюю кропку, больш ніякіх мемарыяльных знакаў не будзе».
Падставай так лічыць стала гісторыя 92-гадовага Уладзіміра Іванавіча Мазаніка, які вёў перапіску з уладамі адносна ўсталявання памятнага знаку ахвярам рэпрэсій у Мінску. Ён яшчэ ў 2014 годзе атрымаў адказ, што знак усталяваны ва… урочышчы Курапаты. І гэта ў той час, калі ні пра які знак не было і згадкі. Таму, лічыць Кузняцоў, дзяржава больш не збіраецца нічога рабіць дзеля ўшанавання памяці рэпрэсаваных.
«Калі паставіць мэту, дакументы можна знайсці»
Гісторык-архівіст Зміцер Дрозд сёлета выдаў кнігу «Месца расстрэлу: Орша». У горадзе і ваколіцах вядома некалькі месцаў расстрэлаў, самае знакамітае з іх — Кабыляцкая гара. Але невядома, дзе менавіта былі расстраляныя канкрэтныя людзі, у іх анкетах Орша пазначаная ў графах месца расстрэлу ці месца пахавання.
Па словах гісторыка, існуе закрытая база на 180 000 рэабілітаваных. І калі ў 1980 — 1990-х гадах спісы рэабілітаваных публікаваліся, то цяпер гэта — таямніца.
«Да мяне ў рамках Школы пошука інфармацыі аб рэпрэсаваных звярнуўся чалавек, які хацеў дазнацца пра лёс аднаго рэпрэсаванага. І мы больш за год патрацілі толькі на тое, каб даведацца, што гэты чалавек быў рэабілітаваны», — распавёў гісторык.
Ён прывёў рэйтынг постсавецкіх краін, паводле якога Беларусь займае перадапошняе месца (апошняе — Кыргызстан) па адкрытасці архіваў. Нас апярэджваюць Узбекістан, Арменія, Азербайджан, Расія, Малдова, Казахстан, Грузія і Украіна.
У той жа час пры жаданні нават ва ўмовах закрытых архіваў можна знайсці інфармацыю аб рэпрэсаваных продках.
«Калі паставіць мэту шукаць, то можна знайсці асобныя дакументы па рэпрэсіях нават у Нацыянальным архіве Беларусі, і ў лакальных архівах. Таму я заклікаю ісці ў архівы, там бываюць неверагодныя гісторыі», — заключыў Зміцер Дрозд.
«У людзей агромны попыт на інфармацыю аб продках»
Тэму складанасці доступу да архіўных спраў закрануў і нашчадак рэпрэсаваных у Оршы Ігар Станкевіч.
«Справу ва ўпраўленні КДБ па Віцебскай вобласці мне зачытвалі на слых, трэба было выключыць усю гуказапісваючую апаратуру. Потым мне далі раздрукоўку на дзвюх рэпрэсаваных персон», – распавёў ён.
Усяго ў спісе рэпрэсаваных сваякоў Ігара Станкевіча каля 20 чалавек, 8 з іх расстраляныя ў Оршы.
«У людзей ёсць агромны попыт на тое, каб даведацца, дзе ляжаць іх продкі, але не ўсе могуць атрымаць гэтыя звесткі. Мы стараемся падтрымліваць іх, накіроўваць, падказваць, куды звяртацца», – зазначыў Ігар Станкевіч.
З мінулага года грамадства стала праяўляць актыўную цікаўнасць да тэмы сталінскіх рэпрэсій ў Беларусі, пры тым, што дзяржаўныя СМІ не давалі на гэты конт ніякай інфармацыі. Інтарэс працягваецца і сёлета: так, сёння ўдзень Рух Салідарнасці «Разам» ладзіў аб’езд месцаў расстрэлаў у Мінску, на Заходніх могілках адбылося адкрыццё помніка Леаніду Маракову, а 19-ай гадзіне ля прыступак КДБ адбудзецца акцыя Мікалая Статкевіча «Ланцуг памяці», у Курапатах у 17 гадзін пачалі зачытваць імёны рэпрэсаваных, а з 20.00 пачнецца Ноч расстраляных паэтаў.
Фота аўтаркі