Талака ля крыжа пакут у Баранавічах
На Дзяды сябры Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах правялі талаку ля крыжа пакут, якая стала ўжо традыцыйнай.
Яны ўпарадкавалі тэрыторыю, паклалі кветкі, запалілі знічы. Жалобнае мерапрыемства пачалося з паніхіды грэка-каталіцкага святара Яўгена Маліноўскага.
Скончылася паніхіда гімнам “Магутны Божа”, затым людзі ўспомнілі пра знакамітых, бязвінна забітых камуністычным рэжымам ахвяр, прачыталі іх вершы.
Сябра таварыства Анэля Камбалава гаворыць:
— 29 кастрычніка — гэта страшны дзень нашай беларускай гісторыі. Мы памятаем і заўсёды збіраемся на нашым святым месцы — ля крыжа, які ўсталяваны ў гонар ахвяраў тых страшных гадоў. Гэты крыж — сакральнае месца ў Баранавічах. Калісьці тут была турма, дзе катавалі нашых дзядоў, прадзедаў, тут быў і Язэп Маліцкі з вядомых.
Крыж «Ахвярам гвалту 1939–1953 гг.» быў
усталяваны актывістамі ў 1990 годзе ў цэнтры горада. У тым жа годзе ўлады
перавезлі крыж у сквер на скрыжаванні вуліц Крупскай і Смаленскай. Там яго
паставілі на новае месца, дзе ён знаходзіцца і цяпер. Крыжам пакут апекуецца
толькі дэмакратычная грамадскасць горада.
www.racyja.com