Сербія — Беларусь. Свабода слова

У Сербіі пасля звяржэння рэжыму Мілошавіча на заканадаўчым узроўні была ліквідавана сістэма дзяржаўных СМІ. Недасяжная пакуль што дэмакратычная мара беларускіх журналістаў.



4_restaran.jpg

У Бялградзе з ХІХ стагоддзя захавалася вуліца рэстаранаў. Рэстаран “Тры капелюшы” — любімае месца Ёсіпа Броз Ціта, у які ён прыводзіў замежных гасцей

Але, расчаравалі мяне сербскія калегі, пры фармальнай свабодзе, болей за 80 працэнтаў СМІ засталіся пад поўным кантролем уладаў. Праз іншыя механізмы, іншымі метадамі.

Сітуацыю са СМІ ў часы Мілошавіча лёгка ўявіць, бо гэта наша сённяшня рэальнасць. Мілошавіч жорстка кантраляваў цэнтральныя СМІ, за рэгіянальнымі дагляд быў слабейшы. І яшчэ адна цікавая рыска да партрэтаў, як іх ахрысцілі калісьці заходнія журналісты, «двух апошніх дыктатараў у Еўропе»: Мілошавіч дазваляў карыкатуры на сябе, у нас за такое — пад суд «за паклёп» ды «за абразу гонару і годнасці».

Пад пераследам

Таталітарны стандарт палітыкі ў адносінах да свабоды слова — поўная забарона, вынішчэнне пад нож незалежных СМІ. Да гэтага імкнуліся і рэжым Мілошавіча, і рэжым Лукашэнкі. Але абодва былі вымушана адступіцца: не тое грамадства, не той час, не тая міжнародная сітуацыя, уплыў новых тэхналогій. Сваёй тактыкай яны абралі максімальна магчымае абмежаванне незалежных СМІ — па колькасці, тыражу, зместу, каналах распаўсюду. Метадамі эканамічнага і палітычнага ціску.

Да пэўнага часу гэта тактыка мела эфект у Сербіі і пакуль што спрацоўвае ў Беларусі. Мяняецца толькі набор метадаў і сродкаў. У Беларусі мы зараз наглядаем змену асноўнага вектара пераследу — са сталіцы на рэгіёны, з прыцэльных удараў па знакавых фігурах на масавыя затрыманні журналістаў пачас акцый апазіцыі. Замест судовых працэсаў з пагрозай працяглага зняволення (як гэта было ў адносінах да Андрэя Пачобута) — штрафы ці «суткі» ў ізалятарах часовага ўтрымання. Разлік уладаў пры гэтым просты: грамадскі рэзананс, асабліва міжнародны, меншы, а эфект застрашвання — той жа.

На пераходзе

Паводле меркавання сербскіх калегаў, з якімі я сустракаўся ў Бялградзе, незалежным СМІ належыць значная роля ў агульнай перамозе над рэжымам Мілошавіча. Але менавіта партыі, якія абяцалі поўную свабоду слова, па сутнасці адразу ж пасля падзення рэжыму сталі ствараць новую сістэму кантролю над СМІ.

«Пасля Мілошавіча, — распавяла Наталля Братулевіч, — дзяржаўная сістэма медыя распалася на шэсць рэспублік былой Югаславіі. І іх галоўнай тэмай стала прапаганда вайны. У Сербіі, хаця законы і памяняліся, але ў наўпроставым значэнні сапраўдных публічных СМІ, з крытыкай і аналізам, здольных выконваць асветніцкую ролю для народа, у належным маштабе не ўзнікла. З другога боку, грамадства таксама не ведала, якім павінна быць незалежнае выданне. І да сённяшняга дня распаўсюджаным з’яўляецца меркаванне, што роля таго ці іншага СМІ — гэта работа на тую ці іншую палітычную партыю».

Праблему Наталля бачыць у тым, каб растлумачыць людзям сапраўдную ролю традыцыйных і электронных СМІ ў грамадстве. «Гэта, — разважае яна, — як пачатковая школа. Другі ўзровень — даследчая праца: з дакладнасцю выявіць, якімі спосабамі і сродкамі ўлады дамагаюцца кантролю і маніпуліравання свабодай слова, каб кардынальна змяніць сітуацыю».

Новая сістэма

Пра новую сістэму СМІ, што склалася ў Сербіі за 13 гадоў пасля падзення рэжыму Мілошавіча, мы размаўлялі з Вукашынам Абрадавічам, прэзідэнтам Незалежнай асацыяцыі журналістаў Сербіі (IJAS) і адначасова галоўным рэдактарам рэгіянальнай незалежнай газеты «Враньске навіны».

У Сербіі, як і ў нас, таксама два саюза журналістаў. Але сербская асацыяцыя незалежных журналістаў стваралася не з нуля, як Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Мы гутарылі са спадаром Вукашынам у яго кабінеце, на паверсе, які цалкам належыць яго саюзу. Гэты паверх, патлумачыў ён, асацыяцыя атрымала па рашэнні суда, пасля таго, як яны выйшлі з агульнага саюза журналістаў. Па справядлівасці, на яго меркаванне, ім мусіла адыйсці палова маёмасці і палова агульнага будынку.

Справа ў тым, што ад ХІХ стагоддзя ў Сербіі існаваў адзін саюз журналістаў. Але ў 1994 годзе вялікая група менавіта незалежных журналістаў вырашыла аддзяліцца і аб’яднацца ў сваю асацыяцыю. Па прычыне нязгоды з той палітыкай падтрымкі рэжыму, прапаганды ідэалогіі вайны, якую праводзіў стары саюз.

2_vukas_n_abradov_ch.jpg

Вукашын Абрадавіч, прэзідэнт Незалежнай асацыяцыі журналістаў Сербіі

«Мы думалі, — з доляй горычы ўзгадвае мінулае спадар Абрадавіч, — што свабода слова прыйдзе сама сабой. Нашай вялікай памылкай было, што мы тады не зразумелі галоўнае: барацьба за свабоду слова павінна пачынацца па новай у той жа момант, як сышоў дыктатар». І, уздыхнуўшы, дадаў: «Атрымалася ж, што партыі ва ўладзе мяняліся, але нязменным заставаўся механізм кантролю, што сфармаваўся ў тым ліку і іх высілкамі».

Па сутнасці, механізм гэты не новы, у розных варыяцыях, розных памерах уласцівы многім краінам. Вось як, у агульных рысах, выглядае яго сербская мадыфікацыя.

Механізм кантролю

Паводле закону, любы жадаючы можа без перашкод адкрыць новае СМІ. Да таго ж закон не патрабуе называць імя ўладальніка.

Здавалася б, ну проста супердэмакратычная норма. На справе ж аказалася гіганцкім падвохам, шчылінай для ўскоснага, але вельмі эфектыўнага кантролю за сродкамі інфармацыі. Найперш з боку дзяржавы і алігархаў — сапраўдных патаемных фінансістаў таго ці іншага выдання. Пры змене ўлады ўсе перамены зводзяцца да перадзелу сфер уплыву. Зноў жа пад коўдрай, праз інтрыгі і судовыя працэсы, пад прыкрыццём барацьбы з карупцыяй.

 Па прычыне таемнасці схем уплыву на сродкі масавай інфармацыі, ніхто з маіх суразмоўцаў не змог назваць дакладную лічбу як незалежных, так і залежных СМІ. Але перавага, на жаль, на баку залежных. Прычым, самыя масавыя СМІ — агенцтва навін «Танюг» і газета «Палітыка» — у адкрытую, праз бюджэт, што ёсць парушэннем закону, фінансуюцца ўрадам. Адпаведна, на 100 і 51 працэнт. Для «Танюг» гэта 2 мільёны еўра ў год, удакладніў  галоўны рэдактар прыватнага незалежнага агенцтва навін «Beta» Іван Цвеіч.

Па інфармацыі Вукасіна Абрадавіча, увесь рынак СМІ ў Сербіі складае прыкладна 170 мільёнаў еўра. Столькі ўкладаецца ў маркетынг — урадам, маркетынгавымі агенцтвамі (блізкімі да ўрада), алігархамі. Астатнія крошкі дастаюцца незалежным СМІ. Дзяржава на рынку маркетынгу займае больш за 40 працэнтаў. Гэта не дазволена, але гэта — ёсць. «Нашы патрабаванні, — падкрэсліў ён, — па-першае, адкрытасць інфармацыі — хто, каму і колькі, па-другое — дзяржава павінна сысці з рынку маркетынгу СМІ».

У выніку такой арганізацыі прасторы СМІ, па ацэнках прэзідэнта Незалежнай асацыяцыі журналістаў Сербіі, тут пануюць выданні, якія ў журналісцкім асяроддзі атрымалі назву «палітычнай жоўтай прэсы» — наўпрост залежнай ад партый, уладаў, алігархаў. Іх функцыя — прапаганда, а не якасная журналістыка.

Новыя незалежныя

І ўсё ж сегмент сапраўды незалежных СМІ ў Сербіі непараўнальна большы і ўплывовы, чым у Беларусі. З несумненнымі лідарамі гэтага сегмента я і меў якраз сустрэчы ў Бялградзе. Коратка ахарактарызую.

«Штотыднёвік «Novi magazin»  — не масавая газета, — падкрэсліла галоўны рэдактар Надзея Гачэ. — Газета для тых, хто любіць думаць сваёй галавой, хто мае сваё меркаванне». Выданне заснавана групай журналістаў у 2007 годзе. Канцэпцыя «Novi magazin» роднасная канцэпцыі «Новага часу». Але ж фармат выдання для нас пакуль недасяжны — у выглядзе часопісу, на цудоўнай паперы, каляровы друк. Там ёсць, якім бы ён не быў, рынак СМІ. І знайшліся пяць бізнэс-структур, што даюць газеце рэкламу. І кошт паперы і друку таннейшы, чым у нас.

1_nadzeja_gache_direktar_galo_ni_redaktar_shtotidnjov_ka_novi_magazin.jpg

Надзея Гачэ, галоўны рэдактар штотыднёвіка «Novi magazin» 

«Песчанік» — праграма, сайт і выдавецтва. Іх прадукт масавы і папулярны. Іх праграму бяруць 11 радыёстанцый у Сербіі, а таксама ў Косава і Чарнагорыі. Аўдыторыя слухачоў — 400–500 тысяч. Рэдактаркі — дзве, як яны прадставіліся, Святланы — Лукіч і Вукавіч-Месаровіч. Прычым праграма і сайт рыхтуецца ў асноўным пазаштатнымі аўтарамі, на 60–70 адсоткаў бясплатна. Асаблівасць: акрамя матэрыялаў па Сербіі на сайце змяшчаюць багата перакладаў з замежных крыніц, падлічылі — з 74. Іх пастаўляюць суайчыннікі, што з’ехалі за мяжу. Гэта дастаткова папулярныя публікацыі.

natal_ja_bratulevich_ivan_cveich.jpg

Наталля Братулевіч і Іван Цвеіч

 

«Beta» — класічнае агенцтва навін, як падкрэсліў яго галоўны рэдактар Іван Цвеіч. Прыватнае. 180 журналістаў працуюць па ўсёй Сербіі, таксама ў шэрагу еўрапейскі краін. Пакупнікі прадукцыі агенцтва — на 70 працэнтаў СМІ, на 30 — партыі, дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, амбасады і фірмы. Іх прадукцыя карыстаецца даверам, як якасная і дакладная. «Уплываць на нас, заўважыў спадар Іван, улады нават не спрабуюць, бо мы ведаем іх спосабы, а яны ведаюць устойлівасць нашых журналістаў». А вось само агенцтва ўплываць на сітуацыю спрабуе не толькі праз інфармацыю. У прыватнасці, даслалі ўладам патрабаванне — тэст на дэмакратычнасць: выдаліць з бюджэту фінансаванне агенцтва «Танюг».

Я выказаў шчырую радасць сваім калегам, што над імі не вісіць лязо рэпрэсій і яны могуць гаварыць і пісаць, што захочуць, абсалютна забыўшыся на пагрозу расправы. Такіх выпадкаў за 13 гадоў яны не ўзгадалі ніводнага.

Я разумеў сум калег, калі яны скардзіліся на вузкасць каналаў выхаду і ўплыву на масавую аўдыторыю, на таемную сістэму стрымлівання і ціску. Яны ж зразумелі мой сум, што іх праблемы — гэта праблемы нашага заўтрашняга дня. Але іх урокі лепш ведаць загадзя.