Следства: Паўла Шарамета забілі самаробнай бомбай
Нацыянальная паліцыя і Генеральная пракуратура Украіны пасля двухтыднёвага маўчанне абвясцілі пра новыя дэталі ў справе пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.
Інфармацыю пра гэта паведаміла з раніцы кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Хація Дэканаідзэ, калі на адной з цэнтральных плошчаў Кіева адзначалася першая для рэфармаваных праваахоўных органаў святочная дата — год таму паводле ўказу прэзідэнта замест міліцыі была створаная паліцыя.
Інтрыга трымалася да канца працоўнага дня — прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі выйшлі да журналістаў толькі а 18-й гадзіне. Каля 15 хвілінаў яны дэманстравалі фрагмэнты відэа, якое было вылучанае са 150 камер назірання ў раёне пражывання Паўла Шарамета і месца выбуху.
Па сутнасці, новых дэталяў следчыя і не прадставілі. Асобы падазраваных не ўстаноўленыя, але следства працягвае вывучаць маршрут, па якім яны дайшлі да месца паркавання машыны, што належала грамадзянскай жонцы Паўла — Алене Прытула.
«У справе дапытана ўжо каля 500 сведкаў», — паведаміў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Украіны Андрэй Шаўчэнка. Паводле яго, следства працягвае адпрацоўваць усе чатыры версіі — асабістыя непрыязныя адносіны, прафесійная дзейнасць, дэстабілізацыя сітуацыі ў Кіеве і ва Украіне, а таксама замах на кіраўніка інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Алену Прытула.
Следчыя таксама абнародавалі некаторыя прыкметы асобаў, якія закладвалі выбухоўку ў машыне — малады хлопец спартыўнага складу ростам 168-175 сантыметраў, і дзяўчына — таксама спартыўнага складу ростам 163-168 сантыметраў.
Прадстаўнікі аператыўна-следчай групы не сталі ўдакладняць рэчывы выбухоўкі, адзначыўшы, што гэта была не вайсковая, а самаробная прылада. Яна, аднак, мела паражаючыя элемэнты, якія паходзяць са «стацыянарнай выбуховай прылады». «Хімічны склад пакуль вызначае экспертыза, а яго магутнасць складала ў эквіваленце каля 500 грамаў тратылу», — адзначыў Андрэй Шаўчэнка.
Следчыя яшчэ раз нагадалі, што грамадзяне, якія дапамогуць следству важнай інфармацыяй, атрымаюць узнагароду памерам 200 тысяч грыўняў. У прыватнасці, следства шукае сведку, які праходзіў міма якраз у той час, калі двое маладых людзей закладвалі выбухоўку пад машыну.
Увесь гэты час следства вялося ў закрытым рэжыме, а з-за адсутнасці якой-небудзь інфармацыі журналісцкая супольнасць пэрыядычна публікавала вынікі альтэрнатыўных расследаванняў — такім чынам у інтэрнэце з’явіліся і першыя фотаздымкі магчымых злачынцаў.
Вядомы ўкраінскі журналіст Дзмітры Гнап, які займаецца расследаваннямі ў розных галінах, нядаўна заклікаў інтэрнэт-супольнасць дапамагчы адшукаць чатырох музыкаў, якія ў ноч перад забойствам Паўла Шарамета, магчыма нават у час, калі закладвалася выбухоўка ў аўтамабіль, праходзілі побач.
«Што такое публічнасць ды празрыстасць расследавання, якіх патрабуюць журналісты? Не трэба забывацца пра таямніцу следства, яе яшчэ ніхто не адмяняў», — мяркуе сацыёлаг Павел Кутуеў.
З іншага боку, эксперт звяртае ўвагу на пэўны недавер, які існуе ў грамадстве адносна афіцыйнага следства. «У выпадку менавіта гэтага злачынства існуюць падазрэнні адносна Нацыянальнай паліцыі наконт таго, ці меў месца факт сачэння за забітым журналістам. Менавіта гэта таксама мае стаць прадметам асобнага расследавання праваахоўных органаў, якія знаходзяцца па-за ўплывам Міністэрства ўнутраных спраў. А да таго часу, пакуль гэтыя падазрэнні застаюцца не абвергнутымі, падрываецца і легітымнасць працэсу. І ў гэткім выпадку ніякія заявы ў штогадзінным рэжыме не зменяць сытуацыю», — перакананы Павел Кутуеў.
Паводле Радыё Свабода