Расія сцягвае танкі на адміністрацыйную мяжу Крыма з Украінай
На поўначы Крыму заўважылі вялікую колькасць вайсковай тэхнікі РФ, Джанкой ачэплены танкавай групай.

Ілюстрацыйнае фота
Пра гэта 7 жніўня на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў першы намеснік старшыні Мэджліса крымскіх татараў Нарыман Джэлял.
У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Сусветнага кангрэса крымскіх татараў Ленур Іслямаў паведаміў, што, мяркуючы з усяго, у непасрэднай блізкасці ад адміністрацыйнай мяжы праходзяць вайсковыя вучэнні.
«Намі былі пачутыя аўтаматныя чэргі на тым баку, мы бачылі некалькі гэлікаптэраў, якія перасоўваліся ўздоўж мяжы. Відаць, што вучэнні праходзяць у непасрэднай блізкасці ад адміністрацыйнай мяжы. Што менавіта яны адпрацоўваюць, невядома. Але з паведамленняў людзей, якія там знаходзяцца, за 500 м да КПП акупантаў ужо стаяць узброеныя людзі і блакуюць праезд, каб яны не трапілі нават на адзін КП. Тыя людзі, якія ўжо перасеклі мяжу, ужо стаяць на «нулі»: іх таксама не прапускаюць з нейкай прычыны, яны таксама як у мяшку апынуліся такім. На ўкраінскім боку ўезд адкрыты», — паведаміў Іслямаў тэлеканалу 112.ua.
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны таксама паведамілі, што 7 жніўня пад сем гадзін расейская акупацыйная ўлада з нейкіх прычын прыпыніла правядзенне прапускных аперацый грамадзян і транспартных сродкаў на адміністрацыйнай мяжы з Крымам.
Паводле Хартыі'97