На мітынг Саўчанка сцягнулі больш за тысячу сілавікоў
У цэнтры Кіева ў панядзелак, 8 жніўня, праходзіць акцыя "Не кідай сваіх" з патрабаваннем вызваліць палонных. На мітынг, дзе бярэ ўдзел Надзея Саўчанка, сцягнулі больш за тысячу сілавікоў.

Фота: РБК-Украіна. Мітынгоўцы каля Адміністрацыі прэзідэнта
Сёння ў Кіеве на вуліцы Банкавая пад Адміністрацыяй прэзідэнта праходзіць арганізаваны Надзеяй Саўчанка мітынг. Удзельнікі патрабуюць вызвалення ўкраінскіх закладнікаў з палону сепаратыстаў.
На мітынгу прысутнічаюць Надзея Саўчанка і яе сястра Вера, паведамляе тэлеканал "112 Украіна". Вера Саўчанка заявіла, што ўдзельнікі акцыі маюць намер падпісаць ліст-зварот да прэзідэнта адносна вызвалення ўкраінскіх закладнікаў.
На мітынг таксама прыйшлі байцы, якія раней былі вызваленыя з палону.
"Я папрасіла прыехаць тых, хто быў ваеннапалонным, хто можа распавесці, як там, што там адбываецца. Расказаць і пра тое, дзякуючы каму яны былі абменены і вярнуліся ва Украіну. Таксама хачу пачуць маці, якія вам таксама могуць шмат расказаць таго, што не адбываецца. Я ўжо патэлефанавала Ірыне Герашчанка, папрасіла прыйсці са справаздачай", — сказала Надзея Саўчанка.

Фота "112 Украіна"
На ахову грамадскага парадку ў цэнтры Кіева прыцягнулі больш за тысячу работнікаў сталічнай паліцыі і вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны, паведамляе Корреспондент.net са спасылкай на прэс-службу паліцыі.
"Праваахоўнікі заклікаюць грамадзян выконваць устаноўленыя правілы паводзін у грамадскіх месцах, не парушаць грамадскі парадак і спрыяць праваахоўнікам у выкананні іх функцый па ахове правапарадку", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Мітынг "Не кідай сваіх", дзе бярэ ўдзел Надзея Саўчанка, нешматлюдзны, Інтэрфакс-Украіна паведамляе, што ў акцыі ўдзельнічае крыху больш за сто чалавек.