ФСБ Расіі абвінаваціла ўкраінскую выведку ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме

ФСБ заявіла аб прадухiленнi ў ноч на 7 жніўня тэракту ў Крыме, які рыхтавала ўкраінская выведка. Пра гэта гаворыцца ў заяве ведамства.


«Мэта дыверсій і тэрарыстычных актаў — дэстабілізацыя сацыяльна-палітычнага становішча ў рэгіёне ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў федэральных і рэгіянальных органаў улады»,  паведамілі ў ФСБ, адзначыўшы, што аб'ектамі тэрарыстычных актаў былі «крытычна важныя элементы інфраструктуры і жыццязабеспячэння паўвострава».
На месцы сутыкнення з меркаванымі тэрарыстамі сілавікі выявілі 20 самаробных бомбаў агульнай магутнасцю больш за 40 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце, супрацьпяхотныя і магнітныя міны, гранаты і іншую зброю. Меркаваны арганізатар тэрактаў — нейкі Яўген Паноў — і яго хаўруснікі затрыманыя і ўжо даюць прызнальныя паказанні.
Пры затрыманні меркаваных тэрарыстаў у ноч з 6 на 7 жніўня загінуў супрацоўнік сілавога ведамства.
«У ноч на 8 жніўня 2016 года спецпадраздзяленнямі Міністэрства абароны Украіны былі ажыццяўлены яшчэ дзве спробы прарыву дыверсійна-тэрарыстычных груп, стрыманыя сілавымі падраздзяленнямі ФСБ Расіі і ведамстваў, якія з ёй супрацоўнічаюць. Спробы прарыву прыкрываліся масіраваным абстрэлам з боку сумежнай дзяржавы і бронетэхнікай узброеных сіл Украіны» — дадалі ў ведамстве.
Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа. На мяжы Расіі з Украінай ўведзены ўзмоцнены рэжым памежнай аховы.
Паводле novayagazeta.ru