Слуцк: заробак трэнера — спартыўны касцюм

За працу на паўтары стаўкі малады трэнер Слуцкай дзіцячай спартыўнай школы можа купіць спартыўны касцюм альбо кеды.



img_5928_logo.jpg

Беларусь разрываецца паміж імкненнем стаць суперспартыўнай дзяржавай і недахопам грошай. З аднаго боку, віцэ-прэм’ер Наталля Качанава заявіць, што заробак ў 1,3 млн. для трэнера-пачаткоўца — гэта норма. З другога, — кіраўнік дзяржавы патрабуе спартыўных дасягненняў, і выказвае незадаволенасць нават перамогамі. Маўляў, маглі б лепш.

Каб даведацца, што гавораць самі спартоўцы пра бюджэтную дапамогу спорту, я зазірнула ў Слуцкую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву.

Гэтая школа — адна з лепшых у Мінскай вобласці. За 60 гадоў яна падрыхтавала 5 заслужаных майстроў спорту, 11 майстроў спорту міжнароднага класа, 51 майстра спорту. Менавіта тут вучыліся пераможцы і прызёры чэмпіянатаў Еўропы і свету, удзельніцы Алімпійскіх гульняў па сучаснаму пяцібор’ю Анастасія Пракапенка (Пекін, Лондан), Анастасія Мірончык–Іванова (Лондан), срэбны прызёр чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы Вольга Маслакова, шматразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па кікбоксінгу Вераніка Дамброўская.

На пытанне пра дапамогу дзяржавы супрацоўнікі шкоы, якія пажадалі застацца невядомымі, адказалі без энтузіязму:

— Матэрыяльна-тэхнічная база ў нашай школе нядрэнная. Ёсць добрыя спартыўныя залы, абсталяванне. Але мяркуйце самі: у нашай школе працуюць 4 аддзяленні: гандбол, лёгкая атлетыка, плаванне і мастацкая гімнастыка. На працу ўсіх аддзяленняў мы атрымліваем 60 мільёнаў у год. А ўдзел у адным спаборніцтве — паездка ў Мінск каманды па гандболу — каштуе 15 мільёнаў рублёў. Каб дабівацца спартыўных дасягненняў, патрэбна шмат гульнёвай практыкі, якой нам не хапае. Зразумела, калі б не платныя паслугі для насельніцтва (басейн і спартыўны зал), мы б не здолелі прыстойна існаваць.

Што тычыцца зарплаты — ў маладых трэнераў яна зусім нізкая. Адсюль і цяжкасці з папаўненнем маладымі спецыялістамі. Кваліфікаваныя трэнеры не хочуць звязвацца з такой работай, бо яна не можа забяспечыць ім прыстойнае жыццё. Каб зарабіць некалькі мільёнаў, трэба мець хаця б паўтары стаўкі. Таксама зарплата залежыць ад колькасці выхаванцаў у зборнай камандзе. Набраць дзяцей і ўтрымаць іх даволі складана, паколькі спартыўная школа — гэта не абавязковая агульнаадукацыйная школа.

Дарэчы, намеснік дырэктара школы і сам дырэктар, згодна з новай пастановай ад 24 студзеня 2016 года, не могуць мець вучэбную нагрузку, якая ім раней дазвалялася — 9 гадзін. З аднаго боку, ў можа паменшыцца зарплата, якая і без таго невысокая, а з іншага — выхаванцы могуць пазбавіцца высокапрафесійнага трэнера, якім з’яўляецца дырэктар.

img_5930_logo.jpg

Ілья Малейка, трэнер па гандболу, працуе тут трэці год. Агульны стаж спартыўна-педагагічнай працы — 5 гадоў. Атрымлівае за сваю працу на паўтары стаўкі прыкладна 3,3 мільёнаў  беларускіх рублёў.

Яму 27 гадоў. Высокі, плячысты хлопец. Але сям’ю ў бліжэйым будучым заводзіць не плануе. «Куды жаніцца? З такой зарплатай? Пару разоў схадзіў у краму — і ты ўжо без грошай», — гаворыць Ілля.

— Я катэгарычна не згодны з выказваннем некаторых кіраўнікоў, што мы атрымліваем столькі, на колькі спрацоўваем. Нельга параўнаць працу трэнера альбо доктара з працай на заводзе. Для таго, каб падрыхтаваць выдатнага спартсмена, трэба спачатку знайсці здольнае дзіця, затым — зацікавіць, а пасля яго выхоўваць на працягу многіх гадоў. Дарэчы, зараз у краіне шмат хворых дзяцей з рознымі фізічнымі адхіленнямі, знайсці здаровае дзіця для спорта не так проста.

Малады трэнер лічыць што, каб дзяржава магла ганарыцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі, трэба больш клапаціцца пра ўмовы для развіцця спорта і развіваць нармальную эканоміку.

img_5932_logo.jpg