Слупы згнілі, вада пахне жабкамі, галасаваць няма за каго
Радзічава ў Слуцкім раёне цяжка назваць «неперспектыўнай глыбінкай». Да Слуцка якіх-небудзь 10 кіламетраў. Знаходзіцца вёска паміж аўтамабільнымі дарогамі Мінск — Слуцк і Слуцк — Капыль. Але яе жыхары (а іх каля ста чалавек) лічаць, што ўлада забыла пра іх.
Дрэнная вада, адсутнасць асвятлення вуліц, прагнілыя апоры вулічнага асвятлення, яміны на дарогах — пералік скаргаў, з якімі насельніцтва ў пісьмовай форме звярнулася ў снежні да райвыканкама, быў вялікі.
— Складаецца ўражанне, што пасля закрыцця мясцовага завода «Металіст» 7 гадоў таму мы вярнуліся ў пасляваенныя часы, — распавядае Ірына Ляцкая, пенсіянерка і былая працаўніца завода. — Я ўжо нават не кажу пра закрыццё дзіцячага садка, клуба, пачатковай школы і аўтобуснага рэйса да горада. Што паробіш — новыя сацыяльныя стандарты і «нерэнтабельнасць». Але ў мяне адчуванне, што жыхароў вёскі, большасць з якіх цяпер людзі сталага веку, таксама палічылі «нерэнтабельнымі» і пакінулі дажываць пад трухлявымі электрычнымі слупамі і з гнілой вадой.
Будынак зачыненага завода
Ірыне Аляксееўне — 68 гадоў, у гэтай вёсцы яна нарадзілася і вырасла. Працоўную дзейнасць пачала і скончыла на мясцовым заводзе, на якім страціла руку ў выніку вытворчай траўмы. Яна нават не памятае, калі электрыкі ставілі драўляныя слупы і нацягвалі драты. Тыя ж пасляваенныя слупы — счарнелыя, пакрыўленыя і трухлявыя, з абвіслымі дратамі — стаяць да гэтага часу ды пагражаюць жыццям вяскоўцаў. На некаторых слупах вісяць своеасаблівыя «грузікі» — звычайныя жалезныя замкі, якія павінны рэгуляваць правісанне дратоў.
Пенсіянерка распавядае: напярэдадні новага года калектыўны зварот-скаргу на дрэнныя ўмовы жыцця, што жыхары вёскі даслалі 4 снежня, кіраўніцтва райвыканкама ўрэшце заўважыла і накіравала прадстаўнічую камісію, якая складалася з намеснікаў кіраўнікоў розных аддзелаў райвыканкама. Прысутнічаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Ражанец.
Сустрэча мела некалькі пазітыўных вынікаў: з 1 студзеня 2018 года ў вёсцы запрацавала лазня і было выканана грэйдаванне вуліцы. Цяпер вяскоўцы змогуць мыцца аж 2 разы на месяц цёплай, але той жа іржавай вадой. Кошт памыўкі — 5 рублёў 90 капеек з аднаго чалавека.
У лазню прывезлі дровы
Аднак такія праблемы, як рамонт дарогі да аграгарадка Бокшыцы, замена апораў вулічнага асвятлення, гнілая вада, — засталіся ў падвешаным стане.
— На сходзе высветлілася, што вулічныя электрычныя слупы нікому не належаць, — скардзіцца жанчына. — Пры гэтым мы кожны месяц спраўна плацім за электрычнасць у КУП «Слуцкая ЖКГ». Зразумела, што пад гнілымі і пахіленымі слупамі страшна хадзіць па вуліцах і жыць у хатах. Ад нераўнамернага напружання перапальваецца хатняе электраабсталяванне, у тым ліку тэлевізары, лядоўні, пральныя машыны. Святло то гарыць, то не гарыць.
Дарэчы, сведчаннем самастойнага і незалежнага існавання апор вулічнага асвятлення ад волі людзей з’явілася ўключаная лямпачка на адным з ліхтароў, якая асвятляла вуліцу сярод белага дня 11 студзеня падчас майго прыезду.
— Унучка не хоча мыцца вадой, якая цячэ з крана, гаворыць, што вада пахне жабкамі, — працягвае распавядаць Ірына Аляксееўна. — Прадстаўнікі ўлады прапанавалі нам купляць ваду ў краме альбо пабудаваць за свае грошы новы водаправод. А дзе ж узяць грошы на ўсё гэта пры такіх жабрацкіх пенсіях і заробках?
Аляксандр Сурмачэўскі — яшчэ адзін жыхар вёскі — не хавае свайго абурэння, калі распавядае пра вясковыя праблемы.
— Школьны аўтобус возіць дзяцей у школу па ямах. Абяцалі, што будуць вазіць дзяцей у школу і на гурткі па суботах. Але з-за дрэннай дарогі дзеці на гурткі не ездзяць, — гаворыць мужчына. — Вада ў нас заўсёды была нядобрая, але цяпер прагнілі ўшчэнт трубы ў свідравіне. Да таго ж некалькі гадоў з-за адсутнасці рамонту перастала працаваць воданапорная вежа, якая дапамагала вадзе адстойвацца.
Аднак замест таго, каб адрамантаваць вежу, некалькі гадоў таму яе зачынілі, і вада наўпрост паступае ў дамы з даўно нячышчанай і не рамантаванай свідравіны. Зараз чыноўнікі скардзяцца, што рамонт водазабеспячэння занадта дарагі, і даюць зразумець, што праблема водазабеспячэння — гэта наша ўласная праблема.
Усіх вяскоўцаў хвалюе праблема бяспекі жыцця і здароўя. У вёсцы адсутнічае асфальт, а сельскагаспадарчы транспарт не мае аб’яздной дарогі. Людзі пакутуюць ад пылу ў сонечныя дні і месяць бруд па цёмных вуліцах падчас дажджоў.
У вёсцы Радзічава можна пабачыць шмат пакінутых будынкаў, якія з’яўляюцца папросту небяспечнымі. У адчыненым памяшканні былога клуба, які ўжо даўно без дзвярэй і вокнаў, прагніў і гатовы зваліцца на галовы выпадковых наведвальнікаў дах.
Былы клуб
Яшчэ больш небяспечным з’яўляецца будынак былога пажарнага калодзежа. Тут пад праваленым дахам знаходзяцца глыбокія яміны, запоўненыя вадой. Як вядома, менавіта ў такіх небяспечных і таямнічых месцах любяць гуляць дзеці.
Жыхары вёскі лічаць Аляксандра Сурмачэўскага сваім актывістам, і нават спрабавалі вылучыць яго ў дэпутаты для вырашэння вясковых праблем. Зарэгістравалі ініцыятыўную групу ў мясцовай выбарчай камісіі, але не ведалі, што адной ініцыятыўнай групы мала, і што патрэбна сабраць і своечасова здаць подпісы за свайго вылучэнца. Паколькі Аляксандр не быў зарэгістраваны, людзі цяпер не хочуць галасаваць за кандыдата з аграгарадка Бокшыцы і скардзяцца на старшыню сельвыканкама, што ён не патлумачыў ім выбарчы закон.
— Нам такая дэпутатка не патрэбна, бо яна будзе сядзець на сесіях і маўчаць. Да таго ж, яна нічым сябе не праявіла, не з нашага сяла і не будзе цікавіцца нашымі клопатамі, — выказала сваю думку яшчэ адна жанчына з натоўпу людзей, якія гутарылі з журналістам.
Пакрыўджаныя цяжкімі абставінамі жыцця, многія вяскоўцы не хочуць удзельнічаць у галасаванні. Тым не менш людзі настроены па-баявому, чакаюць пісьмовага адказу з райвыканкаму, які пакуль што затрымліваецца.
Каб паскорыць вырашэнне праблемы небяспечнай падачы электраэнергіі і каб не дапусціць рэальную катастрофу, журналіст НЧ звярнулася да начальніка Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзмітрый Ліхадзіеўскі паведаміў, што ад насельніцтва вёскі на адрас іх ведамства да гэтага часу не паступіла ніводнай скаргі.
— Калі б аддзел па надзвычайных сітуацыях атрымаў падобную скаргу, мы б адправілі прадпісанне аб прыняцці мер у адпаведныя інстанцыі, — запэўніў начальнік раённага аддзела МНС.
Таксама ён праінфармаваў, што на вышэйшым узроўні кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама зараз вырашаецца пытанне пра перадачу вулічных апор асвятлення на баланс Слуцкіх электрасетак, якія мусяць паставіць новыя электрычныя слупы.
Будзем спадзявацца, што пакрысе вёска Радзічава атрымае цывілізаваныя ўмовы для жыцця, а жыхары набудуць пісьмовыя навыкі ў выкарыстанні заканадаўства аб зваротах грамадзян, і нават пачнуць чытаць Выбарчы кодэкс.