СМІ: Лукашэнка губляе падтрымку сілавікоў, у міліцыі — сур'ёзны адток кадраў

Аляксандр Лукашэнка паступова губляе падтрымку ў беларускіх сілавых структурах, значная частка супрацоўнікаў ужо сышла са службы за час правядзення прэзідэнцкай кампаніі і перыяд пасля выбараў. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле амерыканскага часопіса Foreign Policy, паведамляе TUT.BY.



vas_vot_marsh_20201011_20201011_008_1.jpg

Аўтары матэрыялу — выканаўчы дырэктар міжнароднага аналітычнага цэнтра ISANS (The International Strategic Action Network for Security) Улад Кобец і яго эксперт, былы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэймер. На іх думку, слупамі беларускага рэжыму з'яўляюцца падтрымка Масквы і лаяльнасць прадстаўнікоў сілавых структур.

Аднак яны сцвярджаюць, што Аляксандр Лукашэнка паступова губляе падтрымку сілавікоў, а адток супрацоўнікаў з МУС і іншых праваахоўных органаў пачаўся яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі і працягваецца дагэтуль, некаторыя супрацоўнікі МУС проста не выйшлі на працу ў дзень галасавання.

З іх слоў, цэнтр ISANS мае інфармацыю, што адток кадраў з Міністэрства ўнутраных спраў моцна вырас пасля выбараў. У артыкуле сцвярджаецца, што на канец жніўня супрацоўнікі МУС падалі больш за 300 рапартаў аб звальненні, а ў верасні тэмпы гэтага працэсу істотна павялічыліся.

У артыкуле адзначаецца, што да 1 лістапада колькасць супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкама скарацілася на 18%, а Цэнтральнае РУУС сталіцы страціла 29% свайго персаналу. Многія з тых, хто сышоў са службы, атрымалі дапамогу са створаных для гэтай мэты фондаў падтрымкі звольненых сілавікоў.

У артыкуле згадваецца і ініцыятыва ByPol, у якую ўваходзяць былыя работнікі розных сілавых ведамстваў. Як сцвярджаецца, яна валодае дакументамі пра больш чым 1100 выпадкаў катаванняў і нанясення сур'ёзных траўмаў грамадзянам толькі за перыяд з 9 па 21 жніўня, агульная ж колькасць падобных выпадкаў толькі працягвае расці. Гэтую інфармацыю збіраюць для таго, каб усталяваць датычных да супрацьпраўных дзеянняў.

Як паведамляецца, заснавальнікі ByPol сустракаліся ў Варшаве са Святланай Ціханоўскай і прапанавалі стварыць прафсаюз супрацоўнікаў сілавых структур, які можа стаць асновай для стварэння новых беларускіх праваахоўных органаў пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі.

«Супрацоўнікі сілавых структур, арганізаваныя ў ByPol, могуць сфарміраваць ядро для новай беларускай паліцыі, якая заменіць існую, асабліва жорсткія падраздзяленні АМАПа, якія заплямілі сябе крывёю мірных беларусаў. ByPol можа таксама сфарміраваць аснову для абноўленай пракуратуры і праваахоўных органаў. Яго таксама можна выкарыстоўваць для расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўчынілі злачынствы супраць свайго народа», — гаворыцца ў артыкуле.

Па словах аўтараў матэрыялу, падтрымка падобных ініцыятыў абавязаная стаць прыярытэтам як для беларускай апазіцыі, так і для Захаду і павінна ўключаць фінансавую дапамогу супрацоўнікам, якія страцілі працу, а таксама гарантыі недатыкальнасці для тых, хто гатовы даць паказанні супраць калегаў, вінаватых у злачынствах.

Сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL Яраслаў Ліхачэўскі, які працягнуў праект Мікіты Мікада па падтрымцы сілавікоў, якія звольніліся, паведамляў у лістападзе, што да іх па дапамогу звярнуўся 461 прадстаўнік сілавых ведамстваў. Але рэальная лічба, па яго думку, верагодна, большая, пра гэта ён казаў «Радыё Свабода».

Экс-міністр унутраных спраў Юрый Караеў назваў такіх міліцыянтаў «здраднікамі».

«Я з імі не хачу размаўляць і казаць я ім нічога не хачу. Гэта іх выбар, пра здраднікаў усё сказана», — казаў у бытнасць міністрам Караеў. Статыстыку па звольненых за гэты перыяд супрацоўнікам ён не агучыў.

У сярэдзіне верасня афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава назвала ілжывымі паведамленні пра масавыя звальненні супрацоўнікаў з праваахоўных органаў. Паводле яе слоў, за восем месяцаў бягучага года з органаў унутраных спраў звольнілася на 11% менш міліцыянтаў, чым за аналагічны перыяд 2019 года.

Паводле tut.by

Пераклад НЧ