З'явілася новае відэа, што дэманструе злачынствы сілавікоў увечары 9 жніўня

"Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў" апрылюдніла новае відэа, якое паказвае, што сілавікамі 9 жніўня была падрыхтавана правакацыя з ужываннем выбуховых прыладаў.



9_zniunja.jpg

У распараджэнні "Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў" аказаліся відэа, якія дэманструюць правакацыйныя і супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян увечары 9 жніўня 2020 года.

Відэазапісы паказваюць, што была падрыхтаваная правакацыя з ужываннем выбуховых прылад. Ёсць усе падставы меркаваць, што гэта загадзя спланаваная акцыя, паколькі перад выкарыстаннем першага выбуховага прыстасавання практычна ўсе сілавікі схаваліся ў аўтобусах і аўтазаках, а група ў складзе 7 чалавек у цывільным адзенні і з рацыямі прывяла ў дзеянне тры выбуховыя прылады.

На відэа таксама відаць, што бяззбройныя мітынгоўцы нічым не пагражаюць сілавікам. У людзей няма ніякай арматуры, кактэйляў Молатава, камянёў і іншага, пра што нястомна спрабуе паўтараць дзяржпрапаганда. І тыя метады падаўлення, якія ўжывалі супрацоўнікі сілавых структур, да пратэстоўцаў зусім не абгрунтаваныя па сваёй жорсткасці.


Павел Латушка, кіраўнік НАУ адзначыў: "Сумесна з BYPOL і па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай мы запусцілі Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў (АКРЗ) як інструмент, які зафіксуе злачынствы рэжыму, а таксама створыць матэрыялы для расследавання і справядлівага суда ў будучыні. Усе вінаватыя панясуць адказнасць. Людзі, якія своечасова адмовіліся быць на злачынным баку, — змогуць атрымаць змякчэнне пакарання. А тым, хто не здзяйсняў злачынствы, не давядзецца адказваць за супрацьпраўныя дзеянні калег. Штодня мы атрымліваем доказы, чыстасардэчныя прызнанні, паказанні сведак. Людзі з сістэмы ўсё больш актыўна супрацоўнічаюць з АКРЗ — на гэта мы і разлічвалі, ствараючы платформу".

Адзначаецца, што на адрас АКРЗ паступілі тэрабайты матэрыялаў з гарадскога відэаназірання і з нагрудных відэакамер сілавікоў — яны цяпер апрацоўваюцца экспертамі. З'яўленне такіх запісаў пацвярджае: не ўсе супрацоўнікі сілавых ведамстваў падтрымліваюць беззаконне, многія з іх спрыяюць аднаўленню справядлівасці і актыўна дапамагаюць следству.