Смяротнае сяброўства

Новы год кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў са спадзяванняў “на актыўнае шматпланавае супрацоўніцтва з партнёрамі па Адзінай эканамічнай прасторы — Расіяй і Казахстанам. Разам з тым некаторыя ключавыя пытанні, у прыватнасці транзіту нафты праз Беларусь, застаюцца нявырашанымі.

Новы год кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў са спадзяванняў “на актыўнае шматпланавае супрацоўніцтва з партнёрамі па Адзінай эканамічнай прасторы — Расіяй і Казахстанам. Разам з тым некаторыя ключавыя пытанні, у прыватнасці транзіту нафты праз Беларусь, застаюцца нявырашанымі.
У сваім віншавальным пасланні прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву кіраўнік Беларусі напісаў: “Перакананы, што наша канструктыўнае шматпланавае партнёрства будзе і ў далейшым садзейнічаць рэалізацыі патэнцыялу стратэгічнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Расіяй, служыць дадатковым імпульсам да інтэграцыі дзвюх дзяржаў.
Умовы пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ у 2012–2015 гадах узгодненыя — мяркуецца, у 2012 годзе на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы трубаправодным транспартам будзе пастаўлена 21,5 мільёна тон расійскай нафты, што на 3,5 мільёна тон больш, чым у мінулым годзе. Яшчэ 4 мільёна тон нафты будзе пастаўлена з Венесуэлы.
Аднак па важным пытанні — тарыфы на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі ў Еўропу — бакі яшчэ не дамовіліся. Хаця дзейснае пагадненне заканчваецца ўжо праз два з паловай тыдні, 1 лютага. Штогадовы транзіт расійскай нафты праз Беларусь складае каля 75–80 мільёнаў тон. Зацягнуты працэс падпісання новага пагаднення, па інфармацыі РИА “Новости, абумоўлены тым, што беларускі бок мае намер падвысіць тарыфы на транспарціроўку расійскай нафты праз сваю тэрыторыю на 20%. Па беларускай тэрыторыі праходзяць дзве галінкі магістральнага нафтаправода «Дружба».
Нямецкая газета “Die Welt прагназуе, што нафтавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй можа негатыўна адбіцца на нямецкіх спажыўцах вуглевадароднай сыравіны. Таксама гэтае ж выданне піша, што Расія ўжо робіць спробы пастаўляць нафту ў Нямеччыну, абыходзячы нафтаправод «Дружба». У прыватнасці, 7 студзеня ў порт горада Парастак прыбыў танкер, які даставіў каля 80 тысяч тон нафты.
Раней аб’ектам спрэчак і шантажу была газатранспартная сістэма Беларусі “Белтрансгаз, якая ў выніку і апынулася ва ўласнасці “Газпраму. Цяпер аналагічныя крокі могуць быць з боку Расіі і датычна нафтаправоду “Дружба. Тым больш, Расія не хавае сваёй зацікаўленасці ў набыцці актываў у Беларусі.
Але паколькі Аляксандр Лукашэнка моцна трымаецца за фамільнае срэбра краіны — буйныя прадпрыемствы, транзітную інфраструктуру, — то ААТ “Белтрансгаз Расія выкупіла, паабяцаўшы беларускаму боку больш нізкія цэны на газ. Пасля продажу “Белтрансгазу быў падпісаны кантракт на пастаўку расійскага газу ў Беларусь і транзіт гэтага паліва па тэрыторыі Беларусі на 2012–2014 гады. Згодна з папярэднімі дамоўленасцямі, у першым квартале 2012 года Беларусь будзе плаціць за тысячу кубаметраў расійскага газу 164 долары.
Увогуле, узаемаадносіны Беларусі і Расіі даволі моцна прапітаныя духам эканамічных санкцый. Толькі, у адрозненн ад ЗША, Расія называе іх інакш. Напрыклад, рынкавымі адносінамі. У выпадках “узбрыкаў беларускага кіраўніцтва Масква пачынае прад’яўляць прэтэнзіі, абмяжоўваць беларускі імпарт у Расію, пагражаць камерцыйнымі, а не льготнымі цэнамі на вуглевадароды.
Цікава, што нават у палажэннях міжурадавага пагаднення аб умовах куплі-продажу акцый “Белтрансгазу і далейшай дзейнасці прадпрыемства замацаваная магчымасць прымусіць беларускія ўлады выкупіць акцыі ААТ “Белтрансгаз ды кампенсаваць “Газпраму ўсе страты, што могуць у яго паўстаць у сувязі з гэтым.
Увогуле, узаемаадносіны Беларусі і Расіі ўсё больш пераходзяць у форму феадальнай залежнасці. Усходні сюзерэн надзяляе свайго заходняга васала рэсурсам, наўзамен патрабуючы лаяльнасці і згоды. Пры гэтым унутраныя пытанні застаюцца ў кампетэнцыі афіцыйнага Мінска — караць, мілаваць, саджаць у турмы не забараняецца. А вось выходзіць на самастойную, аўтаномную ад Расіі знешнюю палітыку — не.
Беларусь паступова становіцца сатэлітам Расіі, што круціцца строга вакол яе арбіты. Пры гэтым пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў нагадвае пра “выратавальную саломінку: “Але калі раптам Беларусь зноў апынецца ў складанай валютна-фінансавай сітуацыі, як гэта здарылася ў 2011 годзе, то тады, магчыма, трэба будзе падумаць аб пераходзе на агульную з Расіяй валюту. А заявы аналітыкаў, што Адзіная эканамічная прастора ўяўляе сабой спосаб паступовай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі, называе выдумкамі “нядобразычліўцаў і зласліўцаў.
Але варта нагадаць, што эканамічны крызіс у Беларусі не скончыўся. І да праблем з балансам бюджэту, гандлю сёлета дадаюцца выплаты знешніх пазыкаў — больш за дзесяць мільярдаў долараў цягам года. Гэтыя абставіны пакідаюць кіраўніцтву Беларусі хісткія пазіцыі і патрэбу ў апецы “вялікага брата з вялікім гаманцом.