SMS-дзённік з мінулага стагоддзя
Не горад і не вёска. Мястэчка — полікультурны мікракосмас, які Беларусь страціла на пачатку мінулага стагоддзя, хаця сляды яго яшчэ раз-пораз можна сустрэць, вандруючы па краіне.
Вёска Цімкавічы. Краявіды
Напрыклад, ёсць выраз «прайсці па мястэчку» — то бок прагуляцца па гарадку, па крамах.
Вёска Цімкавічы Копыльскага раёна мае багатую і даўнюю гісторыю — больш за пяць вякоў. У мінулым стагоддзі яна мела нават свайго «летапісца». Як беларус задоўга да ІТ-рэвалюцыі засвоіў сучасны фармат мэсіджаў і якая карысць ад звычкі весці дзённікі?
Цімкавіцкі sms-дзённік
У стандартную sms-ку змяшчаецца 160 сімвалаў. Задоўга да з’яўлення мабільнай сувязі жыхар Цімкавічаў Аляксандр Міхайлавіч Андруковіч вёў штодзённыя запісы, якія лёгка ўкладваюцца ў сучасны
фармат шот-паведамленняў. Своеасаблівы лаканічны летапіс мястэчка.
Гісторыя Цімкавічаў налічвае больш за паўтысячагоддзя. Напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя мястэчка мела развітую інфраструктуру: паштовую станцыю, дзве царквы, касцёл, габрэйскія школы,
крамы, спіртзавод, хлебапякарню... Да нашых часоў з гэтага дайшло нямнога. Напрыклад, касцёл святога Міхаіла Архангела згарэў у 1985 годзе. Але засталіся збудаваныя ў памяць аб адмене прыгоннага
права мураваная капліца са званіцай. Пачынаючы з 1652 года, калі Цімкавічы атрымалі Магдэбургскае права, кожную нядзелю ў мястэчку ладзіліся кірмашы.
Цімкавічы былі радзімай шэрагу выбітных асобаў: у 60-х гадах ХІХ стагоддзя ў габрэйскую школу хадзіў будучы класік габрэйскай літаратуры Мэндэле Мойхер Сфорцым, тут вучыліся пісьменнік Кузьма Чорны,
экс-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч, агулам з гэтых краёў выйшлі адзінаццаць дактароў навук, трыццаць кандыдатаў навук.
Сын героя матэрыялу — Аляксандра Андруковіча — былы вайсковец, ужо на пенсіі, жыве ў Слуцку, але бацькавы запісы пра жыццё ў Цімкавічах у пажаўцелых ад часу сшытках захоўвае ашчадна
і трапятліва. Як і фотаздымкі сямейнага альбому: аддрукаваныя на прыгожых кардонных планшэтах у даваенных атэлье ці на простай паперы — невядомым фотааматарам. Гэта гісторыя не толькі
асобнага роду, але і мястэчка.
— Бацька ажаніўся толькі ў пяцьдзесят гадоў. І я не памятаю яго маладым, у маіх успамінах ён заўжды сівы, — пачынае свой расповед Міхаіл Аляксандравіч. — У 1910 годзе тату
забралі ў войска, і падчас першай імперыялістычнай вайны ён патрапіў у палон і прабыў у Нямеччыне ажно пяць гадоў, працаваў там на гаспадарцы бюргера. Пакуль быў у палоне, пісаў дадому лісты,
распавядаў, як яму там жывецца. Былі нават фотаздымкі таты з тутэйшымі паненкамі, расказваў, што збіраўся ажаніцца. Але ў 1919 годзе вярнуўся дадому, ужо ў савецкую Беларусь, пачаў працаваць у
калгасе старшынёй рэвізійнай камісіі, стварыў сям’ю.
Аляксандр Міхайлавіч быў чалавекам пісьменным, яшчэ за царскім часам скончыў Слуцкую гімназію, таму карыстаўся павагай сваіх аднавяскоўцаў, вучыў на даму дзяцей. «Я столькі не прачытаў
твораў класікаў, як мой бацька. Памятаю, да яго мужыкі прыходзілі, любіў пагаварыць — і пра навіны, і пра палітыку», — расказвае сын.
Вёска Цімкавічы. Касцёл Св. Міхала Арханёла. © Zmitser Savelyeu, radzima.org
Многім знаёмае памкненне пачаць весці ўласны дзённік. Але ўслед за такім намерам узнікае пытанне: каму гэта патрэбна? Пасля прачытання запісаў спадара Андруковіча можна сказаць, што праз дзесяткі год
вашыя нататкі могуць быць карыснымі не толькі нашчадкам. Дзённікі спадара Андруковіча лаканічныя, збольшага тычацца спраў гаспадарчых, сямейных: са сваяком выпівалі з нагоды Ражаства, аднавясковец
памёр, карова «гуляла», траву касіў... Але з гэтых запісаў лёгка сканструяваць побыт жыхароў мястэчка таго часу, іх працы і гаспадарчыя клопаты. З таго, што захавалася, запісы
пачынаюцца з 1 студзеня 1941 года. Даследчыкам, натуральна, найбольш цікавыя нататкі паваенных часоў. Думаеце, вайна цалкам разбурае жыццё, незваротна змяняе яго лад?
«22 чэрвеня 1941 года, нядзеля. Даведаўся пра напад на Савецкі саюз.
23 чэрвеня 1941 года, панядзелак. Прызыў, не працаваў.
24 чэрвеня 1941, аўторак. Сеяў, але быў абстраляны з самалёта кулямётным агнём. Кінулі і сышлі.
25 чэрвеня 1941, серада. Дзень прайшоў адносна спакойна, але насельніцтва збіраецца ў бежанцы.
26 чэрвеня 1941, чацвер. У гадзін 12 дня прыйшлі немцы (было спякотна).
27 чэрвеня 1941, пятніца. Ішоў бой увесь дзень. Былі пажары.
28 чэрвеня 1941, субота. Было чуваць артылерыйскую кананаду, але мясцовым было больш спакойна.
29 чэрвеня 1941, нядзеля. Пачаўся ход немцаў на машынах.
30 чэрвеня 1941, панядзелак. У калгасе не працуюць, усё разграбленае. Я пасвіў кароў у чаргу».
А далей жыццё вяртаецца ў сваю каляіну. Гаспадар барануе соткі, косіць траву на поплаве, возіць сена, дровы, не забываецца, што вайна вайной, а Бог усё бачыць, і гнявіць яго не варта, таму на Спас
«не працаваў». Вайна з’яўляецца ў запісах толькі з нагоды надзвычайных здарэнняў: як у вёску прыходзілі немцы ці савецкія войскі.
Капалі ямы на задніх...
Цімкавічы былі тыповым беларускім мястэчкам. А якое ж мястэчка без габрэяў? Прынамсі так было да вайны. Гісторык Іна Соркіна з Гродна займаецца вывучэннем беларускіх мястэчак, што, на жаль, зніклі з
культурна-сацыяльнага ландшафту Беларусі разам са сваёй шматэтнічнасцю і непаўторнасцю. Мястэчкі былі канцэнтраванымі месцамі габрэйскай культуры. Аднак у 20–30 гады мінулага стагоддзя жыццё
зварочвае на новыя рэйкі. Падчас вайны габрэі ў Беларусі былі амаль вынішчаныя, а мястэчкі ператварыліся ў звычайныя паселішчы. Цяпер мы маем гарады і вёскі агульнага тыпажу, з прыблізна аднародным
складам насельніцтва паводле веры і культуры. Беларуская аўтэнтыка канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сышла ў нябыт.
Міхаіл Андруковіч пераказвае аповеды свайго бацькі:
— Калі немцы прыйшлі ў Цімкавічы, то першы час нікога не чапалі. А пасля нехта данёс, што ў мястэчку застаўся міліцыянер. Яго знайшлі і забілі. І жанчыну, якая схавалася са страху ў пярыну,
застрэлілі...
А вось што сведчыць дзённік: «8 верасня 1941. Мястэчка ачапілі. Усіх выгналі на плошчу, габрэяў асобна».
Пасля гэтай «сарціроўкі» габрэям загадалі на спіне насіць нашытую зорку Давіда. Далей ідзе такі запіс: «Пасвіў кароў, 14 штук. Без габрэйскіх».
«26 кастрычніка 1941. Перасяленне габрэяў — зрабілі гета».
Гета было створана па адзін бок вуліцы, на другім пакінулі жыць цімкаўцаў. За пераход вуліцы з таго ці іншага боку пагражала пакаранне расстрэлам усёй сям’і. Міхаіл Аляксандравіч гаворыць,
што часам нехта і наважваўся парушыць парадак: «Я быў малы, але памятаю, што колькі разоў да нас прыходзілі з гета па нейкіх справах. То маці заўжды моцна баялася, трымцела
ўся».
Чытаем дзённік далей.
«9 студзеня 1942. Трэці дзень Ражаства Хрыстова, мароз, рабіў махорку дома.
6 сакавіка 1942. Варта на вуліцы.
17 сакавіка 1942. Капаў яму на задніх...»
Гэты запіс патрабуе ўдакладнення. Міхаіл Аляксандравіч гаворыць, што бацька распавядаў, як вяскоўцаў прымушалі капаць ямы на задворках вёскі, якія пасля сталі магіламі для габрэяў. Але ішла вайна, і
бацька асцерагаўся, каб дзённік не знайшлі. Таму апісанне вострых момантаў размытае, асобныя словы наўмысна накрэмзаныя неразборліва.
«21 сакавіка 1942. Мароз 300 C.
25 сакавіка 1942. Пахмурна, поўная адліга, жыдоўскі расстрэл».
Дарэчы, у сакавіку 1942 года былі масавыя пагромы і ў буйнейшым на тэрыторыі Беларусі гета — Мінскім. Праз некалькі месяцаў Цімкавіцкае гета перастала існаваць.
«26 чэрвеня 1942. Расстрэл жыдоў.
27 чэрвеня 1942. Дабівалі жыдоў.
30 чэрвеня 1942. Вазіў з гета габрэйскія рэчы.
16 ліпеня 1942. Налёт на мястэчка партызан. Ноч не спалі, выносілі рэчы на выпадак пажару».
З Цімкавіцкага гета змог уратавацца толькі адзін габрэй — Ісаак Садоўскі. Яго вялі разам з усімі на расстрэл, а ён кінуўся бегчы. Канвой пачаў страляць, Ісаак паваліўся, і немцы вырашылі,
што забілі яго. Чалавек праляжаў так увесь дзень, бачыў, як правялі габрэяў, як усіх расстралялі. І толькі ноччу наважыўся сысці, пазней быў у партызанах. Ісаак пасля вайны з’ехаў з
Беларусі. Толькі цімкаўцы кажуць, што ў чужым краі ён так і не пажыў: нібыта памёр ці то ў самалёце, ці ў хуткім часе па прылёту.
Пасля вайны ў 1946–1947 гадах на месцы расстрэлу габрэяў паставілі невялікі помнік. Надпіс на ім сцвярджае, што пад Цімкавічамі свой спачын знайшлі 960 габрэяў. Цяпер дырэктарка Музея
гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іна Герасімава спрабуе высветліць акалічнасці трагедыі, імёны загінулых, а таксама спраўдзіць інфармацыю, што апроч Ісаака Садоўскага смерці пад Цімкавічамі
пазбег яшчэ адзін чалавек. Міхаіл Аляксандравіч расказвае сямейную гісторыю: быццам бы жонка яго дзядзькі, застаўшыся адна з трыма дзецьмі, доўгі час хавала ў склепе габрэя Шостэра, які ўцёк з гета.
Быццам бы пасля вайны ён стаў вядомым урачом, жыў у Бабруйску і прыязджаў у Цімкавічы, каб аддзячыць Веры Валькоўскай за сваё ўратаванне. Калі так, то спіс беларускіх Праведнікаў свету можа
папоўніцца яшчэ адным імем.
Аўтар выказвае падзяку дырэктару Музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іне Герасімавай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу