Спадчына ЧАЭС: у Беларусі расце пакаленне з генетычнымі дэфектамі
Колькі бы ні спрачаліся лабісты атамнай энергетыкі і антыядзершчыкі, радыяцыя пасля аварыі на ЧАЭС перажыве не адно пакаленне, правакуючы ўзнікненне новых цяжкіх захворванняў. А пераадольваць яе наступствы застанецца простым грамадзянам.
Нашы бліжэйшыя суседзі, якія ня менш за беларусаў пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, з 2013 года пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі пачалі праводзіць аздараўляльна-экалагічныя праграмы. Праект накіраваны на падтрымку людзей, што апынуліся ў зоне радыёактыўнага ўздзеяння. Па словах прафесара Юрыя Бандажэўскага, сёння на тэрыторыях, якія лічыліся пасля аварыі «чыстымі», фіксуецца рост узроўню заражэння стронцыям, прычым фіксуецца ён у мностве біяаб'ектаў. Так, напрыклад, стронцый знаходзяць у попеле, які выграбаюць з печак мясцовыя жыхары Іванкаўскага раёна. Вядома, што ўтвараецца брудны попел ад зараджанай драўніны, якую спальваюць людзі.
«На жаль, такія нашы рэаліі, у такой сітуацыі знаходзіцца насельніцтва, — падкрэслівае прафесар. — Нас цікавіла ўзаемасувязь экалагічнага стану наваколля і здароўя дзяцей, што пражываюць на дадзенай тэрыторыі».
На працягу трох год 4000 дзяцей праходзілі абследаванне, якое выявіла вялікі ўплыў радыяцыі на стан здароўя. Перш за ўсё, як кажуць спецыялісты, пад удар патрапіла сардэчна-сасудзістая сістэма:
Наступная група парушэнняў — праблемы са шчытападобнай залозай. Нягледзячы на тое, што мы звыклі чуць, маўляў, паталогія звязана з радыёактыўным ёдам, якога ўжо няма, і таму колькасць захворванняў змяншаецца. На жаль, гэта не так, і праблемы са шчытападобнай залозай фіксуюцца нават у дзяцей, што нарадзіліся пасля аварыі на ЧАЭС.
«Справа ў тым, што на залозу аказвае ўплыў радыёактыўны цэзій і іншыя элементы. Акрамя гэтага, арганізм дзяцей адчувае недахоп вялікай колькасці рэчываў, якія неабходныя яму для развіцця. Гэты яшчэ адно наступства аварыі — беднасць, якая крочыць разам з радыяцыяй і прыводзіць да мноства парушэнняў», — зазначае Юрый Бандажэўскі.
Людзі проста вымушаны харчавацца прадуктамі, якія заражаны радыёнуклідамі. Такім чынам арганізм атрымоўвае двайны ўдар: ад радыяцыі і недахоп неабходных рэчываў. Невыпадкова, што ў дзяцей назіраюцца парушэнні і дэфіцыт, напрыклад той жа фоліевай кіслаты.
Акрамя гэтага, у 80% дзяцей выяўлены стан гіпергомацыстэінеміі (паталагічны стан арганізма, калі ў крыві павышаны ўзровень гомацыстэіну — амінакіслаты, што змяшчае серу). Ён прыводзіць да цяжкіх парушэнняў і наступстваў: ад інфарктаў і інсультаў да парокаў развіцця. Вялікі ўплыў на гіпергомацыстэінемію мае радыяцыйны фактар, напрыклад пажары ў зоне адчужэння, якія былі ў 2015 годзе.
Вядома, сёння ўжо даводзіцца казаць пра тое, што неабходна сістэма прафілактыкі, выяўлення груп рызыкі і стварэння ўмоў для папярэджання ўзнікнення цяжкіх паталогій.
«Мы сутыкнуліся з парадаксальнай сітуацыяй: людзі, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі, не хочуць разбірацца з праблемай і дапамагаць сваім дзецям. І гэта з улікам, што існуюць варыянты папярэджання захворванняў. Парадаксальная сітуацыя, бо нават жывёлы ратуюць сваіх дзетак!» — здзіўляецца прафесар.
Нельга забываць, што Чарнобыль — дзяржаўная праблема, і перш за ўсё нам неабходна сістэма аб'ектыўнага аналізу. Зараз мы назіраем другі этап наступстваў аварыі на АЭС. Таму, упэўнены Юрый Бандажэўскі, ад уладаў неабходна патрабаваць жорсткага кантролю, каб ні ў арганізме, ні ў прадуктах харчавання не сустракалася радыёактыўных элементаў. Акрамя таго, што людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, павінны атрымоўваць чыстыя харчы з усім комплексам неабходных вітамінаў і мікраэлементаў, важна праводзіць карэкцыйныя мерапрыемствы. І ўсё гэта рабіць у агульнай сукупнасці.
«На жаль, я не магу даць ацэнку стану здароўя беларускіх дзяцей. Аднак яшчэ ў 1990-я гады мне даводзілася назіраць найцяжэйшыя паталогіі ў Гомельскай вобласці: сэрца, печані, шчытападобнай залозы, пашкоджанні органаў зроку.
І неверагодна, што Беларусь будуе Астравецкую АЭС пасля ўсяго, што здарылася. Пры тым, што не толькі беларусы, але і літоўцы будуць адчуваць наступствы ад станцыі ўжо праз некалькі год яе працы. Бо кожная станцыя фаніць, нават пры нармальным цыкле яе функцыянавання. Маюцца даследаванні, якія выявілі, што ў радыусе 10 км ад АЭС узрастае ўзровень захворвання на рак малочнай залозы...
А з улікам, што ўжо ёсць пакаленне дзяцей і дарослых з генетычнымі дэфектамі, яны будуць у першай групе рызыкі, якая трапіць пад уздзеянне радыяцыі», — рэзюмуе прафесар Юрый Бандажэўскі.
homel.greenbelarus.info