Спорт па нядзелях. Салавей нечакана лепшы ў футболе, у біятлоне падводныя плыні

Чарговы тыдзень сыходзіць — чарговы дайджэст беларускіх спартыўных падзей у адным кліку ад вас.

Андрэй Салавей

Андрэй Салавей

Абралі футбаліста года — і пачаліся спрэчкі

Як героі савецкай камедыі кожны год 31 снежня хадзілі ў лазню, так у беларускім футболе пасля сканчэння сезона вызначаюць лепшых — гульцоў, трэнераў і суддзяў. Дзеля празрыстасці і справядлівасці выкарыстоўваюць методыкі апытання — прафесіяналаў, спецыялістаў і журналістаў — а пасля голас кожнага друкуюць у свежым нумары «Прэсбола». Традыцыі шмат гадоў, яе вытокі палягаюць яшчэ ў савецкім часе, таму лаўрэатаў справядліва лічаць ледзьве не народнымі абраннікамі.

Сёлета ўсё прайшло па звыклым сцэнары. Прагаласавалі, палічылі, падсумавалі. І выявілася, што выбар большасці шмат каму не спадабаўся. І добра б гаворка ішла пра нейкія другасныя намінацыі — дык не: крытычныя стрэлы паляцелі ва ўладальнікаў галоўных узнагарод. Трэнера года Івана Біёнчыка і — асабліва — футбаліста года Андрэя Салаўя.

З трэнерам, зрэшты, яшчэ больш-менш. Так, Біёнчык у 2021-м нічога не выйграў, але ж падняў сціплы «Гомель» на чацвёртае месца. Неблагое дасягненне, калі ўлічваць, што тройку прызёраў лёгка было прадбачыць яшчэ ўвесну. Дый вярхі кампетэнцыю гомельскага коўча ацанілі па высокім рахунку — у наступным сезоне Біёнчык будзе трэніраваць «Шахцёр». Таму, за няйменнем больш якасных альтэрнатыў, футбольная супольнасць прагаласавала за маладога (36 гадоў) спецыяліста.

Куды больш дыскусій выклікаў выбар Андрэя Салаўя ў якасці лепшага гульца Беларусі-2021. Ён таксама з Гомеля, і, бадай, адзінае яго дасягненне ў мінулым сезоне — 18 забітых галоў у чэмпіянаце краіны. Гэта нават не лепшы паказчык, бо першым бамбардзірам (19 мячоў) у Вышэйшай лізе стаў салігорскі афрыканец Дэмба Дарба.

Галоўным жа генератарам скепсісу на адрас гомельскага нападаючага стала тое, што ён нават не з’яўляецца жалезным футбалістам нацыянальнай зборнай. Як гэта? — задаюцца пытаннем крытыкі. Усе лепшыя гуляюць за зборную, а самы лепшы толькі-толькі ў камандзе дэбютаваў, дый нават не надта паспяхова.

Рацыя ў такіх разважаннях, вядома, ёсць. Аднак ёсць і разуменне іншага — самага важнага. Такі ўжо сёння ў нас футбол, што абраць у ім лепшага футбаліста — што той біном Ньютана. Не таму, што, як некалі, вартых перамогі дастаткова, аж вочы разбягаюцца. Наадварот: воку няма за каго зачапіцца.

Ну што тая зборная за крытэр? Прайграла ўсё запар. Ну што ў нас за легіянеры? У Маскве мала гуляе Віталь Лісаковіч, у Кіеве мала гуляе Ілля Шкурын, недзе яшчэ нехта яшчэ таксама корпаецца без асаблівых узлётаў — ім хіба аддаць нацыянальны футбольны «Оскар»?

То хай ужо сапраўды будзе той Салавей, што высока не лятае. Да хлопца, дарэчы, пытанняў няма — гуляе, як умее, стараецца. А што агульны ўзровень так упаў… Што выбару амаль не засталося… Што лепшымі зараз становяцца гульцы беларускіх клубаў-сераднякоў, хаця раней аб тым нават не марылі футбалісты маскоўскага «Спартака», італьянскай «Пармы» ці ўкраінскага «Дняпра»… То гэта тэма зусім іншай размовы. І пачынаць яе, шчыра кажучы, трэба было яшчэ колькі год таму.

У жаночай біятлоннай зборнай — медалі і «Санта-Барбара»

У цяперашнім жыцці беларускага біятлона ёсць два бакі. Знешні, публічны — дзе дзяўчаты і хлопцы спаборнічаюць, лічачы секунды на лыжні і закрытыя мішэні. І ценявы, адваротны — дзе паміж зборнікамі і зборніцамі развіваюцца стасункі, прычым не заўсёды добрыя.

Апошнім часам у прэсе і ў кулуарах загаманілі пра тое, што сяброўкі па камандзе не надта ласкавыя з лідаркай Дзінарай Алімбекавай. Не тое, каб канфліктуюць, але і на брудэршафт не завуць. Карацей, трымаюць на адлегласці, а тая і не напрошваецца — таксама мае характар. Прычыны? Тут хутчэй версіі — і іх дзве. Паводле першай, Дзінара нібыта завяла раман з біятланістам Антонам Смольскім, прычым пачыналіся адносіны яшчэ тады, калі хлопец быў жанаты. І гэта, кажуць, вельмі не спадабалася астатнім біятланісткам. Паводле другой версіі — больш празаічнай, — Алімбекава банальна злавіла так званую «зорную хваробу» і сама аддалілася ад калектыву. Менавіта пра гэта сцісла казала ў інтэрв’ю Ганна Сола, але хутка змяніла тэму.

Такія вось жарсці зараз у біятлоне — і акурат, можна сказаць, напярэдадні Алімпіяды. Зрэшты, неабавязкова казаць, што на спартыўныя вынікі такія абставіны ўплываюць кепска. Спорт — і тым больш жаночы — матэрыя тонкая. І прынамсі на гэты час, нягледзячы ні на што, вынікі ў біятлоне годныя. Месцамі нават вельмі — як, напрыклад, другое месца жаночай эстафеты на этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе, альбо сенсацыйнае золата Ганны Солы ў спрынце ў Хахфільцане. Што казаць, калі нават мужчыны пачалі дэманстраваць канкурэнтаздольнасць — і той самы Смольскі ў тым самым Хахфільцане фінішаваў трэцім у спрынтарскай гонцы.

То, можа, яны ведаюць, што робяць — удзельнікі гэтай «Санта-Барбары». Паглядзім — Гульні ў Пекіне пакажуць.

Ганна Сола

Ганна Сола

Хакейнае «Дынама» хістаецца — і ўжо за межамі зоны плэй-оф

І аб хакеі, дзе ўсё зноў не слава богу. Мінскае «Дынама» працягвае здаваць восеньскія заваяванні. Яшчэ пару месяцаў таму, нагадаем, «зубры» хадзілі гогалем — казалі ажно пра жаданне выйграць Кубак Гагарына. Аднак казаць — не мяшкі варочаць, таму з цягам часу перамог станавілася ўсё меней, а суправаджальная рыторыка драбнела.

Пасля серыя няўдач — на сумежжы восені і зімы — «Дынама» двойчы перамагло, і нешматлікіх сёлета заўзятараў гэта падбадзёрыла. Але ненадоўга: услед каманду зноў накрыла туга — тры паразы запар. Апошняя з іх асабліва балючая, бо мала сказаць што ў пятніцу мінчукі саступілі на сваім лёдзе — патрэбна дадаць, што яны капітулявалі ў гульні з прамым канкурэнтам за месца ў плэй-оф ніжагародскаму «Тарпеда». І адпаведна, упершыню ў сезоне пакінулі гэтую самую «зону плэй-оф» — то-бок вываліліся з топ-8 Заходняй канферэнцыі. Калі гэта знак, то дужа дрэнны для галоўнага хакейнага клуба краіны.

Яшчэ нічога не страчана, вядома. Наперадзе 18 матчаў — гуляць ды гуляць. Аднак гуляць мала, трэба перамагаць. А рабіць гэта «зубры» неяк раптам развучыліся, і прасвету пакуль не відаць.

Фота news.pm.by, biathlonworld.com.