Справа Аляксандра Алесіна. Чаму маўчаць калегі?

У выпадку, калі маеш справу з беларускім КДБ, — трэба крычаць.



aliesin2.jpg

Пра тое, што беларускі журналіст, ваенны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандар Алесін затрыманы КДБ, журналісты іншых беларускіх выданняў даведаліся ў чацвер вечарам. Першай аб затрыманні паведаміў сайт charter97.org, затым інфармацыю пачалі публікаваць іншыя інтэрнэт-СМІ. Але, як аказалася, да гэтага часу Алесін знаходзіўся ў СІЗА КДБ па падазрэнні ў шпіянажы і здрадзе дзяржаве ўжо тыдзень. Калегі журналіста з газеты «Беларусы і рынак» увесь гэты час маўчалі.
Па заканчэнні 72 гадзін тэрмін затрымання працягнулі да 10 сутак — гэта ў адпаведнасці з беларускім крымінальным заканадаўствам крайні тэрмін для прад'яўлення абвінавачвання. Алесіна да гэтага часу не выпусцілі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у панядзелак ці аўторак яму павінны прад'явіць абвінавачванне па двух артыкулах: здрада дзяржаве і шпіянаж. На карысць якой краіны шпіянаж — невядома. Як невядома практычна нічога, акрамя таго, што сваякоў паставілі ў вядомасць. Сваякі маўчаць па той жа прычыне, што і журналісты выдання «Беларусы і рынак»: баяцца нашкодзіць.
У КДБ, само сабой, інфармацыю не камэнтуюць.
Першае, што прыйшло ў галаву беларускім калегам Алесіна, — гэта спроба спецслужбаў «вырасціць ведзьму ў сваім калектыве». 10 лістапада генеральная пракуратура Літвы паведаміла, што ў Вільні будзе разглядацца крымінальная справа ў дачыненні да грамадзяніна Літвы, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі. А 3 снежня стала вядома, што яшчэ адзін грамадзянін Літвы затрыманы і абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі. У адказ на выкрыццё трэба тэрмінова шукаць у адказ шпіёнаў. А Алесін усё ж такі піша на ваенныя тэмы. Але наўрад ці гэтая версія дакладная: тыя, каго выкрылі літоўцы, — іх уласныя грамадзяне, а не разведчыкі пад прыкрыццём. Хутчэй за ўсё, кадэбэшнікі проста вырашылі пусціць пыл у вочы: працуем, выкрываем, караем. Такое ўжо было: з ксяндзом Лазарам, якога ў мінулым годзе паўгода трымалі ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў шпіянажы, а потым выпусцілі і паволі закрылі справу. Або з наваполацкім слесарам Андрэем Гайдуковым, які правёў у турме паўтара года па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве і нават быў асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні на тыя ж паўтара года з прымяненнем артыкула «Замах на злачынства».
Вось толькі маўчалі журналісты з газеты «Беларусы і рынак» дарма. «Не нашкодзіць» — запаведзь урачэбная. А ў выпадку, калі маеш справу з беларускім КДБ, — трэба крычаць. Маўчанне заўсёды развязвае нягоднікам рукі.
Ірына Халіп, «Новая газета»