Газета «Беларусы і рынак»: Затрыманне Алесіна — непаразуменне

Інфармацыяй пра прычыны затрымання і пра тое, ці прад'яўлена абвінавачванне ваеннаму эксперту, рэдакцыя газеты не валодае.



aliaksandr_aliesin.jpg

Калегі журналіста газеты «Беларусы і рынак», незалежнага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна спадзяюцца, што ў бліжэйшы час ён выйдзе на волю.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле «Затрыманы наш калега Аляксандр Алесін», апублікаваным у свежым нумары газеты «Беларусы і рынак» ад 8 снежня.
«У журналісцкіх колах Алесін мае бездакорную прафесійную рэпутацыю, за што ўдастойваўся узнагарод. Пры напісанні матэрыялаў ён заўсёды абапіраецца на адкрытыя крыніцы. Затрыманне нашага калегі мы лічым непаразуменнем і спадзяемся, што ў самы бліжэйшы час Алесін выйдзе на свабоду і вернецца да працы ў рэдакцыі», — адзначаецца ў артыкуле.
У матэрыяле паведамляецца, што затрыманне адбылося 25 лістапада, і зараз Алесін знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
«Інфармацыяй пра прычыны затрымання і пра тое, прад'яўленае абвінавачванне нашаму калегу, рэдакцыя не валодае»,  —  падкрэсліваецца ў артыкуле.
Нагадаем, ваенны эксперт, аглядальнік штотыднёвіка «Беларусы і рынак» Аляксандр Алексін быў затрыманы спецслужбамі ў аўторак, 25 лістапада. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён можа падазравацца ў шпіянажы. У КДБ адмаўляюцца каментаваць яго арышт.
Аляксандр Алесін — журналіст, эканамічны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак». Спецыялізуецца ў сферы ваеннай аналітыкі. Пераможца Гран-пры прэміі «Залатое пяро» сярод журналістаў, якія пішуць на аўтамабільную тэматыку ў дзелавых і рэспубліканскіх СМІ (2008).