Справу журналісткі Ціны Палынскай усё ж перадалі ў пракуратуру

Справу Ціны Палынскай з нагоды допісу пра патрыярха Кірыла ў фэйсбуку следчыя ўсё ж перадалі ў пракуратуру.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Сілавікі прыйшлі да полацкай журналісткі Ціны Палынскай у нядзелю, 5 траўня. Нагодай для ператрусу стаў крытычны пост у фэйсбуку пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла. У Ціны забралі кампутар. Паколькі ў торбе і на фотаапараце сілавікі знайшлі стужкі колераў сцяга Украіны, гэта стала дадатковай падставай для судовага разгляду. Пасля ператрусу журналістку адвезлі на допыт ды адпусцілі.  

Суд за стужкі няправільных колераў адбыўся 7 чэрвеня — вынікам судовага разгляду стаў аграмадны штраф у 3200 рублёў.

Тады ж Ціна Палынская паведаміла, што на яе можа быць заведзена крымінальная справа. Гаворка якраз ішла пра допіс, які на той час быў выдалены, пра патрыярха РПЦ Кірыла: «Справа выведзена ў кампетэнцыю Следчага камітэта. Усё будзе вырашаць лінгвістычная экспертыза. Адначасна будуць даследавацца мае паводзіны ў сацсетках на працягу ўсяго... неспакойнага часу», — напісала журналістка.


Сёння следчыя прапанавалі Ціне прыйсці да іх забраць кампутар. Калі журналістка прыйшла па сваю тэхніку, дык даведалася, што справа яе зусім не закрытая, як яна спадзявалася, а перадаецца далей у пракуратуру.

Пра гэта Ціна Палынская паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Мая справа перададзеная ў пракуратуру. Я не так зразумела ранішнюю размову па тэлефоне: "Прыйдзіце за рэчамі. — І ўсё? — І ўсё". Не. Проста "ўсё" следчага — гэта не тое, што разуменне вызначэння "ўсё" з пункту гледжання той, каго дапытваюць, падазраванай — я не ведаю, як яны гэта называюць. Далей ці новы штраф збіраем. Ці рэчы збіраем (гэта я ўжо раву)!! Сёння мне проста вярнулі тэхніку (бясконца доўгі працэс) і правялі ўласна Дазнанне. У сэнсе, яны пыталіся, я адказвала… "Далей, Ціна Захараўна, усё вырашыць пракуратура».

Журналістка спадзяецца, аднак, што ў пракуратуры ёй таксама пашанцуе на «добрых людзей». «Пакуль што ўсе, каго я сустрэла за гэтую гісторыю, — добрыя людзі. Не тыя, каму за радасць мучыць іншых».