Сталінізм не павінен мець шанцаў
7-е лістапада, "чырвоны дзень календара", для шмат якіх беларусаў носіць адценне крыві. Па сведчанні гісторыкаў, у некаторых раёнах Беларусі ў выніку сталінскіх рэпрэсій загінула больш людзей, чым пад час вайны..
Пасля амаль дзевяці гадоў працы Грамадскі трыбунал па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі вынес абвінаваўчае заключэнне.
Вердыкт грунтуецца на дакументах дзяржаўных і асабістых архіваў, матэрыялах архіўна-следчых спраў, сведкавых паказаннях ахвяр рэпрэсій, іншых пісьмовых і выяўленчых крыніцах, а таксама на матэрыялах грамадскага трыбунала па вывучэнні злачынстваў сталінізму ў Беларусі ў 1920-х — першай палове 1950-х гадоў.
Камітэт складаўся з 33-х чалавек — гісторыкаў, юрыстаў, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў культуры і іншых неабыякавых асобаў.
У абвінаваўчым заключэнні падкрэсліваецца, што маштаб рэпрэсій у СССР ахапіў усе рэгіёны і ўсе пласты грамадства, а палітычна матываваныя прысуды і рашэнні выносіліся як судовымі, так і пазасудовымі органамі, і адрозніваліся неверагоднай жорсткасцю.
Як сведчыць абвінаваўчае заключэнне, паводле афіцыйных дадзеных, было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек (згодна падлікаў незалежных даследчыкаў — звыш 1,4 мільёна жыхароў Беларусі). Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засценках НКВД, загінулі ў ГУЛАГу. Але, акрамя наўпроставых расстрэлаў, пад рэпрэсіі патрапіла значна больш людзей.
Напрыклад, рэалізацыя ідэі татальнай калектывізацыі прывяла не толькі да голаду, у выніку якога былі згубленыя сотні тысяч жыццяў, але і да масавага рабаўніцтва і знішчэння сялянства. У БССР «раскулачылі» больш за чвэрць мільёна чалавек, давялі да галечы і разбурылі не менш за 80% сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтай палітыкі былі падарваныя асновы ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі.
Сталінскія рэпрэсіі былі «кругавой парукай», якой савецкае кіраўніцтва імкнулася павязаць увесь народ. Па ўсёй краіне праходзілі сходы, на якіх людзей прымушалі бурна апладзіраваць публічнай хлусні пра выкрытых і абясшкоджаных «ворагаў народа». Дзяцей змушалі адракацца ад арыштаваных бацькоў, жонак — ад мужоў. Гэта мільёны разбітых сем’яў. Злавесная абрэвіятура «ЧСЗР» — «член сям’і здрадніка Радзімы», з’яўлялася падставай заключэння ў адмысловыя лагеры ўдоваў, чые мужы былі пакараныя па рашэнні Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР. Гэта мільёны сірот, у якіх скралі дзяцінства.
Да істотнага разбурэння нацыянальных каштоўнасцяў, рэлігіі і культуры большасці беларускага народа прывяла палітыка генацыду ў нацыянальна-культурнай сферы.
Вывучаныя трыбуналам матэрыялы ўтрымліваюць пераканаўчыя доказы наяўнасці яшчэ аднаго злачынства — масавага забойства органамі НКУС на тэрыторыі Беларусі не менш як 4000 афіцэраў польскага войска і больш за 7000 чалавек грамадзянскага насельніцтва.
«Вынікі рэпрэсіўнай палітыкі савецкай улады трагічныя: за кароткі гістарычны перыяд кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі ці за калючым дротам, кожны пяты быў дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. У шэрагу населеных пунктаў з прычыны сталінскага тэрору загінула больш жыхароў, чым за перыяд нацысцкай акупацыі», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні.
Грамадскі трыбунал канстатаваў, што «вывучаная доказная база пацвярджае вінаватасць Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і створанай ёю сістэмы карных органаў (ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ) у арганізацыі і ажыццяўленні масавых рэпрэсій супраць свайго народа і замежных грамадзян».
Удзельнікі трыбуналу лічаць, калі наша дзяржава плануе развівацца, яна павінна працаваць над ушанаваннем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Прынамсі, правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю ахвяр палітычнага тэрору перыяду 1920–1950-х гадоў, аднавіць ільготы ахвярам палітычных рэпрэсій і членаў іх сем’яў і ўзвесці агульнанацыянальны помнік загінулым, які быў бы пастаўлены дзяржавай і ад імя дзяржавы.
Таксама прапануецца стварыць агульнанацыянальны Цэнтр даследавання савецкага тэрору, які адпавядаў бы па сваім статусе ўзроўню маштабаў трагедыі, і зрабіць яго метадычным і навуковым цэнтрам музейнай працы па гэтай тэме.
Трыбунал заклікае далучыцца да ініцыятывы Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Украіны, Грузіі, Румыніі і Балгарыі аб стварэнні міжнароднай установы па расследаванні злачынстваў камунізму і прыцягненні вінаватых да адказнасці.
«Сталінізм не павінен мець шанцаў на адраджэнне. Улада, якая не можа ці не хоча адкрыта прызнаць злачынствы і памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтарэнне», — канстатуецца ў заключэнні.
Абвінаваўчы вердыкт сталінізму будзе разасланы ва ўсе дзяржаўныя органы, грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі. Таксама рыхтуецца зварот у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем узбуджэння крымінальнай справы па сукупнасці фактаў, выкладзеных у вердыкце.
Акрамя членаў Грамадскага трыбунала прапанаваны дакумент могуць падпісаць як асабіста, так і ў электронным выглядзе ўсе грамадзяне Беларусі. Папяровы варыянт можна падпісаць па адрасе Чарнышэўскага, 3. Электронны — па спасылцы.
Калі ласка, дасылайце свае подпісы ў наступным фармаце: прозвішча, краіна, горад, каментар, паштовая скрыня ці тэлефон, каментар, чаму падпісваецеся, ці былі рэпрэсаваныя сярод родных,
— на паштовую скрыню:
yratyemkyrapatu@gmail.com