У Мінску пройдзе выстава «Праўда пра Курапаты»
Адкрыццё выставы запланаванае на 13 лістапада.
Facebook
У сталічным Палацы мастацтва адкрыецца першая ў Беларусі дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні».
Пра гэта паведаміў у Facebook Зміцер Захарэвіч.
«Экспазіцыя распавядзе пра мінулае Курапатаў цягам апошніх 27 гадоў, пра першаадкрывальнікаў Нацыянальнага некропалю і яго абаронцаў, пра ахвяраў сталінізму і іх катаў. На выставе можна будзе даведацца пра незвычайныя факты, убачыць унікальныя дакументы, здымкі, артэфакты, кінастужкі і творы выяўленчага мастацтва, большасць з якіх дэманструецца ўпершыню, паслухаць успаміны сведкаў і творы беларускіх бардаў», – напісаў Зміцер Захарэвіч.
У праграме выставы сярод іншага запланаваны паказ стужкі Міхася Жданоўскага «Дарога на Курапаты» і стужкі Вольгі Мікалайчык «Я – голас Курапатаў».
Наведаць выставу можна будзе па 16 лістапада (уключана), нагадвае "Белсат".