Яго расстрэльвалі ў Курапатах

Сільвестра Мацкевіча — пчаляра з вёскі Скібічы Драгічынскага раёна на Берасцейшчыне, які нарадзіўся 18 верасня 1909 году, расстрэльвалі ў Курапатах, але не забілі.



kurapaty_vystava_12_11_15_2.jpg

Гэтую фантастычную гісторыю пра свайго дзеда аўтару артыкулу распавёў старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч пад час падрыхтоўкі дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, што адчыніцца 13 лістапада а 17.00 у сталічным Палацы мастацтва па вуліцы імя Васіля Казлова, 3.

Гісторыя з цудоўным выратаваннем Сільвестра Мацкевіч заснаваная на фактах. Напрыканцы 1940 — на пачатку 1941 гадоў спадар Мацкевіч, як працавіты і заможны селянін трапіў у Драгічынскую турму, пры гэтым згубіў сваю вялікую і дагледжаную гаспадарку. Праз некаторы час спадар Сільвестр быў вызвалены, аднак паколькі не згадзіўся супрацоўнічаць з савецкімі спецслужбамі, зноў апынуўся за кратамі, а потым быў этапаваны ў Мінск.

У першыя дні вайны разам з іншымі шматлікімі “ворагамі народу” спадара Мацкевіча прывезлі ў Курапаты і загадалі распрануцца нібыта для правядзення надгляду, уключылі фары і пачалі расстрэльваць з кулямёта зняволеных, пастаўленых каля ямы ў два шэрагі. Сільвестр Мацкевіч  стаяў у другім шэрагу і як толькі пачалі страляць, зваліўся ў яму разам з іншымі людзьмі. А паколькі ні адна куля яго не зачапіла, сціснуўшы зубы не войкнуў, калі каты каванымі ботамі білі яго па жываце і галаве, Бо разумеў: войкнеш — даб’юць. А ноччу выпаўз з-пад трупаў і разам з яшчэ адным ацалелым вязням, якога называў палякам рушыў да бліжэйшай вёскі. Там даведаўся, што страшнае месца расстрэлу ў народзе завуць Курапатамі, у вёсцы атрымаў дапамогу вопраткай і абуткам, адтуль рушыў курсам на сваю вёску.

Улетку 1944 году зразумеў, што на гэты раз саветы яго ўжо дакладна заб’юць. Вось чаму  вырашыў не выпрабоўваць лёс і пайшоў на захад. З Нямеччыны пасля вайны  дадому не вярнуўся, а атабарыўся ў ЗША, дзе і пражыў у Чыкага, займаючыся сваім любым пчалярствам, аж да самага адыходу ў лепшы свет 9 ліпеня 1986 году.

Аповед Сяргея Мацкевіча пра ягонага дзеда увойдзе ў экспазіцыю выставы ў аўдыёланцугу з 20 запісаў сведак падзей, што маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Курапатаў.

Праўда пра гэтае ўрочышча на паўночна-усходнім ускрайку Мінска была адкрытая ў 1988 годзе. Археолаг Зянон Пазьняк і інжынер Яўген Шмыгалёў сабралі факты, успаміны сведак і надрукавалі артыкул “Курапаты — дарога смерці”. У ім было даказана, што ў лясным ўрочышчы плошчай больш за 26 гектараў на паўночна-ўсходнім ускрайку Менска ў 1930-я гады савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей — ахвяраў сталінізму. Пра гэтую трагедыю на курапацкіх пагорках і сёння сведчаць каля 510 западзін — пахаванні нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.

З тых даваенных гадоў, як Курапаты сталі месцам згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій, урочышча перажыло цяжкія часы. Праз яго праклалі магістральны газаправод высокага ціску, пабудавалі, а затым пашырылі Мінскую кальцавую аўтадарогу, у лясным масіве раскапалі і эксгумавалі шмат з выяўленых на сёння пахаванняў, відаць, хаваючы сляды злачынстваў. Толькі праз пяць год пасля адкрыцця Курапатаў дзяржава надала ім статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. І толькі праз 16 гадоў — зацвердзіла межы зонаў аховы, якія вызначаюць рэжымы ўтрымання тэрыторыі каштоўнасці і прылеглых абшараў. Аднак гэтыя межы няўхільна скарачаюцца. У школьных падручніках гісторыі Беларусі ўвогуле не згадваюцца Курапаты.

Ва ўрочышчы зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў вандалізму, аднак праваахоўныя органы ні разу не затрымалі злачынцаў. А калі ў 2008 годзе гэта здзейснілі грамадскія актывісты, чыноўнікі зрабілі ўсё неабходнае, каб злачынцы засталіся непакаранымі. У 1989 годзе беларускі ўрад прыняў пастанову аб узвядзенні ў Курапатах помніка, але гэтая пастанова не выкананая і па сёння. 

Людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў самі ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяраў НКВД, у тым ліку сваіх дзядоў і бацькоў, месца спачыну якіх невядомае. Менавіта грамадства ўзвяло ва ўрочышчы народны мемарыял і даглядае яго. Менавіта беларуская моладзь зімой 2001—2002 гадоў абараніла ўрочышча ад наступу будаўнікоў падчас пашырэння МКАД. Менавіта грамадзяне парушылі планы будаўніцтва на полі паміж Курапатамі і “Экспабелам” катэджнага пасёлку “Сонечны” з праваслаўнай царквой. Менавіта грамадскасць сваімі сістэматычнымі захадамі, у тым ліку судамі, ліставаннем да чыноўніцтва і зваротамі, дагэтуль стрымлівае адкрыццё незаконна і самавольна ўзведзенага ля заходняй мяжы ўрочышча забаўляльнага комплексу. Менавіта грамадства дамаглося ўключэння ў ахоўную зону Курапатаў “Дарогі смерці”, па якой у 1930-я гады людзей вазілі на расстрэл.

kurapati_vistava_12_11_15_1.jpg

Ва ўрочышчы стаяць сотні крыжоў, узведзеных людзьмі з усёй Беларусі. Мемарыяльны камень у Курапатах паставілі беларускія габрэі, ёсць крыж памяці ад палякаў, стаіць помнік ад амерыканскага народу — мемарыяльная лава, якую ў 1994 годзе перадаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. У 2013 годзе на сродкі архітэктара Маі Кляшторнай, дачкі расстралянага ў 1930-я гады пісьменніка Тодара Кляшторнага, па перыметры Курапатаў усталявана 11 ахоўных і памежных камянёў.

І на новыя выклікі супраць Курапатаў павінна адказаць грамадства. Трэба захаваць некранутаю “Дарогу смерці” падчас будаўніцтва з усходняга боку ўрочышча Міжнароднага выставачнага цэнтру. Трэба адвесці ад мемарыяльнага курапацкага лесу пагрозу знішчэння ў сувязі з пагаршэннем экалагічнай сітуацыі пры далейшай забудове прылеглай тэрыторыі. Шмат высілкаў спатрэбіцца, каб уключыць “Дарогу смерці” ў склад каштоўнасці, правесці нацыянальны конкурс на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў, адкрыць імёны забітых ва ўрочышчы людзей і належна ўшанаваць іх памяць, пабудаваць міжканфесійную капліцу і адчыніць Музей ахвяраў сталінізму, урэшце, зрабіць так, каб пра нацыянальны некропаль змог дазнацца кожны жыхар краіны. Менавіта пра гэта мараць сёння арганізатары выставы і тыя, каму баляць Курапаты.

Выстава падрыхтавана ў рамках рэалізацыі стратэгіі мемарыялізацыі Курапатаў, распрацаванай сябрамі ГІ “Эксперты ў абарону Курапатаў” (kurapaty@bielarus.by) пры падтрымцы Асамблеі  няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, грамадскіх аб’яднанняў “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” і “Дыярыуш”, электроннага архіву “Вытокі” (vytoki.net), прафсаюзу РЭП і Арт Cядзібы.

Да ўдзелу у адкрыцці выставы запрошаныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, дыпламаты і журналісты. У праграме выставы — прэсавая канферэнцыя (16.11 а 12.00), выступ бардаў Аляксея Галіча і Змітра Захарэвіча (15.11 а 15.00), а таксама дэманстрацыя стужак Міхася Жданоўскага (14.11 а 15.00) і Вольгі Мікалайчык (16.11 а 17.00), прысвечаных Курапатам.