Абскарджаны адказ пра засакрэчанасць імёнаў расстраляных у Курапатах
Пададзеная скарга на адказ ад 27 кастрычніка начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігара Сеўрука наконт таго, што імёны расстраляных у Курапатах, вядомыя Генпракуратуры, адносяцца да дзяражўных сакрэтаў.
Нагадаем, што 28 верасня старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаеў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу звярнуліся з лістом да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка наконт імёнаў трох расстраляных у Курапатах, вядомых Генпракуратуры.
У лісце ўзгадвалася, што ў 1997 – 1999 гадах Генпракуратура праводзіла дадатковае расследаванне пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.
9 лістапада 2001 года старшыня грамадскага аб’яднання “Дыярыуш” Ларыса Андросік звярнулася ў Генпракуратуру з пісьмовай просьбай давесці да грамадскасці асноўныя вынікі гэтага дадатковага расследавання.
У сваім адказе ад 7 снежня 2001 года начальнік аддзела па нагляду за выкананнем закону ў войсках і на транспарце Генпракуратуры, старшы дарадца юстыцыі А. Д. Доўбыш паведаміў, у тым ліку, наступнае:
"В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрем 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину".
У сувязі з падрыхтоўкай грамадскасцю дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні” грамадзяне просілі Аляксандра Канюка паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў, расстраляных у Курапатах.
Аднак Генпракуратура не задаволіла просьбу грамадскасці, матывуючы сваю адмову тым, што “усе матэрыялы крымінальнай справы аднесены да дзяржаўных сакрэтаў”.
Вось чаму 6 лістапада грамадзяне абскардзілі гэтую адмову Аляксандру Канюку.
Заяўнікі лічаць адказ Ігара Сеўрука незаконным і неабгрунтаваным, бо згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя”.
Запытаныя дадзеныя пра ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў маюць гістарычнае, маральнае і духоўнае значэнне для народа Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці, зазначаецца ў скарзе.
Яе аўтары нагадваюць, што адмова ў абнародаванні інфармацыі пра імёны нявінна забітых у Курапатах парушае права іхных родзічаў ведаць месца спачыну ахвяраў, парушае Прынцып 16 прынятай ААН у 1998 годзе Канвенцыі "Кіроўныя прынцыпы ў пытанні аб перамяшчэнні асобаў унутры краіны", п. 2 якой сцвярджае: "Адпаведныя органы ўлады павінны прыкладаць намаганні для высвятлення лёсу і месцазнаходжання перамешчаных унутры краіны асобаў, якія лічацца зніклымі без вестак… Яны павінны інфармаваць блізкіх родзічаў пра хаду пошукаў і паведамляць ім пра любыя дасягнутыя вынікі. (…) Адпаведныя органы ўлады павінны прыкладаць намаганні для збору і ідэнтыфікацыі парэштак загінулых асобаў, не дапускаць іх раскрадання і знявагі, а таксама спрыяць вяртанню гэтых парэштак бліжэйшым родзічам ці забяспечыць іх належнае пахаванне".
На падставе выкладзенага грамадзяне просяць Аляксандра Канюка паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку біяграмы ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997 – 1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, заведзенай у 1988 годзе.
Трэба адзначыць, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 году пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.
Больш за 13 гадоў таму, 14 снежня 2001 году Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.