Сталкер: Лепш пайсці ў Чарнобыль, чым сядзець на канапе
Блогер Андрэй МШ тройчы наведваў Чарнобыльскую зону. Ён расказвае пра небяспекі, якія яго там чакалі, і многае іншае.
Ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі мінае 27 гадоў. Чарнобыльская зона адчужэння з'яўляецца мэтаю навукоўцаў, даследчыкаў, звычайных турыстаў, сталкераў.
Адзін з іх — вядомы расейскі блогер, сталкер, даследчык Чарнобыльскай зоны адчужэння Андрэй МШ (гэта нік сталкера ў сеціве). У ЧЗА ён быў тройчы. Свае паходы блогер дакладна дакументуе на відэа і размяшчае на сваім канале ў YouTube.
Што сёння сабой уяўляе ЧЗА, які там узровень радыяцыі, якія пагрозы на сваім шляху можа сустрэць сталкер? Мы звязаліся з МШ па тэлефоне і папрасілі расказаць пра свой досвед наведвання Чарнобыльскай зоны.
— Калі прасачыць гісторыю відэаролікаў сталкераў, якія былі ў ЧЗА, то можна заўважыць, што яны робяць гэта нелегальна. Атрымліваецца, што наведванне ЧЗА самастойна забаронена?
— Гэта нязгодна з законам. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У выпадку, калі пры затрыманні будзе знойдзена нешта радыеактыўнае, то гэта крымінальная адказнасць. Так рабіць нельга. Але калі паглядзець у інтэрнэце, то можна заўважыць, што ёсць мноства рапартаў аб такіх наведваннях ЧЗА. Таму пры адпаведнай падрыхтоўцы ўсё магчыма.
— Што сёння сабой уяўляе Чарнобыльская зона?
— У 10-кіламетровай зоне вядуцца працы. Ёсць больш забытыя месцы, ёсць менш закінутыя. У асноўным праца дзейных прадпрыемстваў накіраваная на будову саркафага. Туды ездзяць электрычкі, прыязджаюць працаўнікі. Туды ходзяць экскурсіі. Жыццё ёсць.
— А які Ваш досвед, калі казаць пра радыяцыю. Меркаванні на гэтую тэму моцна паміж сабой адрозніваюцца. Адныя пераконваюць, што там высокі і небяспечны ўзровень выпраменьвання, а іншыя кажуць, што там менш радыяцыі, чым у буйных еўрапейскіх сталіцах?
— Узровень радыяцыйнага заражэння неастаянны. Калі адбылася аварыя, ўзровень заражэння быў абумоўлены вятрамі і іншымі фактарамі. У 30-кіламетровай зоне ёсць чыстыя і не вельмі чыстыя месцы. Ёсць месцы, дзе можна браць ваду і не перажываць. Ёсць нават месцы, дзе можна збіраць грыбы і ягады.
30-кіламетровая зона выдзелена, паколькі ў ёй забруджаных месцаў значна больш. Але калі глядзець шырэй, то ў Гомельскай вобласці таксама шмат адчужаных тэрыторый, бо там высокі ўзровень заражэння стронцыем. Аднак яны не ўключаны ў ЧЗА. Усё ж трэба быць вельмі асцярожным з грыбамі ці ягадамі, бо рызыка сабраць заражанае высокая.
— Што б Вы адказалі асобам, якія абвінавацілі б Вас у безадказнасці, у тым, што Вы падвяргаеце сябе радыяцыйнай небяспецы? І пэўна мелі б часткова рацыю, паколькі Вы наведваеце вельмі небяспечныя месцы, напрыклад, падвал медсанчасткі ў Прыпяці, дзе дагэтуль на падлозе ляжыць вопратка першых ліквідатараў, а яе радыяцыйны фон зашкальвае?
— Калі ўзяць самую вялікую небяспеку, якая мяне чакае ў такіх паходах, гэта, канешне, павышаны радыяцыйны фон. Аднак, ён не паўсюль настолькі высокі. А калі нават і павышаны, то не аж так моцна. Умоўна кажучы, калі я знаходжуся ў Чарнобыльскай зоне тыдзень, то атрымлівае крыху большую дозу, чым падчас прыбывання ў іншых месцах. Таму ўсё не так страшна. Ёсць, праўда, асобныя месцы, дзе ўсё можа закончыцца дрэнна. Так, я наведваў падвал медсанчасткі, дзе можна лёгка атрымаць нешта ў сярэдзіну, удыхнуўшы нешта надзвычай шкоднае. Унутраная заражэнне — гэта, безумоўна, дрэнна. Таму трэба быць падрыхтаваным і ведаць, дзе цябе можа чакаць небяспека. Тады значна прасцей.
Ёсць яшчэ дзве небяспекі. Гэта канструкцыя будынка, якая развальваецца. На цябе ў любы момант можа нешта ўпасці. Трэцяе — гэта дзікія жывёлы. Іх шмат. І невядома, як яны сябе будуць паводзіць.
Трэба разумець рызыку. Мне сядзець на канапе ці займацца нейкімі іншымі справамі значна нецікавей, чым пайсці ў паход, якія насычаны прыгодамі. Акрамя таго, гэта лепш для здароўя, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Мы ідзем па 30 кіламетраў туды-назад, едзем столькі ж на роварах. Гэта больш дадае здароўя, чым сядзенне перад тэлевізарам.
— Вернемся да падвалу медсанчасткі. На ногі Вы апранулі звычайныя пакеты, на твары маска. І ўсё. Што было з Вашай вопраткай, ці Вы яе выкінулі, знішчылі?
— З вопраткай было ўсё нармальна. Мне было цікава, і я яе праверыў. Я хадзіў там вельмі акуратна, не падымаў пылу. Самае небяспечнае, што там магло здарыцца, — гэта калі б на маіх падэшвах засталіся якія-небудзь часціцы. Маёй задачай было не насіць за сабой гэты пыл, зрабіць усё магчымае, каб ён не трапіў мне ў лёгкія. Аднак гэта складанае пытанне, паколькі памер пылу там ад некалькіх атамаў да асягальных часціц. Пэўна, у лёгкія нешта і папала, але я потым хадзіў і правяраўся на спецыяльнай апаратуры ў Пецярбурзе. Усё было нармальна. Тая мінімальная падрыхтоўка, якую я зрабіў, мне дапамагла.
Далей усё залежыць ад узроўню радыяфобіі ці радыяэйфарыі. Я ведаю людзей, якія хадзілі туды ўвогуле без нічога. І ведаю тых, хто хадзіў у поўнай амуніцыі, хімкасцюме і працівагазе. Трэба разумець, дзе праходзіць мяжа дурноты.
— І апошняе, адкуль у Вас з'явілася такое зацікаўленне ЧЗА?
— Мне заўсёды было цікава куды-небудзь ездзіць, а не сядзець у адным месцы. Аднак Чарнобыль мяне асабліва не цікавіў. Але паехаўшы туды на легальную экскурсію, я зразумеў маштаб трагедыі. Я атрымаў пэўную інфармацыю. Але некалькі гадзін для такой вялікай тэрыторыі, для такой колькасці інфармацыі — гэта ні аб чым. Экскурсія праходзіла ў вельмі хуткім тэмпе, галопам па Еўропам. Таму з'явілася жаданне пайсці туды самастойна. Захацелася больш пранікнуцца, паглядзець, дзесьці звычайна памаўчаць. Потым, калі я пачаў вывучаць праблему больш глыбока, чытаць кнігі, то пачаў разумець маштаб трагедыі. Якую колькасць людзей яна закранула. Якія сродкі, тэхнічныя, матэрыяльныя і інтэлектуальныя, туды ўкладваліся. Мне захацелася дзяліцца гэтым з маімі гледачамі. Што я і раблю на маім канале.
— Дзякуй за размову.
Нашым госцем быў вядомы расейскі блогер, сталкер — Андрэй МШ. Калі нехта зацікаўлены відэа, якія робіць МШ, то іх можна знайсці на канале URBANTURIZM на You Tube.