Статыстыка, якую не паказваюць. За два гады ў Беларусі зніклі 15 бальніц і 23 станцыі хуткай дапамогі

Гаворачы пра сістэму аховы здароўя, прапаганда запэўнівае нас, што колькасць дактароў на душу насельніцтва расце, колькасць медустаноў таксама. Чаму ж «пераменаў да лепшага» грамадзяне не адчуваюць. Разбіраецца тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_belarus_medycyna_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Для пачатку нагадаем: статыстыка ў беларускай медыцыне літаральна пайшла ў разнос з пачаткам пандэміі кавіду, калі Міністэрства аховы здароўя пачало бессаромна падтасоўваць звесткі. А потым, мабыць, не змагло спыніцца. Адна хлусня спараджае наступную, і ўсё гэта памнажаецца на чарговую хлусню. Як вынік — на выхадзе бачная ахінея, якая ніякім чынам не суадносіцца з рэальнасцю.

Што нам «малююць»? Адным з асноўных поінтаў «поспеху» з'яўляецца дынаміка колькасці асноўных арганізацый аховы здароўя ў Беларусі з 2020 па 2022 год. Калі казаць агульнымі лічбамі, карціна выглядае так. У 2020 годзе іх было 3102, у 2021-м — 3120 і, нарэшце, у 2022-м — 3371.

Мы назіраем відавочны рост колькасці, дык чаму не бачым росту якасці аказання паслуг, а наадварот — пагаршэнне? Усё проста, трэба паглядзець трохі глыбей, у асобныя падраздзелы, якія складаюць гэтую статыстыку.

Зазірнуўшы туды, мы ўбачым, што бурлівы рост можна заўважыць толькі ў такой катэгорыі як «амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі». А гэта: фельчарскія і фельчарска-акушэрскія пункты, здароўпункты, урачэбныя амбулаторыі, паліклінікі рознага тыпу, жаночыя кансультацыі, кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, частка дыспансераў.

Па вялікім рахунку, вы можаце пасадзіць двух студэнтаў медвну і аднаго лекара-пенсіянера ў асобна ўзятым кабінеце, абазваць гэта ФАП-ам — і вось вам «плюс адзін» да статыстыкі. Колькасць такіх арганізацый вырасла з 2353 да 2660. Адчувальны рост! Важна разумець, што гэтыя лічбы ўключаюць у сябе як паўнавартасныя паліклінікі, так і пункты збору аналізаў. І нешта нам падказвае, што рост адбыўся за кошт павелічэння колькасці апошніх.

А вось ва ўсіх астатніх катэгорыях мы бачым або захаванне, або падзенне. Прасцей за ўсё з бальніцамі хуткай дапамогі: у рэспубліцы іх як было ўсяго сем, так і засталося. Яны знаходзяцца ва ўсіх абласных цэнтрах, уключаючы сталіцу, асобнага гонару яшчэ варты слаўны горад Бабруйск. Гэта вельмі дарагія, жыццёва неабходныя структуры. Закрыццё любой з гэтых бальніц прывяло б да імгненнага медыцынскага калапсу ў рэгіёне, а адкрыццё легла б невыносным цяжарам на бюджэт. Таму чакаць нейкіх зменаў не варта было.

Глядзіце таксама

Затое ў краіне скарацілася колькасць станцый (аддзяленняў) хуткай медыцынскай дапамогі. Прычым гэта вельмі значнае скарачэнне: з 142 да 119. У адрозненні ад ФАПа, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі — гэта дарагая тэхналагічная структура, якая адказвае за аказанне экстранай дапамогі людзям на месцы і дастаўку іх пры неабходнасці ў бальніцу. Такіх станцый толькі за два гады ў краіне стала менш на 20%! А гэта значыць, што, калі вам тэрмінова спатрэбіцца хуткая медыцынская дапамога, маліцеся, каб менавіта ваш рэгіён не трапіў пад «скарачэнне» або «аптымізацыю».

І, нарэшце, што адбылося са звычайнымі бальніцамі? А іх стала ўсяго за два гады на 15 менш — колькасць скарацілася з 600 да 585. І гэта — вельмі вялікае прасяданне. Таму што кожная бальніца — гэта шмат дарагога абсталявання, дзясяткі, а то і сотні высокакваліфікаваных спецыялістаў (у тым ліку і вельмі дэфіцытных — вузкаспецыялізаваных), дзясяткі тысяч пацыентаў, якія праходзілі праз іх на працягу года. Куды пайшлі ўсе гэтыя людзі? Правільна — у паліклінікі і іншыя бальніцы, якія і так былі перагружаныя.

Інфармацыя для роздумаў: у «ліхім» 1990 годзе ў Беларусі працавала 874 бальніцы. Гэта значыць, на 289 больш, чым цяпер!

У выніку мы маем прыгожую карцінку, а па факце — значнае прасяданне ў сістэме, якое пачынае нагадваць доўгатэрміновую сумную тэндэнцыю. І калі яна працягнецца, то ўжо ў бліжэйшыя гады паперкамі з графікамі праблему прыкрыць не атрымаецца. Дый і прыгожай статыстыкай лячыць людзей не атрымаецца таксама.

Глядзіце таксама