Суд па справе анархістаў пачнецца 15 лістапада

Ініцыятыва па падтрымцы палітзняволеных dissidentby паведамляе, што 15 лістапада ў Мінскім абласным судзе пачнуць разглядаць справу «анархістаў-партызанаў» Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Разановіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Дубоўскага.

254659738_1556800011338254_8749531719743745825_n.jpg

Яны былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта здарылася неўзабаве пасля леташніх падпалаў аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і міліцэйскага пастарунку ў Мазыры.
Паводле Валянціны Аліневіч, справа «анархістаў-партызанаў», у якой праходзіць падазраваным таксама яе сын Ігар, у кастрычніку была перададзеная ў суд, піша Радыё Свабода.
Сцвярджаючы, што расследаванне справы «анархістаў-партызанаў» завершанае, маці Ігара Аліневіча спасылаецца на звесткі з Генеральнай пракуратуры і з Мінскага абласнога суда.
Ігара Аліневіча вінавацяць у некалькіх тэрарыстычных актах у складзе групы, а таксама ў незаконных дзеяннях з небяспечнымі і гаручымі рэчывамі. Аліневічу пагражае да 20 гадоў зняволення. Валянціна Аліневіч кажа, што не ведае дакладнага стаўлення яе сына да абвінавачання, але ведае агульную пазіцыю, якая палягае ў тым, што народ мае права на паўстанне супраць дыктатуры.
Беларускія праваабаронцы пакуль не прызналі анархіста Ігара Аліневіча палітычным зняволеным. У «Вясне» кажуць, што для вырашэння гэтага пытання патрэбна назіранне за судовым працэсам.

«Рыхтуе апошняе слова»

Паводле сястры Дзмітрыя Дубоўскага Юліі, яе брат паведаміў у лісце, што рыхтуецца да судовага працэсу і ўжо абдумвае тое, што скажа ў апошнім слове.
«Думаю, што дадуць брату гадоў 15, але ён спакойны, ніякай разгубленасці не дэманструе», — расказала Юлія пра стаўленне брата да абвінавачання.
Паводле сястры Дзмітрыя Дубоўскага, яго вінавацяць паводле тых жа артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што і Ігара Аліневіча: тэрарызм, незаконныя дзеянні з небяспечнымі і гаручымі рэчывамі. Плюс Юлія не выключае абвінавачання ў незаконным пераходзе мяжы, але дадае, што дакладных звестак у яе няма.

Па звестках сястры Дубоўскага, усім фігурантам справы «анархістаў-партызанаў» таксама збіраюцца выставіць па 4-5 пазоваў за нанесеную маральную шкоду.


«Прыйдзе час перамогі праўды і справядлівасці»

Тым часам фігуранта справы «анархістаў-партызанаў», актывіста з Гомеля Сяргея Раманава ўжо асудзілі на год зняволення за парушэнне адбыцьця прэвентыўнага нагляду пасля адбыцця ранейшага пакарання. Дзеля гэтага Сяргея Раманава адвезлі з «Амерыканкі» ў СІЗА Гомеля і судзілі там за зачыненымі дзвярыма. Паводле гомельскіх праваабаронцаў, Сяргей расказаў, як год таму міліцыянты падманам завабілі яго ў кавярню, дзе прадаваўся алкаголь, каб потым абвінаваціць у парушэнні правілаў, прадугледжаных наглядам. Вось вытрымка з апошняга слова, з якім Сяргей Раманаў выступіў на судзе:
«У дзяржаве насамрэч няма правоў чалавека, затое карным органам дадзена права без наступстваў для сябе фальшаваць справы, біць і нават забіваць грамадзянаў. Бо ўзурпатар сказаў, што „часам можа быць не да законаў“. Гэтая фашыстоўская практыка існавала ў Беларусі не адно дзесяцігоддзе, але яе час набліжаецца да канца. Надыдзе час перамогі свабоды, права і справядлівасці, і гэты працэс ужо не спыніць», — казаў Сяргей Раманаў на судзе ў Гомелі.
Першы раз Сяргей Раманаў быў затрыманы ў 2014 годзе з пакетам з небясьпечным рэчывам і асуджаны паводле артыкула 295.3 КК («Незаконныя дзеянні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») на 5 гадоў зняволення.
Пасля выхаду з калоніі ў ліпені 2019 года актывіст знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам. У 2020 годзе Сяргей Раманаў казаў журналістам, што, на яго думку, улады «рыхтуюць яму новую адседку», таму незаконна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Актывіста затрымалі летась у кастрычніку каля беларуска-ўкраінскай мяжы разам з Ігарам Аліневічам, Дзмітрыем Дубоўскім і Дзмітрыем Разановічам. МУС паведаміў, што ў іх знайшлі дзве адзінкі агнястрэльнай зброі з боепрыпасамі, баявую гранату, траўматычны пісталет, вайсковы рыштунак і сродкі сувязі.
Сваякі фігурантаў справы «анархістаў-партызанаў» не ведаюць, ці збіраюцца прывезці Сяргея Раманава з Гомеля зноў у Мінск на судовы працэс.
Тыя, хто лістуюцца з Дзмітрыем Разановічам, адзначаюць, што «сябра ў добрым настроі, не падае духам і не страчвае гумару» ды нагадваюць, што 12 лістапада ў Дзмітрыя будзе дзень народзінаў.