За абразу міліцыянтаў асудзілі віцебскага цесляра. Такіх спраў больш як паўсотні за адзін допіс
У Першамайскім судзе Віцебска асудзілі цесляра за абразу міліцыянтаў. Гэта завяршэнне адной з больш як паўсотні заведзеных спраў за каментары пад допісам Вольгі Карач, піша «Радыё Свабода».
41-гадовага Аляксандра Сафонава прызналі вінаватым у абразе бабруйскага міліцыянта Андрэя Комара і ганцавіцкага Ігара Вольніча. Абодвух ён абразіў у «Аднакласніках» пад допісамі Вольгі Карач.
Сафонаў адмовіўся ад адваката. Ён сказаў, што яго клопату патрабуюць маці-пенсіянерка і сын і прасіў не абмяжоўваць яго свабоду. Але суддзя Алена Жук пакарала яго двума з паловай гадамі «хіміі», паведаміла «Віцебская Вясна».
Абражаныя міліцыянты на суд не з'явіліся. І не дзіва, бо паводле праваабаронцаў, толькі за абразу даішніка з Ганцавіч Ігара Вольніча завялі больш за 50 крымінальных спраў па ўсёй краіне.
Вось некаторыя прысуды за абразу Вольніча:
Аляксандра Андрасюка ў Мінску асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі»,Андрэя Андрэева ў Жлобіне — на паўтара года «хіміі»,Эдуарда Бараздзіна ў Любані — на 1 год «хатняй хіміі»,Арцёма Барашку ў Жлобіне — на 3 гады «хатняй хіміі»,Дзмітрыя Бурдэнку ў Лепелі — на 1,5 года «хатняй хіміі»,Аляксандра Васейкіна ў Віцебску — на 2,5 гады «хатняй хіміі»,Аляксандра Вярэніча ў Пінску — на 2 гады «хіміі»,Аляксандра Гладкіх у Рэчыцы — на 2 гады «хіміі»,Сяргея Захаранку ў Гомелі — на 2 гады «хіміі»,Мікалая Лёгкага ў Жлобіне — на 2 гады «хіміі»,Сяргея Машніцкага з Лоева — на 1,5 года «хатняй хіміі»,Аляксандра Міхайлюка ў Пінску — на 1,5 года «хатняй хіміі»,Віталя Сайко ў Рэчыцы — на 1,5 года «хіміі»,Валерыя Сенечку ў Рэчыцы — на 2 гады «хатняй хіміі»,Сяргея Чарнавокага ў Лунінцы — на 2 гады «хатняй хіміі»,Аляксандра Шматава ў Віцебску — на 2 гады «хіміі».
За абразу Андрэя Комара на два гады «хатняй хіміі» раней асудзілі:
Алесю Бахун у Гомелі,Дзмітрыя Бубенчыка ў Баранавічах,Аляксандра Мельнікава ў Мінску.
Абодва «абражаныя» сілавікі таксама атрымліваюць маральныя кампенсацыі па 1000–1500 рублёў за раз.