Гродна. Судзяць яшчэ аднаго ўдзельніка Маршу адзінства
У Гродне судзяць паводле крымінальнай справы чарговага ўдзельніка Маршу адзінства. Сяргей Ключанскі «натхняў сваімі паводзінамі іншых», «парушаў умовы адпачынку і побыту грамадзян».

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна распачаўся разгляд крымінальнай справы аб грубым парушэнні грамадскага парадку ў дачыненні да 48-гадовага Сяргея Ключанскага, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле абвінавачвання, летась 6 верасня ад 14-й да 17-й гадзіны Сяргей «прыбыў у цэнтральную частку горада, натхняў сваімі паводзінамі іншых удзельнікаў на правядзенне мітынгу, перашкаджаў руху транспарту, замахваўся на грамадскі спакой, парушаў умовы адпачынку і побыту грамадзян».
Гэтыя яго дзеянні прычынілі шкоду аўтобуснаму парку і тралейбуснаму ўпраўленню на агульную суму 71 рубель 69 капеек.