Суд над Статкевічам, Ціханоўскім, Лосікам адкладзены на два тыдні

Закрыты працэс над групай палітвязняў трывае ўжо пяты месяц.

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў


Пра тое, што ў судзе абвешчаны перапынак, паведаміла ў сваім фэйсбуку жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, піша «Радыё Свабода». Яна адзначыла, што па-ранейшаму адсутнічае афіцыйная інфармацыя з закрытай залі.

Пасля спрэчак бакоў, якія пройдуць праз паўмесяца, будзе абвешчаны прысуд. Раней меркавалася, што прысуд вынесуць 10 лістапада. Перад гэтым датай магчымага вынясення выраку называўся канец кастрычніка.

Раней жонка Міколы Статкевіча адзначала, што яе муж не мае за кратамі крыніц інфармацыі, нават афіцыйных. Да яго не даходзяць газеты, у камеры адсутнічаюць радыё і тэлевізар.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым ідзе ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы з 24 чэрвеня. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не вядома.

Усім шасцярым фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўлення волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальванне сацыяльнай варожасці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэкса. Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА.