За ўдзел у леташніх пратэстах мужчыну далі тры гады «хатняй хіміі»
Праз падзеі, якія адбыліся ў мінулым годзе падчас пратэстаў, у дачыненні да 33-гадовага слесара Андрэя Юніка з вёскі Вялікае Сціклева распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Матэрыялы справы разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска: мужчыну прызналі вінаватым і далі яму тры гады «хатняй хіміі». Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле матэрыялаў абвінавачання, 6 верасня 2020 года з 13.00 да 20.00 Андрэй Юнік знаходзіўся на праспектах Незалежнасці і Машэрава, а таксама на вуліцы Леніна, выходзіў на праезную частку. Разам з групай асоб мужчына прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і накіраваныя на працяглае парушэнне спакою грамадзян: публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі. Ён неаднаразова адмаўляўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. Наўмысна перашкаджаў руху аўтамабіляў, што пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца — пракурор Генеральнай пракуратуры Ганчар.
Віну ў зробленым Юнік прызнаў, свае дзеянні ўсвядоміў і раскайваецца на пасяджэнні ён расказаў, што падчас пратэсту выгукнуў пару разоў «Жыве Беларусь», рукамі не пляскаў.
3 лістапада Юніка прызналі вінаватым і пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады. Менавіта столькі і запытаў для мужчыны пракурор.