Суд падтрымаў рашэнне Першамайскага РУУС аб высылцы з Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай

Суд Першамайскага раёна Мінска адмовіў праваабаронцы Алене Танкачовай у задавальненні скаргі на рашэнне раённага ўпраўлення ўнутраных спраў аб высылцы яе з Беларусі. Такое рашэнне агучыла 13 студзеня суддзя Наталля Петух. 



tonkacheva_elena_001.jpg

Паводле слоў Петух, судом устаноўлена, што Танкачова не менш як пяць разоў на працягу года прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху — у прыватнасці за перавышэнне хуткасці, прычым адпаведныя пастановы ёю не былі абскарджаныя. Пастанова аб высылцы, прынятая Першамайскім РУУС, была абгрунтаваная інтарэсамі грамадскага парадку, аховай здароўя і правоў грамадзян, заявіла суддзя.
Петух таксама заўважыла, што аўтамабіль з'яўляецца крыніцай павышанай небяспекі, і перавышэнне хуткасці руху можа пацягнуць прычыненне ўрону здароўю і жыццю грамадзян.

Алена Танкачова не стала заслухваць рашэнне суда. Яна пакінула залу раней, заявіўшы, што і так ведае: у скарзе ёй будзе адмоўлена.

Рашэнне суда можа быць абскарджанае на працягу 10 дзён у судовай калегіі Мінгарсуда.

Нагадаем, 5 лістапада мінулага года УУС Першамайскага раёна прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну найбліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай.

Праваабаронца гэтае рашэнне абскардзіла. Працэс абскарджання прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы — па месяцу на абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый. 12 снежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненні скаргі ў першай інстанцыі — ГУУС Мінгарвыканкама.


Грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыве ў Беларусі прыкладна 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і Цэнтр прававой трансфармацыі, які яна ўзначальвае, аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека.


На папярэднім пасяджэнні, 12 студзеня, Танкачова папрасіла суд адмяніць рашэнне аб яе высылцы з краіны як прынятае на падставе ўяўных пагроз. Паводле слоў праваабаронцы, органы ўнутраных спраў зыходзяць з таго, што яна раней "кіравала сродкам павышанай небяспекі, парушыўшы правілы дарожнага руху, што магло прывесці да прычынення грамадзянам цялеснага пашкоджання або пацягнуць іх смерць". "Але я за ўсё жыццё ні разу не ўчыняла дзеянняў, якія пацягнулі б прычыненне ўрону здароўю грамадзян. Таму абгрунтаванне органаў унутраных спраў заснаванае на ўяўнай пагрозе, якую нельга лічыць дакладнай", — сказала Танкачова.

Акрамя таго, адзначыла Танкачова, у міліцыі няма дастатковых доказаў таго, што менавіта яна кіравала аўтамабілем, калі камеры зафіксавалі перавышэнне хуткасці.

Праваабаронца таксама прасіла ўлічыць, што яе "сувязь з Рэспублікай Беларусь мае доўгачасовы і ўстойлівы характар" — тут у яе ёсць пастаянная праца і маёмасць, а яе дачка з'яўляецца грамадзянкай Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах Танкачова не мае ні працы, ні маёмасці, ні жылля.

Грамадскія актывісты сабралі сем тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.

БелаПАН