Сурвіла: «Без БНР не было б БССР і не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася з лістом з нагоды пачатку юбілейнага для Беларусі 1918 году, на які прыпадае 100-годздзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта піша Радыё Свабода.

642165ef_9ed7_4f03_bdb6_e7147ef9f628_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg

Старшыня Рады БНР згадвае, як летась Канада святкавала свае сто пяцідзясятыя ўгодкі: «І як прыемна было бачыць, што ня толькі ўлады, але і кожны горад, кожнае мястэчка, кожная вёска адзначалі гэты юбілей».
​Івонка Сурвіла звяртаецца з заклікам: «Давайце і мы, усе мы, у Беларусі і ў замежжы, адзначым наш Юбілей — сто гадоў адноўленага існавання нашай дзяржавы. Пачатак быў нялёгкі, ва ўмовах вайны на нашай зямлі між чужымі нам імпэрыямі, ва ўмовах дагавораў між імі, у якіх мы ня бралі ўдзелу. Але нашыя продкі ўсё ж здолелі абвясьціць сьвету, што беларускі народ жыве і жадае быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром свае зямлі». Старшыня Рады БНР, якая жыве ў Канадзе, адзначае, што «дзякуючы адвазе і вытрываласьці нашых продкаў, незалежнасьць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі ня здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губэрню. Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёньня не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь».
Івонка Сурвіла прапануе адзначыць падзеі 1918 году гэтак, як адзначаюць такія святы грамадзяне вольных краінаў — урачыстымі сустрэчамі, прысвечанымі БНР, канцэртамі, гутаркамі, імпрэзамі. «Забудземся ў гэты дзень на тое, што яшчэ не нармальна ў нашым краі, бо верым, што дачакаемся і мы тае вольнай, беларускай Беларусі, пра якую ўсе марым», — лічыць яна.
Што да асабістых праектаў, прысвечаных стагоддзю БНР, то старшыня Рады БНР прапануе, каб «нашыя мастакі арганізавалі ў 2018 годзе выставу, прысвечаную Беларускай Народнай Рэспубліцы, каб паэты выказалі сваю любоў да Бацькаўшчыны ў сваіх юбілейных вершах, каб пісьменнікі выдалі нарысы на тэму стагоддзя. І каб дзеткі ў школах папрасілі настаўнікаў расказаць ім пра падзеі ў Мінску стогадовай даўніны, пра значнасьць незалежнасці для кожнага народу, пра месца БНР у нашай гісторыі. Мяне вучылі пра ўсё гэта мае бацькі. Звяртаюся да нашай дыяспары — мо і вы перадалі б сваім дзеткам пачуццё гонару звацца беларусамі, якое перадалі нашыя бацькі майму брату і мне ў далёкім замежжы».