Свята для «сваіх»

Суб'ектыўныя нататкі пра святочны канцэрт да 100-годдзя БССР у Слуцку.

mova_011_logo.jpg


100-годдзе з дня абвяшчэння БССР у Слуцку прайшло амаль незаўважана. 11 студзеня каля 300 чалавек а пятнаццатай гадзіне сабраліся ў Палацы моладзі Слуцкага цукровага завода, каб адзначыць памятную дату савецкай эпохі. Святочны бясплатны канцэрт найлепшых творчых калектываў Случчыны магла б наведаць і большая колькасць гараджан. Але многія случчане нават не ведалі пра такую магчымасць. Бо святочнае мерапрыемства адбывалася пасярод працоўнага дня толькі для выбраных людзей, якія былі адмыслова запрошаны райвыканкамам. Да таго ж цукровы завод месціцца на ўскрайку горада, і да яго трэба яшчэ даехаць.
Пра таямнічае мерапрыемства карэспандэнт НЧ даведаўся выпадкова. Ні суседзі, ні знаёмыя на свята не былі запрошаны, у горадзе не было аб’яў. Падобны канцэрт без аніякай рэкламы меў месца на праваслаўныя Каляды 7 студзеня ў гарадскім доме культуры. Тады жадаючых яго наведаць было зашмат. 600 месцаў былі занятыя вельмі хутка, народ тоўпіўся каля ўваходу, аднак, па ініцыятыве святароў, дазволілі ўвайсці ўсім.
Каб «адсвяткаваць» 100-годдзе БССР, мне давялося стаць удзельніцай непрыёмнага дыялогу. Суровыя жанчыны кантралявалі парадак у зале і адразу ж пацікавіліся наяўнасцю запрашальнай карткі і назвай арганізацыі.
— Вы с какой организации?— Ні з якой. Сама па сабе.
— Вы кто?— Чалавек. Жанчына.
— Вы кем работаете?— Нікім. Пенсіянерка. Былая настаўніца.
— Здесь только для избранных. Для заслуженных. Будут чествовать заслуженных людей. Покажите Ваш пригласительный билет.— У мяне яго няма. Але я працавала настаўніцай у гады БССР. І нядрэнна працавала. Ды і канцэрт жа бясплатны. Значыць, уваход вольны.
— А кто сказал, что концерт бесплатный?— Вось я пра гэта і хачу даведацца ў людзей і напісаць пра свята ў газету.
Толькі пасля гэтага мяне пакінулі ў спакоі і нават пашукалі месца, якое не занялі «избранные» людзі. Амаль усе яны — цяперашнія і былыя кіраўнікі розных структурных падраздзяленняў горада і раёна. Старшыні сельвыканкамаў, начальнікі аддзелаў, дэпутаты рознага ўзроўню.

mova_001_logo.jpg


Нягледзячы на ідэалагічную савецкую атрыбутыку, ганаровыя граматы, канцэртная праграма мне спадабалася сваёй беларускасцю і высокім узроўнем выканання песенных і танцавальных нумароў. Шкада, што яго пабачыла і паслухала толькі невялікая частка случчан. І хор ветэранаў, і моладзевыя калектывы прыгожа і зладжана спявалі мілагучныя песні пра радзіму і каханне на роднай мове. З вуснаў добра падрыхтаваных беларускамоўных вядучых гучалі цудоўныя словы пра нашу краіну, звароты–пажаданні да людзей аб тым, каб яны не забывалі роднай мовы, пра нацыянальную годнасць і гісторыю, каб наша Беларусь жыла і квітнела.
Аднак уступны кароткаметражны фільм пра дасягненні БССР на расійскай мове, віншавальная расійскамоўная прамова кіраўніка Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага і спевы на расійскай мове маленькіх дзетак падвялі вынік усяму таму, што маем у Беларусі: беларуская мова гучыць толькі ў песнях на сцэне, а школьнае навучанне дзяцей і кіраванне краінай адбываецца на мове іншай дзяржавы. Як вядома, у выніку закрыцця сельскіх беларускамоўных школ у апошнія гады знішчаны нават кволыя здабыткі БССР у беларускамоўнай адукацыі.



Фота аўтаркі