«Вясковы святар пры пахаванні запатрабаваў 100 рублёў»

Смерць блізкага чалавека — заўсёды шок. Нават калі памерлы дажыў да салідных 80 гадоў. На плечы сваякоў звальваюцца клопаты, як годна правесці нябожчыка ў апошні шлях.

pahavanne.jpg


Некаторыя робяць гэтыя праводзіны з размахам, бо дазваляюць грошы. Але шмат для каго адыход роднага чалавека ў іншы свет — і фінансавы шок. Нягледзячы на фінансавую дапамогу дзяржавы, у бюджэтах многіх беларусаў пасля пахавання родзіча ўзнікаюць вялікія дзіркі.
— Дзяржава выдаткоўвае грошы толькі на неабходныя рытуальныя паслугі, непасрэдна звязаныя з пахаваннем чалавека, — гаворыць Марына Дамарад са Слуцкага раёна, якая нядаўна пахавала бацьку. — 
1000 рублёў — гэта немалыя грошы. Але ж апрача самога пахавання існуюць народныя традыцыі памінальных застолляў на працягу года. Пасля патрэбна ўсталяваць помнік, агароджу. Кошты на гэта даволі высокія.
Асабліва цяжка прыходзіцца тым людзям, якія жывуць на адну пенсію. Марына і яе маці атрымліваюць пенсіі па хваробе і ўзросту. Дзякуючы дапамозе сваякоў, яны годна спраўляюцца з сітуацыяй. Тым не менш, існуюць рэчы, якія Марына Анатольеўна не можа забыць і праз некалькі дзён пасля пахавання бацькі.
— Я ведала, што паслугі святара трэба аплачваць. Але мяне ўразіла, калі вясковы праваслаўны святар у адказ на маё пытанне пра кошт адпявання запатрабаваў 100 рублёў. Убачыўшы маё здзіўленне, знізіў да 80 рублёў. Прыйшлося заплаціць, але застаўся непрыемны асадак. Святар бачыў, што мы небагатыя людзі. Да таго ж у яго такі ціхі голас, што людзі амаль не пачулі малітвы.
Мы паглядзелі, колькі каштуюць паслугі святароў у розных цэрквах Слуцка. Высветлілася, што ў праваслаўных цэрквах цвёрдага тарыфу няма, але ў большасці сваёй кошт паслуг складае 80 рублёў. Касцёл такой цвёрдай таксы не мае, грошы прымаюцца ад людзей толькі ў выглядзе ахвяраванняў — хто колькі можа. Найбольш даступныя пахвальныя абрады ў пратэстанцкіх цэрквах.
— У нас наогул не існуе ніякіх ставак і нават ахвяраванняў пры пахаванні. Калі чалавек хоча нешта ахвяраваць, ён можа прыйсці ў нядзелю ў царкву, памаліцца і зрабіць сваё ахвяраванне, — гаворыць Максім, наведвальнік пратэстанцкай царквы «Сям’я божая».
Марына Дамарад распавяла пра яшчэ адзін непрыемны выпадак, які адбыўся пры забіранні нябожчыка з морга.
— Я аплаціла платную паслугу па бальзаміраванню і апрананню бацькі і дамовілася з загадчыкам морга пра дакладны час, калі мы забярэм цела адпаведна плану пахавання. Аднак замест таго, каб забраць апранутага бацьку ў дамоўлены час, прыйшлося чакаць больш за паўтары гадзіны. Сам начальнік морга адсутнічаў, а супрацоўніца заявіла, што працуе адна, павінна рабіць розныя аналізы, і мне прыйдзецца пачакаць. Я чакала доўга, але бацьку мне аддалі толькі пасля майго патрабавання кнігі скаргаў.
Зразумела, што план пахавання быў парушаны, чым былі незадаволены супрацоўнікі рытуальнай службы, бо яны яшчэ павінны былі выкапаць яму.
— Знаёмая, якой я распавяла пра замінку ў моргу, параіла мне даплаціць грошы супрацоўнікам, бо яны атрымліваюць «капейкі» за сваю непрыемную працу. Але ж я ўжо аплаціла 120 рублёў у бальнічную касу за такі рытуал, — дзівіцца Марына Анатольеўна.
Шмат клопатаў прынесла сям’і і памылка ў пашпарце нябожчыка. Чамусьці прозвішча беларуса Дамарада было напісана ў рускім і беларускім варыянце праз «о», у той час як прозвішчы жонкі і дачкі пішуцца праз «а». Грошы на пахаванне дзяржава выдала, нягледзячы на розніцу ў галосных літарах, а Пенсійны фонд адмовіўся выдаць апошнюю пенсію да ўдакладнення ўсіх папер.
— На жаль, я толькі цяпер зразумела, як важна своечасова правяраць усе дакументы і раю рабіць гэта ўсім іншым грамадзянам, — гаворыць жанчына.