Казкі на Раство

Краіна вяртаецца да працоўнага рытму, але яшчэ не раскачалася да якіх-небудзь вызначальных падзеяў. А таму ўсё, што адбылося на мінулым тыдні, звязанае з вонкавымі сітуацыямі.

5682ece4679be.jpeg


Маштабнай падзеяй, канешне, было атрыманне томаса Украінскай праваслаўнай царквой. Зараз яна з’яўляецца царквой самастойнай і аўтакефальнай. З гэтай нагоды выказаўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў інтэрв’ю напярэдадні Раства Хрыстова на СТБ.

Па яго словах, у Беларусі сёння няма імкнення да аўтакефаліі. «Гучаць часам некаторыя галасы: «А ці не папрасіць і нам у Беларусі?». Але вы ведаеце, цалкам адкрыта трэба сказаць: калі для Украіны гэта страшная трагедыя, спроба навязаць аўтакефалію, калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе смерць. Усё. Гэта асуджэнне Беларускай праваслаўнай царквы на знішчэнне. Дзякуй Богу, што сёння епіскапат Беларускай царквы і святары, і практычна ўсе вернікі пра гэта не думаюць», — сказаў Павел.

«Хіба нам дрэнна сёння? Дзякуй Богу, і кіраўнік дзяржавы, і ўрад сёння робяць усё магчымае, каб жылі людзі ў Беларусі ў міры і ў згодзе. Навошта падзел? Каму гэта трэба? Гэта важнае пытанне: каму гэта трэба? Таму, хто хоча падзелу, таму, хто хоча варожасці і нянавісці. Таму будзем спадзявацца, што гэтага ў Беларусі не адбудзецца», — дадаў чалавек, якога ў СМІ называюць кіраўніком БПЦ.

Усе гэтыя словы, выбачайце, — казка на Раство. Па-першае, не існуе ніякай «Беларускай праваслаўнай царквы». Афіцыйна гэтая структура называецца «Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы». А таму казаць пра «смерць БПЦ» у выніку аўтакефаліі не выпадае — не можа памерці тое, чаго няма.

Па-другое, цалкам незразумела, як можна «навязаць» аўтакефалію. Такога не бывае. Людзі — істоты даволі самастойныя. І яны проста не будуць хадзіць у тую царкву, якую ім «навязваюць» і якая ім не падабаецца.

Па-трэцяе, заява Паўла, што ў Беларусі няма імкнення да аўтакефаліі, супярэчыць яго ж словам пра тое, што тэма самакіравання Беларускай праваслаўнай царквы здымаецца на 25–50 гадоў (такую заяву ён зрабіў 19 студзеня 2015 года). А значыць, імкненне да самакіравання і аўтакефаліі ў беларусаў усё ж ёсць?

Панічную казачку нам расказаў расійскі «Газпром». Нібыта, кампанія запусціла марскі тэрмінал звадкаванага газу, які дазваляе пастаўляць газ у Калінінградскую вобласць без транзіту праз Беларусь.

«Увод у эксплуатацыю» рэгазіфікацыйнага тэрміналу звадкаванага прыроднага газу адбыўся 8 студзеня ў Калінінградзе. Тэрмінал пабудаваны ў акваторыі Балтыйскага мора і ўяўляе абаронены прычал, да якога швартуецца плывучая рэгазіфікацыйная ўстаноўка. Гэта першы падобны праект у расійскай энергетыцы.

Уладзімір Пуцін, які назіраў за пускам устаноўкі, заявіў, што дастаўка прыроднага газу на падобныя адлегласці трубаправодным транспартам з'яўляецца эканамічна больш мэтазгоднай. «Але для нас, для Калінінградскай вобласці ў прыватнасці, гэта, хутчэй за ўсё, рэзервовыя магутнасці, якія істотным чынам мінімізуюць, а, дакладней сказаць, зводзяць на нішто ўсе транзітныя рызыкі. Значэнне тэрміналу для энергабяспекі і ўмацавання энергетычнай базы рэгіёну цяжка пераацаніць, у першую чаргу ўлічваючы геаграфічнае становішча Калінінградскай вобласці», — сказаў ён.

Старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер паведаміў Пуціну, што сістэма паставак газу праз магістральны газаправод Мінск — Вільня — Каўнас — Калінінград цалкам адключаная, і газазабеспячэнне Калінінградскай вобласці цалкам ажыццяўляецца праз марскі тэрмінал.

Некаторыя аглядальнікі пачалі панікаваць: Расія ў чарговы раз пазбаўляе Беларусь грошай ад транзіту. Але насамрэч — гэта таксама казачка. Літоўскі бок, а дакладней, міністр энергетыкі Літвы Жыгімонт Вайчунас паведаміў, што цяпер не назіраецца ніякіх парушэнняў доўгатэрміновага дагавора аб транзіце. «У аператара літоўскай газаперадаючай сістэмы ёсць доўгатэрміновы дагавор пра транзіт у Калінінград, і ён да 2025 года. Гэта дамова па формуле «транспартуй або плаці», іншымі словамі, тыя аб’ёмы газу, пра якія дамоўлена да 2025 года, будуць яны транспартавацца ці не будуць, — за гэтыя аб’ёмы павінна быць заплачана. У фінансавым стаўленні і Літва, і аператар нашай перадаючай сістэмы да 2025 года абароненыя, таму што менавіта такі дагавор», — сказаў Вайчунас.

Канешне, вызнаў ён, было маментальнае скарачэнне транзіту — для таго, каб праверыць магутнасці калінінградскага тэрміналу і яго інфраструктуру. Але ні пра якія скасаванні дамоваў, і тым больш пра «цалкам адключэнне» транзітных патокаў на Калінінград, як пра тое казаў Мілер, размовы не ідзе.

Цікавую статыстыку выдала самае варожае да Беларусі расійскае ведамства — Рассельгаснагляд. Мы ўвесь год з ім «бадаліся» наконт забароны і адменаў забаронаў беларускай прадукцыі, якая ідзе ў Расію. А зараз ведамства, па выніках дзейнасці сваіх рэгіянальных упраўленняў за 11 месяцаў 2018 года, выдала: патрабаванням ЕАЭС не адпавядала 0,8% беларускай прадукцыі, якія адпраўляюцца ў Санкт-Пецярбург, Ленінградскую і Пскоўскую вобласці.

Менш за працэнт! Менш за працэнт беларускай прадукцыі быў няякасны! Хто-небудзь, у выніку, сумняваецца, што ўсе прэтэнзіі да нас Рассельгаснагляду матываваныя не якасцю прадукцыі, а эканамічна-лабісцкімі матывамі?

І напрыканцы — несуцяшальны прагноз ад Сусветнага банку. Гэтая структура прагназуе запаволенне тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% — у 2020–2021 гадах, паведамляецца ў студзеньскім аглядзе банка «Перспектывы сусветнай эканомікі. Азмрочаныя перспектывы».

«Для ўстойлівага павышэння ўзроўню жыцця неабходны эканамічныя, сацыяльныя і інстытуцыйныя пераўтварэнні, заснаваныя на ўзмацненні ролі прыватнага сектара, павышэнні эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і ўмацаванні сістэм сацыяльнай абароны», — заяўляюць эксперты Сусветнага банка.

У прынцыпе, гэта тое, пра што мы дзесяцігоддзямі кажам і без Сусветнага банку.