Трэці Рым — Масква ці Кіеў?
Украіна нарэшце атрымала томас — права на сваю аўтакефальную царкву, якую прызнае Канстанцінопаль. Вачыма сучаснага чалавека, выглядае ўсё гэта дзіўнавата: сабраліся дзядзькі з бародамі, нешта падпісалі… Хутчэй нагадвае рэаліі і перспектывы Копцкай ці Эфіопскай царквы, улічваючы, што жывем мы ў ХХІ стагоддзі, падчас палётаў на Марс і генетычных эксперыментаў.
Але калі глянуць на гэта праз перспектыву стагоддзяў — і будучых, і мінулых, — падзея эпахальная. Нароўні з увядзеннем бязвізу, рэформай войска, томас — гэта ўжо эпоха найноўшай гісторыі Украіны. Украіна змяніла сітуацыю, якая існуе з сярэдзіны XVII стагоддзя, — часу, які нам і ўявіць цяжка. Менавіта тады, за часамі Хмяльніцкага, калі Левабярэжная Украіна апынулася ў складзе Расіі, тут і запанаваў Маскоўскі патрыярхат.
Нам спрабуюць навязаць бачанне, маўляў, гэта «раскол» і «трагедыя» для Праваслаўнай царквы агулам. Зразумела, кажуць гэта апалагеты Масквы, дзе царква ўжо даўно пераўтварылася ў «міністэрства па справах рэлігіі» — накшталт таго, як Сінод пры Пятры І падпарадкоўваўся обер-пракурору і быў звычайнай чыноўніцкай структурай. Царква, зрэшты, гэта не толькі пра веру, але і пра ідэалогію. І аўтакефалія для Украіны — гэта старт рэанімацыі ідэалогіі Русі, якой доўгія гады карысталася адно Масква.
Якая гэта ідэалогія і што яна дае? Пры ўсіх «але», мы жывем у гістарычным канструкце, згодна з якім з’яўляемся нашчадкамі Русі — палітычнай, культурнай і эканамічнай сістэмы, што існавала 1000 гадоў таму. Адзіным бясспрэчным цэнтрам прыцягнення Русі заўжды вызнаваўся Кіеў. З часам Расія ўсю гэтую спадчыну прысабечыла: мову, веру, мінуўшчыну і гэтак далей. Гісторыя пераўтварылася ў ідэалагічную зброю. Хрэстаматыйны прыклад — адказ Кацярыны ІІ на папрокі ў падзеле Рэчы Паспалітай: маўляў, яна не ўзяла ані пядзі польскай зямлі — адно вярнула спадчыну Рурыкавічаў…
Зразумела, нацыянальныя і дэмакратычныя сілы ва Украіне пакуль гуляюць з іншымі трэндамі: этнічны нацыяналізм, еўраінтэграцыя, выбудоўванне сцяны з Расіяй. Агулам зараз гэта правільна. Але што з далейшай перспектывай? Канцэпцыю «шчыта Еўропы» калісьці ўжо выкарыстоўвала Рэч Паспалітая, але тое дрэнна скончылася. Ад чаго зараз Украіна мае прыкрываць ЕС? Ад краіны, якая забяспечвае Еўропу нафтай і газам, чые алігархі трымаюць у Швейцарыі ці Аўстрыі свае капіталы, валодаюць нерухомасцю, вучаць дзяцей, самі маючы, часцяком, англійскія пашпарты? Ці патрэбны такі «шчыт» Еўропе? Альбо гэта наўпрост даніна традыцыям і каштоўнасцям, ад якіх Брусель хоча, але пакуль не можа адмовіцца?
Калі паглядзець на наш рэгіён — колішнюю Русь і Літву — з пункту гледжання гістарычнай перспектывы, то мы ўбачым вельмі падобныя працэсы. Беларусь, Украіна, Расія, Літва, Латвія — будучы рознымі, усе мы сутыкаемся з вельмі падобнымі выклікамі. Гэта і дэмаграфічны крызіс, і алкагалізм (Літва, дарэчы, пару гадоў таму была на першым месцы ў свеце!), і масавая міграцыя… Усё гэта нагадвае павольнае спаўзанне ў нікуды.
Зразумела, што на фоне гэтых сапраўды сур’ёзных праблем рускія «панты» з не здольнымі ляцець ракетамі і перманентнымі вайсковымі канфліктамі выглядаюць вельмі недарэчна. Бо ўвесь наш рэгіён, па вялікім рахунку, стаіць перад перспектывай стаць «шэрай зонай», памежжам між Еўропай і Кітаем. Нездарма тыя ж кітайцы, якія не так даўно лічылі СССР сваім «старэйшым братам», зараз нават прыдомак «го» («дзяржава») больш не ўжываюць да Расіі, нібы дэманструючы, што для іх гэта — толькі тэрыторыя, прастора.
Авантуры Расіі, якія мы назіраем апошнімі гадамі, насамрэч — крызіс ідэалогіі. Зразумела, што любая імперская ідэалогія — гэта экспансія. Але экспансія магчымая, калі ёсць рэсурсы: чалавечыя, матэрыяльныя, інтэлектуальныя, вайсковыя, іншыя... Таму і сённяшнія рухі Крамля, хутчэй, нагадваюць банальную «белачку»: не налілі, таму псіхіка дае збоі…
Ад былой магутнасці і міжнародных уплываў у Расіі застаўся адно карагод дзіўных утварэнняў-саюзнікаў: Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе, ДНР/ЛНР. Яшчэ ёсць нейкія ўплывы ў Сярэдняй Азіі, якія Масква паступова губляе. Ёсць розныя Нікарагуа ды астравы ў цёплых акіянах, якія ці то вызнаюць, ці то не вызнаюць Абхазію з Асеціяй. Ну, і Беларусь. Пагадзіцеся, на фоне паваеннага СССР, на які арыентавалася ці не траціна краінаў свету, — сітуацыя фатальная.
Часцяком бывае, што гаворыш з рускім — ён адэкватны. Крытыкуе Пуціна, супраць агрэсіі на Данбасе, «Крым не наш» і гэтак далей. Але калі спытаеш пра выйсце — чалавек губляецца, наўпрост яго не бачыць. Чаму? Бо любая радыкальная палітычная змена — гэта пагроза распаду Расіі. А значыць — катастрофа. Не толькі эліты Расіі, але і ўвесь народ стаўся закладнікам памылак, як сучасных, так і даўнешых.
Расіяне зараз адкрыта кажуць: так, мы некалі ўзялі на ўзбраенне і карыстаемся дагэтуль «ардынскай ідэалогіяй» — ідэямі жорсткай улады, цэнтралізацыі і мабілізацыі. Каб не ўзялі, маўляў, ніколі б не сталі тымі, кім ёсць зараз: была б такая сабе краіна памерам з 5–7 Францыяй без ядзернай бомбы — і ўсё. Ноўгарад бы «анямечыўся», Украіна і Беларусь сышлі «пад Польшчу»...
Дзяржаўная ідэалогія Расіі заўжды трымалася на канцэпцыі знешняга ворага (Польшча, Францыя, Германія, ЗША). Чаго хоча знешні вораг? Падзяліць. Нават бальшавікі «белым» закідалі найперш не палітычныя праграмныя моманты, але супрацу з замежнікамі: Вялікабрытаніяй, Францыяй, Кітаем, Японіяй — зноў жа, з мэтай падзяліць Расію на сферы ўплыву.
Але вернемся да сучасных рэаліяў. Пасіянарны касцяк расійскага імперыялізму сёння — гэта, фактычна, бураты і чачэнцы. Нездарма Кадыраў стаў адным з сімвалаў сённяшняй крамлёўскай сістэмы, а «бурацкія шахцёры» — сумнай метафарай агрэсіі на Данбасе. Ці здольныя былі б этнічныя рускія на свае «крыжовыя паходы» без іх? Вялікае пытанне. Але і перспектыва тады ў Расіі не дужа вясёлая — пераўтварыцца ў «бурата-чачэнскую імперыю» ў шырокім полі ўплыву Кітая…
На фоне ўсяго гэтага Украіна выглядае даволі пазітыўна. Па колькасці — траціна насельніцтва Расіі. Калі казаць пра праваслаўнае насельніцтва — атрымаецца яшчэ большы працэнт. Дык чаму б Украіне не ўзяць на ўзбраенне ідэалогію Русі і Трэцяга Рыму, праваслаўнага цэнтру Усходняй Еўропы, якой дагэтуль карысталася адно Расія?
Лагічна спытаць: а навошта тое Украіне? Насамрэч — дзеля будучыні. Час ляціць хутка, але казаць, што Расія разваліцца зараз ці праз 10 гадоў — наіўна. Мы наўпрост гэтага не ведаем. Роўна як і пра перспектывы ЕС. Зараз Украіна адбіваецца, таму і карыстаецца абарончай ідэалогіяй, ідэяй шчыта. Ідэалогія Русі — гэта ідэалогія наступу, ідэя цэнтру, якая можа быць запатрабаваная ў перспектыве.
Зразумела адно: мы (беларусы, украінцы, рускія) нікуды адсюль не пойдзем, а значыць, будзе аб’ектыўная патрэба неяк жыць побач. Спаленага Крамля не будзе, а калі будзе, то добрым гэта нічым не скончыцца: у гісторыі падобныя выпадкі адно кансалідавалі рускіх і правакавалі на мабілізацыю і помсту. Таму ці не лепш рыхтаваць, прынамсі, ідэалагічную базу для згоды: не з сучасным Крамлём, але з рускімі як з народам. І тут акурат Украіна мае цудоўны шанец выбіць карты з рук апанентаў, заявіўшы на ўвесь свет: «Мы — цэнтр. Мы і ёсць рускія!»