Шрайбман: Наступныя перамены будуць прастымуляваныя зменамі наверсе, але пасля смерці Лукашэнкі
Палітычны аналітык разважае пра тое, хто можа стаць наступным драйверам пераменаў у Беларусі. На яго думку, гэта можа быць бізнес, бо якраз бізнес найменш падвергнуты ідэалагізацыі і абсурду, якія пануюць зараз у Беларусі, і больш імкнецца да рацыянальнасці.
— З майго пункту гледжання, бізнес можа стаць драйверам больш пазітыўнага курсу, і тут важны аргумент — рацыянальнасць, — адзначыў Арцём Шрайбман на канале Гадзінічак цікае. — Таму што далейшае знаходжанне ў саюзе з Расіяй за жалезнай заслонай — гэта пакрокавая адмова ад рацыянальнасці.
Гэта значыць больш ідэалагізацыі, больш прамывання мазгоў у школах, больш забаронаў, банаў таго ж ютуба, телеграм і наогул Інтэрнэту.
Гэта закрытыя межы, жалезная заслона, якая ў тым ліку апускае Еўропа. Гэта расійскі рынак як адзіны для цябе, на якім ты вымушаны спаборнічаць з тымі, з кім ты не можаш спаборнічаць — з кітайцамі, індусамі, з самімі расійцамі. І гэта не той рынак, які невычэрпны.
Па меры нарошчвання ўсяго гэтага абсурду і вычарпання магчымасцяў на расійскім рынку, асабліва пасля таго, як у нейкім выглядзе скончыцца вайна, расійскія даходы і бюджэтныя марнаванні ўпадуць, эканоміка перастане так развівацца, у бізнеса з'явіцца відавочны запыт проста на ўдых свежага паветра.
Бізнес захоча асвяжэння гэтай сістэмы, выхаду з гэтай сістэмы і з абсурду, якім напоўнены беларускі рэжым пры познім Лукашэнку.
Пры гэтым чарговыя перамены ў Беларусі, на думку, аналітыка, пачнуцца ў вярхах.
— У сілавікоў (у сістэме, якая склалася) будзе ўсё ў парадку, бюракратыя пераседзіць, а вось бізнес, на мой погляд, адзіны моцны суб'ект, які зможа сказаць: не, хлопцы, давайце рухацца ў бок нармальнасці.
А рух у бок нармальнасці і рацыянальнасці азначае зняцце бар'ераў, дыверсіфікацыю рынкаў і гэтак далей.
Каму ён гэта зможа сказаць? Будучай менш дыктатарскай улады. Мне здаецца, акенца для пераменаў знізу мы праехалі ў 2020 годзе.
Наступныя перамены будуць прастымуляваныя нейкімі зменамі наверсе. І ўжо яны адкрыюць поле для розных новых актараў.
Гэта значыць нешта зменіцца наверсе, клікне так, што ў гульню ўключацца новыя суб'екты накшталт бізнесу і іншых слаёў грамадства, якія змогуць заявіць свае патрабаванні на новае ўладкаванне краіны.
Але гэта, хутчэй за ўсё, будзе пасля Лукашэнкі, пасля яго смерці, — мяркуе Шрайбман.
Паводле Cалідарнасці