Што чытаюць і глядзяць беларусы пасля разгрому СМІ

Пра апошнія тэндэнцыі ў беларускай медыяпрасторы і пра тое, што чакае медыяполе Беларусі ў наступным годзе, на dw.com разважае Леся Руднік, даследчыца «Цэнтра новых ідэй».

mass_media_foto.jpg


Для рубрыкі DW «Беларусь. Перспектывы» Леся Руднік напісала каментар пра тое, што адбывалася з медыяпрасторай Беларусі ў 2021 годзе. 
За апошні год беларуская інфармацыйная прастора змянілася: стала больш кантраляванай, цензуруемай і проста беднай. Спачатку рэпрэсіі супраць асобных журналістаў, потым закрыццё найбуйнейшага ў краіне навінавага партала, затым — прызнанне іншых выданняў экстрэмісцкімі. Для незалежных рэдакцый, умовы працы якіх і раней былі далёка не спрыяльнымі, апошні год стаў годам эміграцый, крызісаў і рэальных турэмных тэрмінаў.

Два медыявакуумы

Рэпрэсаваўшы свабодную журналістыку, улады не проста выціснулі незалежныя выданні ў сацыяльныя сеткі, але і пазбавілі самі сябе доступу да якаснай інфармацыі.
Ва ўмовах, калі дзяржаўныя СМІ займаюцца толькі медыйнай падтрымкай улады, а яшчэ не закрытыя СМІ публікуюць артыкулы пра новыя рэстараны ў Мінску, замоўчваючы любыя «далікатныя тэмы», якасць журналістыкі імкліва падае. Медыйны вакуум, які стварае такая «дазволеная» журналістыка, ставіць пад пытанне карысць існуючай журналістыкі для грамадства, ды і для самога рэжыму.
«Недазволеная» ж журналістыка — гэта іншы вакуум. Немагчымасць атрымліваць каментары чыноўнікаў, прысутнічаць на прэс-канферэнцыях і дзяржаўных мерапрыемствах ускладняе адлюстраванне пазіцыі дзеючай улады ў незалежных СМІ. Незалежным медыя застаецца асвятляць пазіцыі тых, хто згодны з імі гаварыць.
Гэтыя два вакуумы ствараюць сур'ёзную праблему для спажыўцоў навін і адлюстроўваюць палярызацыю грамадства. З аднаго боку — лаяльная да ўлады аўдыторыя, якая яшчэ гатовая глядзець навіны на тэлебачанні ці чытаць дзяржаўныя газеты. З іншага — пратэсная і нейтральная аўдыторыя, якая спажывае навіны са звыклых ім выданняў, але ўжо ў сацсетках.
Па выніках даследавання Народнага апытання, пратэсная аўдыторыя чытае навіны альбо ў сацсетках (84%) і на навінавых сайтах (70%), альбо глядзіць іх на YouTube (75%). Але пры гэтым колькасць праглядаў беларускіх каналаў на YouTube зніжаецца — амаль у два разы за апошні год. У лістападзе 2021 года гэта 51 мільён праглядаў, у траўні 2021— 63,5 мільёны, тады як у верасні 2020 гэтая лічба была 104 мільёны.
Перасоўванне незалежных СМІ ў сацыяльныя сеткі і канкурэнцыя з блогерамі, каналамі, якія раней не з'яўляліся рэдакцыямі, актуалізуе запыт аўдыторыі на праверку інфармацыі. Вынікі даследавання Народнага апытання ўжо паказваюць на патрэбу ў фактчэкінгу. Так, 84% правяраюць іншыя крыніцы інфармацыі, а 35% разлічваюць на карцінку з месца падзей, каб пераканацца, што інфармацыя дакладная.

Паміж расійскай і кітайскай мадэллю

Хоць Лукашэнка абяцаў заняцца вывучэннем вопыту Кітая па ўрэгуляванні інфармацыйнага поля, мы яшчэ вельмі далёкія ад той развітой сістэмы кантролю над медыяпрасторай, якая ёсць у КНР.
Кітайскі інтранэт, альтэрнатыва ўсім папулярным сусветным месэнджарам і сістэма цэнзуры з адмысловымі аўдытарамі, якія правяраюць кантэнт праз 73 тысячы кодавых слоў, — гэта занадта дорага для ўжо і так эканамічна ўразлівай краіны, як у чалавечым, так і ў фінансавым плане.
«Расійская» мадэль медыярэгулявання для Беларусі будзе хутчэй лібералізацыяй. Так, законы аб замежных агентах накладаюць на незалежныя расійскія СМІ абавязацельствы публікаваць матэрыялы са шматрадковай рэмаркай аб тым, што «матэрыял выраблены замежным агентам...», але чытаць «Дождь» або «Медузу» ў Расіі ўсё яшчэ можна без VPN.
Калі беларускія законы аб экстрэмізме змянілі, было зразумела, што ўлады шукаюць танны і хуткі інструмент для нейтралізацыі незалежных медыя. Я ўжо казала пра тое, што пасля абнаўлення законаў аб экстрэмізме спісы экстрэмісцкіх выданняў сталі «нармальнасцю». Але, у адрозненне ад Расіі, ўлады ў Беларусі пайшлі далей — на масавыя арышты за каментары ў сацсетках і іншыя санкцыі супраць аўдыторыі незалежных выданняў. Расійская мадэль б'е па вытворцы кантэнту, а ў Беларусі ўдар прымаюць і яго спажыўцы.

Што чакае медыяполе Беларусі?

Рэсурсаў на «войска цэнзараў» і стварэнне альтэрнатыўных сацыяльных сетак у рэжыму няма, адаптацыя расійскай мадэлі будзе хутчэй крокам слабасці для рэжыму, таму рэжым працягне выкарыстоўваць чалавечы рэсурс для падаўлення любога альтэрнатыўнага кантэнту праз прызнанне выданняў, сайтаў, каналаў экстрэмісцкімі і рэпрэсіі супраць пакінутых журналістаў і індывідуальных карыстальнікаў.
Аўдыторыя, хутчэй за ўсё, працягне палярызавацца. Хоць частка нейтральнай аўдыторыі можа перайсці ў расійскае медыяполе, тым больш, што прапановы аб сумесным расійска-беларускім медыяхолдынгу ўжо гучалі. Але важна, што інструменты лічбавай бяспекі і гігіены, новыя спосабы абыходжання блакаванняў дазволяць беларусам у краіне атрымліваць доступ да незалежнай журналістыкі, таму што рэсурсаў на сістэмны кантроль над індывідуальнымі карыстальнікамі ў рэжыму няма.
У доўгатэрміновай перспектыве палярызацыя аўдыторыі разам з наступствамі палітычнага крызісу прывядзе да яшчэ большага недаверу беларусаў да тэлебачання, газет і радыё. Каб выправіць гэта, у новай Беларусі медыярэдакцыям і спецыялістам прыйдзецца прыкласці сур'ёзныя намаганні.