У Расіі ліквідавалі «Міжнародны Мемарыял»
У Расіі Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі "Міжнароднага Мемарыяла", піша "Медуза".
З хадайніцтвам аб ліквідацыі ў суд звярнулася Генеральная пракуратура. Ведамства патлумачыла свае дзеянні тым, што "Міжнародны Мемарыял" неаднаразова парушаў патрабаванні заканадаўства аб "замежных агентах".
На выніковым паседжанні прадстаўнік Генпракуратуры заявіў, што арганізацыя "стварае хлуслівы вобраз СССР як тэрарыстычнай дзяржавы, абяляе і рэабілітуе нацысцкіх злачынцаў".
Прадстаўнікі "Міжнароднага Мемарыяла" прэтэнзіі Генпракуратуры абвяргалі, падкрэсліваючы, што законных падстаў для ліквідацыі арганізацыі няма.
Старшыня праўлення "Міжнароднага Мемарыяла" Ян Рачынскі пасля вынясення рашэння падкрэсліў, што арганізацыя будзе абскарджваць яго і ў выпадку неабходнасці звернецца ў ЕСПЧ. Ён таксама адзначыў, што да разгляду апеляцыі ніякіх змен у працы не адбудзецца.
29 снежня Масгарсуд будзе разглядаць аналагічны пазоў маскоўскай пракуратуры аб ліквідацыі праваабарончага цэнтра "Мемарыял".
Міжнароднае гісторыка-асветніцкае, дабрачыннае і праваабарончае таварыства "Мемарыял" (скар. Міжнародны Мемарыял) — некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца даследаваннем палітычных рэпрэсій у СССР і сучаснай Расіі, садзейнічае маральнай і юрыдычнай рэабілітацыі асоб, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям.
У падтрымку "Мемарыяла" выступалі дзясяткі расійскіх і міжнародных арганізацый, палітыкаў, дзеячаў навукі і культуры. Сярод іх — лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, галоўны рэдактар "Новой газеты" Дзмітрый Муратаў і першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.