Барэль: Ялты-2 быць не можа. Еўрасаюз павінен быць удзельнікам перамоваў з Расіяй

Еўрасаюз павінен быць удзельнікам перамоваў з Расіяй. Архітэктура бяспекі ў Еўропе не можа быць сфармаваная без удзелу ЕС. Такое меркаванне выказаў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

p051345_871343.jpg


«Калі Масква хоча пагаварыць пра архітэктуру бяспекі ў Еўропе і гарантыі бяспекі, як было абвешчана, то гэта не толькі пытанне Амерыкі і Расіі. ЕС павінен прысутнічаць у гэтых перамовах; такія перамовы маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі яны праходзяць у цеснай каардынацыі з ЕС і пры яго ўдзеле», — цытуе Барэля REFORM.by са спасылкай на яго інтэрв'ю нямецкай газеце Welt.

Нагадаем, чакаецца, што перамовы ЗША і РФ у пытаннях бяспекі адбудуцца 10 студзеня. Раней Масква апублікавала сваё бачанне пагаднення, якое прадугледжвае непашырэнне NATO на Усход, а таксама адвод войскаў NATO з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У адказ кіраўнік Дзярждэпу ЗША Энтані Блінкен заявіў пра бачанне нармалізацыі з боку ЗША, і гэтае бачанне даволі прынцыповае. ЗША «на працягу многіх гадоў гранічна ясна заяўлялі, што ёсць некаторыя асноўныя прынцыпы, па якіх ніхто не будзе адступаць», адзначыў кіраўнік Дзярждэпу. «Ні адна краіна не мае права сілай мяняць межы іншай, ні адна краіна не мае права дыктаваць палітыку іншай або паказваць ёй, з кім падтрымліваць сувязі, ніякая краіна не можа ўсталёўваць сферы ўплыву. Гэта паняцце павінна адправіцца на звалку гісторыі. І гэтыя прынцыпы непарушныя», — сказаў Блінкен.

Барэль упэўнены, што ЗША і Расія і нават NATO і Расія не могуць дамаўляцца аб пытаннях бяспекі на кантыненце.

«Дзве дзяржавы, Амерыка і Расія ці NATO і Расія, не могуць проста дамовіцца пра гэта — нават калі Масква так сабе і ўяўляе. Мы не ў пасляваенным перыядзе. Ёсць некаторыя еўрапейскія краіны, якія не з'яўляюцца саюзнікамі па NATO. Ялты-2 быць не можа. А калі так, то гэта павінна быць Хельсінкі-2», — дадаў Барэль.

Ён падкрэсліў, што перамовы пра еўрапейскую бяспеку без удзелу Еўрасаюза з'яўляюцца абсурдам. Брусэль не прымае гэтага.

«Расія хоча весці перамовы па архітэктуры еўрапейскай бяспекі без удзелу Еўрапейскага Саюза — гэта абсурд. Мы не прымем гэтага. У дачыненні да нас нічога не вырашаецца без нашай прысутнасці», — сказаў ён.

Барэль таксама назваў непрымальным патрабаванне аб непашырэнні NATO. На яго думку, на перамовах павінна ісці гаворка пра ўсе парушэнні з моманту прыняцця Хельсінскага Заключнага акта ў 1975 годзе. ЕС выказвае нязгоду са знешняй палітыкай РФ, а таксама з некаторымі падзеямі, якія Масква лічыць унутранымі справамі, у прыватнасці, сітуацыяй з правамі чалавека.