Украіна не павінна ўвайсці ў NАТO: Расія выставіла ўмовы NАТO і ЗША наконт гарантый бяспекі

МЗС Расіі апублікаваў праекты дагавораў Расіі з ЗША і NАТO аб узаемных гарантыях бяспекі, піша «Медуза».

Фота Shutterstock

Фота Shutterstock

У пагадненні з NАТO, у прыватнасці, ёсць наступныя пункты:

NАТO абавязваецца выключыць далейшае пашырэнне і далучэнне да альянсу Украіны;

NАТO не будзе размяшчаць дадатковыя сілы і ўзбраенні па-за межамі краін, у якіх яны былі па стане на травень 1997 года, гэта значыць, да далучэння да Альянсу краін Усходняй Еўропы;

NАТO адмаўляецца ад вядзення любой ваеннай дзейнасці ва Украіне, ва Усходняй Еўропе, Закаўказзі, Цэнтральнай Азіі;

Расія і NАТO абавязваюцца не разгортваць ракеты сярэдняй і меншай дальнасці ў раёнах, адкуль яны могуць паражаць тэрыторыю адно аднаго;

бакі не будуць праводзіць ва ўзгодненай памежнай паласе вучэнні і іншыя ваенныя дзеянні колькасцю больш за брыгаду;

бакі не разглядаюць адно аднаго ў якасці праціўнікаў, не павінны ствараць пагроз, абавязваюцца мірна вырашаць усе спрэчкі і ўстрымлівацца ад прымянення сілы.


Праект пагаднення з ЗША змяшчае такія прапановы:

Расія і ЗША не выкарыстоўваюць тэрыторыю іншых краін для падрыхтоўкі або ажыццяўлення нападу адно на аднаго;

бакі абавязваюцца не разгортваць ракеты сярэдняй і меншай далёкасці за мяжой і ў раёнах, адкуль яны могуць патрапіць у цэлі на тэрыторыі іншага боку;

бакі ўстрымаюцца ад прысутнасці баявых караблёў і палётаў цяжкіх бамбавікоў у раёнах, адкуль яны могуць паражаць цэлі на тэрыторыі другога боку;

ЗША абавязваюцца не ствараць ваенныя базы ў постсавецкіх краінах, не выкарыстоўваць іх ваенную інфраструктуру і не развіваць ваеннае супрацоўніцтва з імі;

бакі абавязваюцца не разгортваць ядзерную зброю за мяжой, павінны вярнуць ужо разгорнутую, а таксама ліквідаваць інфраструктуру для разгортвання ядзернай зброі па-за сваёй тэрыторыяй;

бакі абавязваюцца не праводзіць ваенных вучэнняў з адпрацоўкай сцэнарыяў прымянення ядзернай зброі;

бакі абавязваюцца не падрыхтоўваць ваенныя няядзерныя краіны прымяняць ядзерную зброю;

ЗША абавязваюцца выключыць далейшае пашырэнне NАТO на ўсход і адмовіцца ад прыёму ў альянс постсавецкіх краін.


Перамовы пра гарантыі бяспекі ў Еўропе пачаліся на фоне нарошчвання расійскіх войскаў на ўсходняй мяжы Украіны. Крыніцы заходніх СМІ сцвярджаюць, што Расія рыхтуе ўварванне ва Украіну ў пачатку 2022 года. Крэмль у адказ заяўляў, што расійскія войскі не ўяўляюць ні для каго пагрозы, а толькі рэагуюць на правакацыі Кіева ў Данбасе.