У ЗША не выключаюць перакідання дадатковых сіл на ўсход Еўропы

«Калі хто-небудзь з нашых саюзнікаў па НАТА папросіць даць дадатковыя сілы або часовыя элементы, мы разгледзім гэтае пытанне», — адзначыў прадстаўнік Пентагона, піша dw.com.

Пентагон

Пентагон


ЗША не выключаюць перакідання дадатковых вайсковых сіл на ўсход Еўропы. Пра гэта заявіў на сустрэчы з журналістамі ў пятніцу, 17 снежня, афіцыйны прадстаўнік амерыканскага Міністэрства абароны Джон Кірбі, адказваючы на пытанне, ці плануецца рабіць нейкія заявы аб новых перасоўваннях войскаў NATO дзе-небудзь у свеце на фоне відавочнага жадання хаўруснікаў умацаваць усходнія рубяжы.
«Як сказаў саветнік (прэзідэнта ЗША. — Заўв. рэд.) па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, у выпадку ўварвання, яшчэ аднаго ўварвання (Расіі ва Украіну. — Заўв. рэд.), і калі хто-небудзь з нашых саюзнікаў па НАТА папросіць даць дадатковыя сілы або часовыя элементы, мы разгледзім гэтае пытанне, але ў дадзены момант няма ніякіх запытаў або перамяшчэнняў войскаў, пра якія я мог бы сёння сказаць», — растлумачыў Кірбі.
Ён падкрэсліў, што ЗША працягваюць назіраць за сітуацыяй у Расіі і Украіне, але дадаў, што не мае намеру ўдавацца ў падрабязнасці зводак спецслужб. «Мы не ўбачылі ніякіх істотных змен у размяшчэнні расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. Яны па-ранейшаму там у вялікіх колькасцях», — адзначыў прадстаўнік Пентагона.
Патрабаванні РФ аб гарантыях бяспекі
Раней у той жа дзень прадстаўніца Белага дома Джэн Псакі адзначыла, што ЗША абмяркоўваюць з еўрапейскімі партнёрамі пакет патрабаванняў Масквы, якія тычацца гарантый бяспекі Расіі. «Хачу адзначыць, што не будзе ніякіх перамоў аб еўрапейскай бяспецы без удзелу нашых еўрапейскіх саюзнікаў і партнёраў», — заявіла прэс-сакратарка Белага дома.
Адначасова Псакі выказала ўпэўненасць у тым, што ўдасца дамовіцца з Масквой. «Нам на працягу дзесяцігоддзяў удавалася весці перамовы з Расіяй па стратэгічных пытаннях, і я не бачу прычын, па якіх гэта будзе немагчыма надалей», — сказала яна.
Раней МЗС Расіі абнародаваў пакет патрабаванняў па гарантыях бяспекі для РФ. Сярод іншага, ён прадугледжвае адмову НАТА ад далейшага пашырэння на ўсход і прыёму ў свой склад Украіны, ад вядзення ваеннай дзейнасці на тэрыторыі краін Усходняй Еўропы, Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі, а таксама адмову ад размяшчэння ракет сярэдняй і малой далёкасці на пазіцыях, з якіх яны могуць закрануць тэрыторыю іншых удзельнікаў пагаднення.